Меркаванні2525

«У галовах людзей, якія ў захапленні ад Трампа, адбываецца нешта падобнае, як было 100 гадоў таму»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку расказаў, якія ўражанні ў яго пакінуў першы месяц кіравання новай амерыканскай адміністрацыі і ці варта трыумфаваць беларускім прыхільнікам Дональда Трампа.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, мільярдэр Ілан Маск і віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс. Фота: AP Photo/Stephanie Scarbrough

Ужо вельмі даўно, больш за 20 гадоў таму, я быў на адной працяглай навуковай стыпендыі ў Польшчы. Сярод іншага ў яе план уваходзілі моўныя курсы. Добра напісаўшы папярэдні тэст, я трапіў у самую прасунутую групу, на якой выкладчыца расказвала ўжо не так пра нейкія банальныя правілы польскай мовы, як пра яе спецыфічныя нюансы.

Сярод іншага, памятаю, яна згадала пра адзін цікавы скарот, які з 1990-х гадоў ужываецца ў польскай палітычнай публіцыстыцы і прылеглых да яе сферах. Скарот гэты — TKM, які расшыфроўваецца як «Teraz Kurwa My!» («Цяпер, б**дзь, мы!»).

Выкарыстоўваецца гэты выраз для вызначэння стану рэчаў, калі ў сітуацыі вострай і непрымірымай палітычнай барацьбы паміж рознымі сіламі адна з іх, дабіўшыся ўлады, замест пераемнасці пачынае рэзка ламаць зробленае папярэднікамі, расстаўляючы на ўсе пасады сваіх людзей без залежнасці ад іх рэальнай кампетэнцыі. Ну і, адпаведна, прынамсі частка спадчыны тых, хто быў раней, ідзе ва ўтыль.

Вось цяпер у мяне ўражанне, што гэтае TKM стала буяць у глабальным маштабе.

Усяго за месяц кіравання адміністрацыя Дональда Трампа паставіла на вушы літаральна ўвесь свет, і ў мяне такое ўстойлівае адчуванне, што ніякай асабліва прадуманай палітыкі на гэтым этапе ў яе няма. Затое ёсць выразнае жаданне паспрабаваць узяць калі не ўсё, то прынамсі частку пажаданага наскокам, скарыстаўшы эфект нечаканасці — і ва ўнутранай, і ў знешняй палітыцы. Стаўка не на дыпламатыю, не на нейкія ўзаемавыгадныя дамоўленасці, а на грубую сілу як такую і сілу грошай, вялікіх грошай.

І гэта, што характэрна, не толькі не хаваецца, але нават падкрэсліваецца: публічныя выступленні Трампа, Вэнса, Маска і, відаць, іншых менш вядомых асоб, за якімі мы проста не сочым, падкрэслена цынічныя, абразлівыя і хамскія. І гэта наўрад ці таму, што інакш гэтыя людзі проста не могуць — такі стыль камунікацыі абраны свядома.

Задача стаіць не проста дабіцца ад кагосьці нейкіх саступак ці прэферэнцый — важна яшчэ паказаць, што нехта пайшоў на саступкі і надаў прэферэнцыі не таму, што бачыў у гэтым выгаду і адчуваў патрэбу (нават калі насамрэч гэта і так), а таму, што яго да гэтага груба прымусілі сілай, выставілі ўльтыматум. Вобразна кажучы — важна людзей публічна макнуць галавой ва ўнітаз.

Ведаю, што вельмі многіх людзей такая падкрэсленая маскуліннасць у яе самым што ні на ёсць вульгарным разуменні і палітычны эксгібіцыянізм не толькі не адштурхоўваюць, але нават прыводзяць у экстаз. Не з неба ж падаюць гэтыя Трампы і не захопліваюць уладу праз дзяржаўныя перавароты, іх пакуль што яшчэ людзі свядома выбіраюць.

Вельмі верагодна, што ўжо найбліжэйшым часам мы будзем назіраць адзін за адным трыумфы палітычных саюзнікаў Трампа і носьбітаў такога самага стылю камунікацыі ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку самых ключавых.

Што будзе кардынальна мяняць палітычны ландшафт у заходнім свеце і несумненна радыкальна ўплываць на тое, што адбываецца на ўсёй Зямлі.

У галовах людзей, якія ад гэтага ў захапленні, падазраю, цяпер адбываецца нешта падобнае, як было 100 гадоў таму, калі стары свет крышыўся пад уплывам уздыму новых на той час ідэалогій — камунізму і фашызму.

Тым, хто да іх прыкіпаў, здавалася, што свет проста ачышчаецца ад рознай пошасці, што негатыўныя праявы і недасканаласці жыцця трэба пераадольваць менавіта так, як у песні пяецца: «Стары парадак мы зруйнуем магутным выбухам сваім». І што пашырэнне культу сілы ды паказной рашучасці прывядзе да росквіту, а не да катастрофы.

