Пазняк: «Я часта памыляўся ў людзях. Самы просты прыклад — Паліна Шарэнда-Панасюк»
Лідар руху «Вольная Беларусь» звярнуўся да палітвязняў і заклікаў іх не падпісваць паперы аб супрацоўніцтве з КДБ.

Падчас інтэрв'ю Радыё Свабода лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк заўважыў, што вельмі часта памыляўся ў людзях. І прывёў у якасці прыкладу Паліну Шарэнду-Панясюк.
«Я часта памыляўся ў людзях. Я ім давяраў. (…) Людзі гэтыя потым аказваліся шкоднымі. Самы просты прыклад. Я хацеў выратаваць гэтую жанчыну, бо я ведаў, што Паліну Шарэнду-Панасюк давядуць да магілы. Яе даводзілі да гэтага. І я фактычна двойчы звяртаўся да Лукашэнкі вызваліць гэтую жанчыну. Мы апаненты. Я — галоўны яго палітычны апанент. І я пераступаю праз сябе і прашу яго: «Выпусці гэтую жанчыну».
Ну, выпусціў. Гэта жанчына пахіхікала з мяне, сказала: «Гэта ўсё чэпуха, хто там Пазняка слухае» і гэтак далей.
У далейшай размове палітык пракаментаваў падпісанне палітзняволенымі папер аб супрацоўніцтве з КДБ. Такія дзеянні ён назваў «самавызначэннем» і зноў згадаў Паліну Шарэнду-Панасюк:
«Вось Шарэнда-Панасюк вызначылася. Які ваш пасыльны — Эдэльвейс. Вось прыйшла дэзавуіравалася».
«Яны не разумеюць, што гэтага не можна рабіць. У турме можна падпісаць памілоўку. [Але] ніколі не падпісвайце супрацоўніцтва з КДБ! Вы ніколі ад іх не адкараскаецеся. Не разумеюць гэтага людзі. Гэта тактыка гэбэ (дзяржбяспекі — НН). Дурні паўтараюць адзін аднаго ўвесь час», — даводзіць Пазняк і звяртаецца да палітзняволеных:
«Я хачу сказаць тым, якія сядзяць у турме. Калі б толькі яны мяне пачулі. Падпісваць можна любыя памілоўкі, усё, што яны там просяць. Таму што вас кінулі як закладнікаў, вас незаконна падставілі. І таму на гэта сур'ёзна не трэба звяртаць увагі, калі яны просяць там ім памілоўку напісаць. Грош цана гэтай памілоўцы. Галоўнае выйсці. Але яны вас не выпусцяць. Яны хочуць, каб вы падпісалі супрацоўніцтва з КДБ. Ніколі гэта не рабіце. Гэта табу. Гэта закон. Гэтага рабіць нельга».
Шарэнда-Панасюк адказала Пазняку пра яго ўдзел у яе вызваленні і Гарбуновай пра «бессэнсоўнасць барацьбы»
Шарэнда-Панасюк прызналася, што падпісала паперы аб супрацоўніцтве з сілавікамі і атрымала імя Эдэльвейс
Пазняк: Вызваленне Паліны Шарэнды-Панасюк — гэта гучнае сведчанне аб гатоўнасці да перамоваў з Еўрасаюзам
Каментары