Грамадства1515

«Дзеці сказалі, што я здрадзіла ім». Вывезеная палітзняволеная Алена Маўшук расказала пра сямейную драму

Экс-палітзняволеную Алену Маўшук вызвалілі 12 лютага пры пасярэдніцтве амерыканскіх дыпламатаў. Галоўнай умовай яе выхаду з калоніі быў ад'езд з Беларусі. Цяпер 48-гадовая беларуска знаходзіцца ў Вільні і аднаўляе здароўе. Яна ўжо паспела звязацца з роднымі і даведацца, як справы ў мужа, які працягвае адбываць 6,5 года ў калоніі. Алена расказала «Люстэрку», чаму дзеці лічаць яе здрадніцай, як калісьці даўно ўзяла на сябе віну былога мужа і што для вызвалення ёй давялося двойчы напісаць прашэнне аб памілаванні.

Былая палітзняволеная Алена Маўшук. Вільня, Літва, 17 лютага 2025 года. Фота: прадстаўніцтва АПК па сацыяльнай палітыцы

«Мае дзеці такога павароту не чакалі»

— У вас пяцёра дзяцей, двое з іх непаўналетнія. Як яны?

— Усё добра. Але я не магу кантакт з імі наладзіць пакуль што.

— Чаму?

— Таму што яны такога павароту не чакалі, спадзяваліся ўбачыць мяне дома. Дзеці сказалі, што я здрадніца. Здрадзіла ім.

— Гэта малодшыя?

— Старэйшая. Малодшая дачка Карына цяпер у сваёй сястры, маёй старэйшай дачкі. Я з ёй маю зносіны. Другая, 15-гадовая Ангеліна, у сваёй хроснай мамы, пляменніцы мужа маёй старэйшай сястры. І вось з ёй атрымаўся канфлікт.

Мы выйшлі на сувязь толькі ўчора (16 лютага. — Заўв. рэд.), не вельмі добра з ёй перапісваліся. Яна і чуць нават не хоча пра мяне. Я знервавалася, вядома. Але акрамя гэтага, з дзецьмі ўсё добра.

— Ці праўда, што падчас зняволення вас пазбавілі бацькоўскіх правоў? Як вы адрэагавалі на гэта?

— Мяне не пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Абмежавалі на час адбыцця тэрміну, але не пазбавілі. У мяне ёсць дакумент пра гэта. Мая старэйшая дачка ўзяла пад апеку сваю сястру. Дзяржава ёй дапамагала, плаціла грошы, якія лічыліся апякунскімі. А іх вылічвалі з нашых з мужам заробкаў у калоніі.

— Як ваш муж? Ці ведаеце нешта пра яго?

— Пра мужа я даведалася толькі ўчора, звязалася з ягоным бацькам. Ён адбываў тэрмін у Оршы ў ВК-12, але цяпер — у Горадні ў турме крытага тыпу. Не ведаю, чаму (яшчэ не ўдакладніла) яго перавялі ў Гродна. Але муж ужо ведаў пра маё вызваленне. Напісаў свайму бацьку, што з яго ўжо перасталі вылічваць апякунскія выплаты для малодшай дачкі, з гэтага ён зрабіў выснову, што я на волі.

«Узяла віну на сябе, так моцна яго любіла»

— Чаму вы трапілі ў калонію № 24 у Рэчыцы? Лічыцца, што гэта месца для небяспечных рэцыдывістак.

— Мяне туды накіравалі, бо раней я ўжо была судзімая, адбывала пакаранне ў Гомельскай калоніі № 4 на вуліцы Антошкіна. Але на момант апошняга суда я лічылася раней не судзімай. Судзімасць ужо дзесяць гадоў як была пагашаная. Але ўсё роўна атрымалася, што я ўжо не «першаход».

— За што вас судзілі ў першы раз?

— Гэта здарылася ў 2003 годзе праз майго былога мужа. Следчы камітэт аформіў усё так, што я ўзяла віну на сябе — моцна яго любіла. Гэта быў артыкул 147, частка 1 — цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пры выпіўцы атрымалася, што ён ударыў нажом жанчыну. І вось гэтую віну я ўзяла на сябе, тады атрымала пяць гадоў «хатняй хіміі». А калі б ён сам прызнаў віну, яму б далі дзесяць гадоў. Таму што раней ужо быў судзімы за тое, што ўдарыў мяне нажом у печань, адсядзеў чатыры гады ў калоніі. Калі ён вызваліўся, мы пачалі зноў жыць разам. Потым — дзеці, каханне…

— Як у вас потым адносіны склаліся?

— Узяла віну на сябе. А пасля суда, на якім мне далі пяць гадоў «хатняй хіміі», ён памахаў ручкай, сказаў: «Да пабачэння, я падаю на развод». Усё, так мы з ім і разышліся.

А ў калонію я трапіла па сваёй дурасці. Чатыры гады прабыла дома, на «хіміі». Мне трэба было ездзіць у міліцыю і адзначацца. Закруцілася, на руках былі дзеці, і тры разы не адзначылася. Праз гэта распачалі справу паводле арт. 415 КК (Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

— Колькі вы правялі ў калоніі?

— 2,5 года ў калоніі ў Гомелі. У гэты час апякункай дзяцей была мая мама. Тады я была пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Была верагоднасць (паколькі малодшай Ангеліне яшчэ не было трох гадоў), што мне дадуць адтэрміноўку прысуду. Але ім было прасцей пазбавіць мяне бацькоўскіх правоў. Мама прасіла пагадзіцца з гэтым. Баялася, што дзяржава забярэ дзяцей.

Калі я вярнулася з калоніі, адразу звярнулася ў органы апекі. Там растлумачылі, якія патрэбныя дакументы, колькі чакаць. Да гэтага я працавала ў дзявятай клінічнай бальніцы Мінска, мяне ўзялі туды назад.

Пазней у Інтэрнэце пазнаёмілася з Сяргеем, які стаў маім мужам. Ён дапамог сабраць дакументы, каб аднавіцца ў бацькоўскіх правах і забраць дзяцей. Старэйшая дачка ўжо была замужам, унучка нарадзілася, пакуль я сядзела. Сын ужо вучыўся ў вучылішчы, дачка Юля заканчвала дзевяць класаў, экзамены здавала. І яшчэ ў мяне была Ангеліна. На іх я і аднавіла бацькоўскія правы.

Жыццё склалася. Я зацяжарыла, а ў яго дзяцей не было, і ён мне сказаў, што будзем нараджаць. 9 лістапада 2015 года мы зарэгістравалі шлюб, а 21 лістапада я нарадзіла Карыну, сваю самую меншую. Потым мы паехалі ў Пінск, бо ў Мінску здымалі кватэру.

Алена Маўшук пасля вызвалення. Вільня, Літва, 12 лютага 2025 года. Фота: Франак Вячорка

«Здымалі на камеру, я павінна была казаць, што люблю прэзідэнта Лукашэнку»

— Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая таксама была ў калоніі № 24, расказвала пра дрэннае абыходжанне персаналу. Вы з гэтым сутыкаліся?

— З першых дзён у калоніі аператыўны работнік пачаў пагражаць, каб я напісала паперу аб поўным прызнанні віны. Казала яму, што прызнаю віну часткова, тлумачыла гэта на судзе і адмовілася гэта рабіць. Некалькі дзён правяла ў атрадзе, пасля чаго на мяне пасыпаліся парушэнні. Мяне здымалі на камеру, я павінна была казаць, што люблю прэзідэнта Лукашэнку, спяваць гімн.

— Хто гэта рабіў?

— Гэта быў аператыўны работнік Сяргей Бобрыкаў. Я адмаўлялася гэта рабіць — і стала трапляць у штрафны ізалятар. Аднойчы мяне адправілі туды за тое, што я дала канверт дзяўчынцы, якая на каленях пра гэта прасіла, хацела бабулю павіншаваць з днём нараджэння. Я ёй ціхенька перадала, але мяне заклалі, і я пайшла ў ШІЗА.

Ці нехта стаяў, у сметніцы капаўся, шукаў недакуркі. Як толькі я частавала цыгарэтай, мяне тут жа «хлопалі». Ну, што зрабіць? Дала цыгарэту — атрымала карцэр.

Такіх фармальных падстаў было шмат, і паступова з мяне зрабілі злосную парушальніцу.

Холад, бяспраўе і размовы з сабой. Што такое ШІЗА і як там выжываюць зняволеныя

— Адміністрацыя ставіліся да нас, палітычных, вельмі перадузята. Не так стала, не так паглядзела, гузік не зашпіліла, не паспела па форме апрануцца — за гэта яны нас хуценька афармлялі ў ШІЗА.

І прымушалі працаваць. Мы капалі кантрольна-следавую паласу — гэта такая частка агароджы, як на мяжы перад плотам. Спёка, пекла, а мы капаем. Наогул, не асуджаныя, а супрацоўнікі калоніі павінны выконваць такую працу. Але яны прымушалі нас.

— Што за спецыяльнасць у вас там была?

— Я працавала швачкай, у мяне чацвёрты разрад. Але тое, пра што я цяпер сказала, — гэта пазаўрочныя гаспадарчыя працы. На іх нас адпраўлялі пасля асноўнай змены, за гэта нічога не плацілі. Мы насілі ўсялякія цяжары — шафы, халадзільнікі, іншую мэблю. Часам перагружалі бульбу з аднаго палукашка ў іншы. Калі пачаўся рамонт у калоніі, перакладалі з месца на месца кучы пяску, падымалі ломамі асфальт на пляцы.

Калісьці прыязджаў міністр, і для работ прыганялі трактары. А калі ён ад'язджаў, з'язджалі і трактары — мы бралі ломы і ўздымалі асфальт. Гэта рабская праца, да якой нас прымушала адміністрацыя ВК-24.

— Колькі вам плацілі?

— За гаспадарчыя работы наогул не плацілі. Праца швачкай аплачвалася. Я атрымлівала каля 100 рублёў у месяц, з якіх вылічвалі больш за 60 рублёў на апякунскія выплаты для дачкі.

Былі месяцы, калі на рахунку ў мяне заставалася сем рублёў. На гэтыя грошы можна было купіць што-небудзь у турэмнай краме. Хапала на адзін-два пачкі цыгарэт. Калі з волі не прыходзілі грашовыя пераводы, то і атаварвацца не было за што.

— Як на момант вашага вызвалення сябе адчувалі іншыя палітвязні-жанчыны ў ВК-24?

— Я ўвесь час малюся за гэтых людзей. Алена Гнаўк знаходзілася ў ШІЗА, ёй далі 20 сутак. Са здароўем у яе вельмі дрэнна. Алену на шэсць месяцаў закрывалі ў памяшканні камернага тыпу.

Яшчэ з намі была Вольга Маёрава. Толькі я была ў пятым атрадзе, а яна ў шостым, але мы знаходзіліся ў адной «лакалцы» (лакальны ўчастак — частка жылой зоны ў калоніі, дзе знаходзяцца баракі зняволеных. — Заўв. рэд.). Вольга дамагалася прыёму ў начальніка медыцынскай часткі, са зрокам у яе вельмі дрэнна. Яна са слязьмі хадзіла і дамагалася, каб яе вывезлі ў горад да лекара. У выніку звазілі, але не вельмі ўсё добра. Яе таксама зрабілі злоснай парушальніцай.