Але на практыцы як бы не давялося і якому-небудзь амерыканскаму паэту праз шмат гадоў пісаць штосьці падобнае, як напісаў савецкі паэт Навум Каржавін, рэфлексуючы адразу пасля смерці Сталіна:

«Всё, с чем Россия в старый мир врывалась,
Так что казалось, что ему пропа́сть, —
Всё было смято… И одно осталось:
Его неограниченная власть».

І я цяпер не бяруся прагназаваць, што нічога такога немагчыма, што заходнія сістэмы стрымак і супрацьвагаў такога не дапусцяць.

На жаль, цяпер усё магчыма, бо свет, здаецца, канчаткова ўступіў у новую эпоху тэктанічных зрухаў. І да якога берага чалавецтва ўрэшце прыб'ецца — думаю, ніхто цяпер дакладна не скажа.

Але ў чым я ўжо цяпер упэўнены — дык гэта ў тым, што менавіта беларускія трампісты з нелукашысцкага лагеру апынуцца ў выніку каля разбітага карыта. Проста таму, што Трамп і ягоная каманда засведчваюць абсалютна выразна — яны маюць намер лічыцца толькі з тымі, хто мае грошы і сілу, усе іншыя чыннікі для іх — смецце і разменныя пешкі.

А паколькі беларусы не маюць ні грошай, ні сілы, то гэта значыць, што і лічыцца з імі ніхто не будзе. Як можа быць інакш, калі ёсць вялікая верагоднасць, што не будуць лічыцца нават з тымі, якія грошы і сілу ў прынцыпе маюць, але з прычыны прыроднай невялікасці самога суб'екта яны незаўважныя на глобусе?

Некалі гэта ўсё, канешне, пройдзе і зменіцца, але пакуль што так. І дробным супольнасцям яўна не будзе вельмі камфортна ў свеце, дзе ўсё вырашаецца сілай. Гэта калі мякка выказвацца.

* * *

Калі вам важная праца, якую робяць журналісты «Нашай Нівы», падтрымайце нас, калі ласка, данатам праз «Патрэон» ці любую іншую платформу або праз рэдактараў і журналістаў, якіх вы ведаеце асабіста.

Збор праз Патрэон бяспечны. Ніхто не бачыць, на што вы ахвяруеце. Бачны толькі ваш плацеж на Патрэон, а мы атрымліваем пасля грошы ад гэтай платформы.

Каб пачаць падтрымліваць нас праз Patreon — пераходзьце па спасылцы

Таксама вы можаце падтрымаць нас праз PayPal або праз Buy Me a Coffee

Сярод іншага вы можаце зрабіць данат у крыптавалюце:

TMMGVZZ9BNxKmK1pT82Zd1trxvhQZeEwYe (USDT Tron)

Каментары25

  • не такі, як ёсць
    21.02.2025
    “Беларускія трампісты’’? А беларускія ‘’нетрампісты’’ хіба не апынуліся каля такога ж карыта? Дарэчы ў нас цяпер ёсць неабходнасць стаць самастойнымі, хаця б ад амерыканскіх грашэй, але ж ці падужым?!
  • Трампист
    21.02.2025
    "А паколькі беларусы не маюць ні грошай, ні сілы, то гэта значыць, што і лічыцца з імі ніхто не будзе."
    В мире так всегда. К чему кормить себя иллюзиями? Делайте то что можете и не просите и не нойте. Мне было трудно убедить американцев 2023 году что Украине надо помогать, а уж 2025 я и сам понял что это бесполезное занятие. пустая трата денег. Почему Литва Латвия и Эстония смогли , а Беларусь и Украина нет? Задайте себе этот вопрос вместо того чтобы лезть в головы Американцев.
  • Vik
    21.02.2025
    А раней лiчылiся?

Цяпер чытаюць

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Усе навіны →
Усе навіны

Элітныя паўночнакарэйскія камандас, узятыя ў палон пад Курскам, далі першае вялікае інтэрв'ю5

Стала вядома, колькі расійскіх вайскоўцаў лячыліся ў беларускіх бальніцах1

Трамп не лічыць, што ўдзел Зяленскага ў перамовах аб міры «вельмі важны»25

Памілаваны экс-палітвязень Арцём Баярскі знайшоў працу і плануе аднавіцца на хімфаку БДУ10

Лукашэнка падпісаў указ аб узмацненні паўнамоцтваў выканкамаў 8

З'явілася электронная бібліятэка помнікаў пісьменства, запісаных беларускай арабіцай3

Фрыдман прапануе нестандартныя спосабы, як прыцягнуць увагу ЗША да Беларусі3

«У галовах людзей, якія ў захапленні ад Трампа, адбываецца нешта падобнае, як было 100 гадоў таму»25

«Гэта ела маё дзіця». Мінчанка купіла ў краме выпечку з металічнай стружкай5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць