Памёр былы гандбаліст Алег Васільчанка, які стаяў на варотах у легендарным мінскім СКА 1980-х гадоў. Яму было 67 гадоў.

«Заўзятарам Алег Васільчанка назаўжды запомніўся яркімі сэйвамі, бравым характарам і вясёлым норавам», — паведаміла прэс-служба мінскага СКА.
Галоўны трэнер той легендарнай каманды Спартак Мірановіч у свой час даваў Васільчанку такую характарыстыку:
«Па-спартыўнаму злы, цвёрды і самаадданы. Лез у любую бойку і ў любы бой, нікога пры гэтым не баючыся і ні з кім не лічачыся. Мог выйсці на пляцоўку ў цяжкі момант і ўзяць некалькі «псіхалагічных» мячоў, якія вызначалі ўвесь далейшы ход гульні. Але стаць першым нумарам яму так і не ўдалося — вельмі ўжо моцны і надзейны быў Анатоль Галуза».
Самому Васільчанку, праўда, такая ацэнка не падабалася:
«Мяне толькі адно бянтэжыць — тое, што Васільчанку называюць другім варатаром СКА. Ды не быў я ім ніколі, мы з Толем — галкіперы аднолькавага класа. Проста ў яго з аднымі камандамі лепш атрымлівалася, а ў мяне з іншымі».
Каментары