У гэтай жа калоніі застаецца Вікторыя Кульша. Аднойчы я выйшла на свой лакальны ўчастак і ўбачыла машыну хуткай дапамогі — рэанімацыю. Іншыя асуджаныя мне сказалі, што гэта да Вікі прыехалі. З дворыка я бачыла, як яе вялі ў санчастку кантралёры. Віка стала вельмі худая, страшна было глядзець. Усе асуджаныя проста плакалі — да чаго яе давялі.

— Праваабаронцы паведамлялі, што з вамі дрэнна абыходзіліся з самага моманту затрымання, у ІЧУ вы былі босая і амаль без адзення.

— Нас з мужам затрымалі 10 жніўня 2020 года ў Пінску каля кавярні. Пасадзілі ў аўтазак і завезлі ў ізалятар. Там пачаліся катаванні. Муж ляжаў у кайданках на падлозе, ягоныя ногі былі звязаныя жгутамі.

Супрацоўніца пінскай міліцыі забрала мой тэлефон, там была фатаграфія сілавікоў у калоне са шчытамі. Яна пачала мне гэтую фатаграфію сунуць і пытацца, што гэта. Я адказала, проста фатаграфія, нічога такога ў ёй няма. Але супрацоўніца пачала мяне біць — схапіла за валасы і ўдарыла аб сцяну.

Я рассекла губу, пацякла кроў. Папрасіла якую-небудзь сурвэтку, таму што кроў капала на падлогу. Супрацоўніца, якая збівала, нічога не дала. Але выйшаў нейкі мужчына і даў звычайны аркуш паперы. Я крыху выцерлася, пасля гэтага мяне пачалі афармляць.

Супрацоўніца міліцыі сарвала з мяне шлапакі, бо яны былі ў крыві. Мяне басанож і ў адной летняй сукенцы закінулі ў камеру. Ноч я правяла адна, але мяне пакусалі насякомыя. Раніцай туды пачалі закідваць яшчэ дзяўчат, якія патлумачылі, што ў Пінску была аблава, усіх хапалі. Потым мяне выклікаў следчы, сказаў, трэба падпісаць паперу, што мяне адпраўляюць у СІЗА.

Увечары, калі ўжо было цёмна, нас загналі ў аўтазак і павезлі ў Баранавічы. Там адразу не хацелі прымаць, бо я была босая. Але прыйшоў нейкі начальнік і сказаў усіх адводзіць па камерах. Затым пачаліся допыты. Мяне сярод начы падымалі, паказвалі нейкія фатаграфіі, людзей на якіх я не ведала. Вярталі ў камеру, праз нейкі час зноў падымалі. Паказвалі на ноўтбуку відэа з мітынгу, але я таксама нікога не ведала. Часам прыязджаў пракурор, працягваў утрыманне пад вартай.

Потым я абвясціла галадоўку, трымала яе 11 дзён. За гэта мяне пасадзілі ў карцар. Аднойчы папрасіла, каб мяне вывелі на шпацыр. Ужо была зіма, ляжаў лёд. Я ўпала, вельмі моцна разбіла твар. Пасля гэтага прыйшоў аператыўны супрацоўнік і прымусіў напісаць тлумачэнне, што я ўпала ў душы і сама нанесла сабе цялесныя пашкоджанні. Але я адмовілася, сказала, што пад дыктоўку пісаць не буду. За гэта зноў трапіла ў штрафны ізалятар.

Суд быў ужо ў Брэсце. У першы дзень мне стала кепска. Не ведаю, што са мной адбывалася, але я ледзь не памерла. Наляцелі лекары, пачалі мяне калоць, кропельніцы рабіць. Я страціла прытомнасць, не памятаю, што адбывалася. І ўсё, потым ішлі пасяджэнні.

Мяне вывозілі рана раніцай. У СІЗА я вярталася позна ўвечары і клалася спаць галоднай — кармілі толькі раніцай. Потым нам прачыталі прысуд. Усе атрымалі свае тэрміны, і ўсіх перавялі ў калоніі. Я трапіла ў Зарэчча ў ВК-24.

— З'яўлялася інфармацыя, што ў ноч пасля выбараў вы ўдарылі палкай сілавікоў. Гэта так?

— Я кінула драўляную палку ў шчыты, але не ў супрацоўнікаў міліцыі.

— Пасля вынясення прысуду вы напісалі і паказалі зале запіску з фразай «Я павешуся». Чаму?

— Калі далі шэсць гадоў, я зразумела — гэта навечна. Страчаныя гады, страчанае жыццё. Я ўжо ведала, што такое калонія. Гэта «першаходы» не ў курсе, куды яны едуць. А я там ужо была раней. Таму быў у мяне намер — лепш пайсці на нябёсы, чым ехаць у гэтую калонію.

«Пракурор сказаў мне яшчэ раз напісаць хадайніцтва аб памілаванні»

— Колькі б вы яшчэ сядзелі, калі б не нечаканае вызваленне?

— З улікам тэрміну ў СІЗА заставалася крыху больш за год. Я б выйшла ў лютым 2026-га.

— У інтэрв'ю адразу пасля вызвалення вы казалі, што вас памілавалі, але з умовай выезду з Беларусі. Раскажыце пра гэта падрабязней.

— 11 лютага я адпрацавала ў першую змену і вярнулася ў атрад. Мы ўсе пайшлі на вячэру ў сталовую. Але мяне вярнулі, сказалі збіраць рэчы, а затым завялі ў кабінет да начальства. Там чакаў нейкі чалавек у касцюме. Я дала справаздачу па рапарце, як мае быць. Ён прадставіўся пракурорам, сказаў, што мы ўжо сустракаліся.

Успомніла, гэта было 23 ліпеня 2024 года, калі пісала прашэнне аб памілаванні. Спыталася, што здарылася, а ён заўсміхаўся і сказаў, што Лукашэнка мяне памілаваў. Але з выездам з краіны. Страціла дар мовы, расплакалася, спытала, што гэта значыць. Ён адказаў: «Трэба выехаць з краіны, і так вы будзеце вызваленыя». Потым яму нехта патэлефанаваў, пасля чаго пракурор сказаў яшчэ раз напісаць хадайніцтва аб памілаванні. Я спыталася, навошта, бо ўжо рабіла гэта. Мужчына адказаў, што так трэба. Маўляў, гэта хутка. Ён прадыктаваў тэкст.

— Тэкст прашэння адрозніваўся ад таго, што вы пісалі ў ліпені?

— Не, тое самае. Толькі тады я пісала на бланку, які мне далі. А гэтым разам — на звычайным аркушы.

— Першы раз быў бланк, у якім вы запоўнілі пустыя палі, а другое прашэнне напісалі ў вольным стылі?

— Так, гэтым разам пісала ў вольнай форме. Пракурор пайшоў, пажадаў мне шчаслівай дарогі ў новым жыцці. Мяне забраў намеснік начальніка калоніі. Стала радасна, вядома: свабода!

Мяне прывялі да рэчаў. Я пачала апранаць звычайную вопратку. Але прыйшоў дзяжурны і сказаў пераапранацца зноўку ў турэмныя рэчы. Я была гатовая ўжо хоць голай ехаць, толькі б на волю.

Потым прыйшлі кантралёры. Усе свае рэчы я змагла вынесці толькі за два разы. Аднесла іх да брамы, туды заехала чорная машына. Куды мяне збіраліся везці, не ведала.

— Гэта была легкавая машына або спецыяльная, для перавозкі зняволеных?

— Гэта быў джып. Я ад нечаканасці нават сказала кантралёру, што цяпер мяне ў лес вывезуць, расстраляюць і закапаюць. Яна пачала супакойваць: «Што ты такое кажаш? Усё будзе нармальна».

Потым адчыніліся вароты, там ужо стаяла ўся адміністрацыя. У мяне забралі рэчы, закінулі ў багажнік. Надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну — і мы паехалі з Рэчыцы.

— Толькі кайданкі, маскі на гэтым участку шляху не было?

— З Рэчыцы я ехала толькі ў кайданках. Спыталася, ці можна пакурыць. Канваіры сказалі, што трэба трохі ад'ехаць. Праз нейкі час мы спыніліся і пакурылі. Потым дацямна ехалі да горада. Па ліхтарах я зразумела, што гэта Мінск. Пад'ехалі да нейкага будынка, і я спыталася, ці не СІЗА на Валадарскага гэта. Мне адказалі, што «амерыканка» (верагодна, гаворка пра СІЗА КДБ. — Заўв. рэд.). Я яшчэ здзівілася, што за амерыканская турма ў нас такая ў Мінску.

На гэтым размова скончылася. Адчыніліся вароты, заехалі, мае торбы выгрузілі — і мяне закрылі ў адстойнік, у маленькую камеру. Там я знаходзілася ўсю ноч, чула толькі, што сілавікі корпаюцца ў маіх рэчах. Калі выводзілі ў туалет, бачыла, што ўсе рэчы былі зваленыя ў кучу.

Адзін раз мне прынеслі міску з ежай. Я не хацела есці, але ўзяла, бо баялася, што калі не вазьму, то расцэняць як аб'яўленне галадоўкі. Потым сказалі ісці мыцца. Паспрабавала адмовіцца, бо адчувала сябе дрэнна, я была на антыбіётыках. Але мне заявілі, што абавязаная.

Была вымушаная пагадзіцца. Думала, яны не бачаць, але яны глядзелі, як я распранаюся. Хутка зайшла пад душ, выцерлася і апранулася назад. Толькі тады яны мяне вывелі з душавой, вярнулі ў камеру. Гэта было, напэўна, ужо пасля абеду.

Як толькі я вярнула талеркі, зноў адчыніліся дзверы. За імі стаялі трое мужчын у чорным. Сказалі выходзіць. Я выйшла, яны на мяне надзелі кайданкі, потым — маску на твар. Узялі пад рукі і пачалі весці.

— Што гэта была за маска?

— Я не паспела разгледзець, яе вельмі хутка нацягнулі. Гэта было падобна на вялікую шапку або панчоху. З-за яе не разумела, куды мяне вядуць — нічога не бачу, адразу пацяклі слёзы. Потым адчула па нагах холад і ўлавіла, што выводзяць на вуліцу. Стала яшчэ больш страшна. Але я ішла ціха, як належыць. Сказалі падняць ногі, пасадзілі ў нейкае крэсла. Потым пачуўся гул машыны. Усю дарогу я чула толькі яго.

— Гэтыя людзі патлумачылі, куды вы накіроўваецеся?

— Не, я проста сядзела ў крэсле, а на твары — маска. Яны мне нічога не сказалі. Я ўжо здагадвалася, [што едзем на мяжу]. Яшчэ ў калоніі пракурор сказаў, што мне трэба пакінуць Рэспубліку Беларусь. Яшчэ ён удакладніў, што гэта будзе не Расія і не Польшча. Таму я прыкладна разумела, але ў мяне быў моцны шок.

Спачатку здалося, што гэта проста блеф нейкі. Я была ў калоніі, мяне прывезлі ў Мінск, надзелі на галаву гэтую панчоху. Здавалася, вязуць на забойства.

Потым мы кудысьці прыехалі, з мяне знялі маску. Не зразумела, дзе я, бо там было вельмі яркае святло. Далі ручку і сказалі падпісаць паперы. Потым зноў машына, на выхадзе ўжо знялі кайданкі. Там быў чалавек, які гаварыў не па-руску. Мяне пасадзілі ў машыну, прапанавалі ваду, спыталі, ці не замерзла я. Гэта быў прыемны шок, але я ўсё роўна не разумела, што адбываецца. Затым побач сеў мужчына, прадставіўся супрацоўнікам амбасады (Алена не ўдакладніла, якой менавіта. — Заўв. рэд.), сказаў не перажываць і што я на волі, пачаў супакойваць.

Мне ў рукі аддалі пашпарт. Сказаў, што цяпер мы паедзем пагрэцца, а потым мне трэба адкрыць візу, каб праехаць памежны пост. Толькі тады я нарэшце пачала разумець, што ўжо сапраўды на волі.

Алена Маўшук і прадстаўніца АПК па сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская. Вільня, Літва, 12 лютага 2025 года. Фота: Франак Вячорка

«Галоўнае, чаго цяпер хочацца, — забраць сваю дачку»

— Як вы сябе адчуваеце цяпер?

— Я трошкі пачала прыходзіць да прытомнасці. Разумею, што знаходжуся цяпер у чужым горадзе. Але гэта лепш, чым у турме. Я наведваю дактароў. За гэты час у мяне з'явіліся праблемы са здароўем. Зараз ідзе абследаванне. Зрабілі аналізы, прызначылі лячэнне, запісалі да вузкіх спецыялістаў.

— Наколькі я ведаю, пакуль вы былі ў калоніі, у вас нарадзілася ўнучка. Ужо змаглі пазнаёміцца?

— Калі прыехала сюды, маёй першай просьбай было звязацца з дзецьмі. Але размова прайшла ў нас не вельмі добра. Для дзяцей гэта быў шок, для мяне — таксама.

Нядаўна ў мяне ўжо з'явіўся свой тэлефон, я пачала з імі мець зносіны самастойна і больш актыўна. Спрабую паступова тлумачыць ім, што адбылося. Былі слёзы і смутак, што я з'ехала. Ну, як ёсць. Галоўнае, што я на волі.

— Вы ўжо можаце разгледзець сваю будучыню, будаваць планы, разумееце, чым будзеце займацца?

— Пакуль не. Вядома, маёй старэйшай дачцэ хочацца, каб я ёй трохі рукі вызваліла, забрала ад яе малодшую. І гэта ж галоўнае, чаго мне цяпер хочацца, — забраць сваю дачку, маю маленькую Карыну Маўшук. 

Каментары15

  • Вадя
    19.02.2025
    Драма. Можно и сломаться. Но у неё имеется мотивация быть сильной.
  • политзек
    19.02.2025
    Это как-раз дети предали её.
    Они потом вырастут и будут всю жизнь сожалеть об этом.
  • Барадзед
    19.02.2025
    Жиза. Пятеро детей.

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Я гатовы пакінуць сваю пасаду, калі гэта прынясе мір Украіне1

Зяленскі: Я гатовы пакінуць сваю пасаду, калі гэта прынясе мір Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала самы трагічны момант у зняволенні1

Мінская блогерка панюхала дзверы суседа і гэтым выратавала яго ад магчымай гібелі6

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыку, змяніўся начальнік1

ХАМАС вызваліў двух закладнікаў, а на працягу дня групоўка абяцае адправіць яшчэ чатырох1

EPAM назваў чысты прыбытак за год. Лічба ўражвае8

ЗША прыгразілі перакрыць Украіне доступ да Starlink11

У Жужы з'явіўся новы дом — новае ВІДЭА6

Загубіла жыццё праваслаўнага дырэктара, які хацеў стаць прэзідэнтам. Гісторыя самай дзіўнай царквы Мінска10

Мінчук ператварыў аднапакаёвую кватэру ў хатні кінатэатр. А зараз збіраецца яе прадаць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Я гатовы пакінуць сваю пасаду, калі гэта прынясе мір Украіне1

Зяленскі: Я гатовы пакінуць сваю пасаду, калі гэта прынясе мір Украіне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць