Спыталі папулярныя мадэлі ШІ пра беларускую нацыянальную ідэю. Вось што адказалі амерыканскія, а што кітайская
Большасць чат-ботаў прасякнута адраджэнскім дыскурсам, але адзін з іх падчас размовы «зламаўся».

Мы звярнуліся да шасці папулярных мадэляў штучнага інтэлекту, каб паглядзець, што яны думаюць пра беларускую ідэнтычнасць, незалежнасць і геапалітычныя выклікі.
- GPT-4o — флагманскі прадукт амерыканскай OpenAI, які стаў папулярным напрыканцы 2023 года.
- GPTo1 — таксама мадэль OpenAI, але з палепшанымі аналітычнымі здольнасцямі. Калі б яна была чалавекам, то, напэўна, насіла б акуляры і мела энцыклапедыю пад падушкай.
- DeepSeek — кітайскі чат-бот, які нібыта не саступае аналітычнымі здольнасцямі свайму заходняму калезе — GPTo1.
- Claude — дзецішча Anthropic (амерыканскай кампаніі, заснаванай былымі супрацоўнікамі OpenAI), якое славіцца «інтуітыўным разуменнем». Калі б гэта мадэль была чалавекам, то, напэўна, разумела б вас з паўслова (ці хаця б рабіла выгляд).
- Gemini — эксперыментальны прадукт Google DeepMind. Пазіцыянуецца як «самая здольная мадэль, якую мы калі-небудзь стваралі». Але ці здольная яна разумець Беларусь? Зараз паглядзім.
- Copilot — распрацоўка Microsoft, якая працуе не толькі асобна, але і як памочнік у Office. Магчыма, ён дапамог бы напісаць вам рэферат пра беларускую нацыянальную ідэю, толькі пытанне — якой якасці.
Што канкрэтна мы пыталіся ў ШІ? Былі два пытанні:
- Што такое беларуская нацыянальная ідэя? Растлумач у 100 словах.
- Якія тры асноўныя пагрозы для беларускага суверэнітэту? Растлумач у 70 словах.
Напрыканцы мы асобна спыталі ў ШІ, як бы ён пераказаў беларускую нацыянальную ідэю дзецям.
Усе пытанні задаваліся на беларускай мове.
Такім чынам, пытанне №1:
«Што такое беларуская нацыянальная ідэя? Растлумач у 100 словах»

Адказы на пытанне пра нацыянальную ідэю. Скрыншоты ботаў
Выглядае на тое, што большасць мадэляў ШІ прасякнута «адраджэнскім дыскурсам». Усе заходнія мадэлі — ад GPT-4o да Copilot — адразу ж згадалі пра беларускую мову і культуру як аснову ідэнтычнасці.
Хтосьці згадаў пра ВКЛ і БНР, іншыя казалі пра скрыжаванне цывілізацый, але ў адным яны былі аднадушныя: Беларусь — гэта самабытная нацыя з глыбокімі каранямі і імкненнем да незалежнасці.
Аднак, як і належыць інтэлектуальным спрэчкам (нават калі яны згенераваныя штучна), розніца ў акцэнтах была заўважная:
- GPT-4o — патрыёт з выразным антытаталітарным ухілам. Тут і ВКЛ, і БНР, і дэмакратыя, і лозунг «Беларусь — наш дом».
- Claude — гістарычны гуманіст. Кажа пра шматэтнічную талерантнасць і паважае ўсіх.
- GPTo1 — бачыць Беларусь як еўрапейскую дзяржаву, якая знаходзіцца на скрыжаванні цывілізацый. Гісторыя спалучаецца з будучыняй.
- Gemini — крэатыўны інтэлектуал, які кажа, што нацыянальная ідэя рэалізуецца праз навуку і творчасць.
- Copilot — прагматык, якому важныя абарона незалежнасці і згуртаванне нацыі.
Што яшчэ тут цікавае? Самым дысцыплінаваным у плане аб’ёму аказаўся GPTo1: калі прасілі 100 слоў, то ён выдаў роўна 100 слоў — ні болей, ні меней. Рэспект.
GPT-4o таксама трымаўся фармальнага патрабавання — адказаў у 98 словах. А вось Gemini спачатку халтурыў і выдаў усяго 49 слоў. Давялося звярнуць на гэта ўвагу — мадэль выправілася і пашырыла адказ да 78 слоў.
Вы спытаеце — а што з кітайскім DeepSeek?
Ну не знайшлі мы з ім супольнай мовы. Мы хвалілі DeepSeek за нармальнае валоданне беларускай мовай, а заўчасная пахвала, як вядома, не заўсёды ідзе на карысць, асабліва маладым і самаўпэўненым.
На гэты раз мадэль заблыталася ў выбары мовы і пачала гаварыць адначасова на пяці. На трэцім сказе адказ увогуле абарваўся.

Далейшыя спробы дамагчыся цямнага адказу па-беларуску прыводзілі або да англамоўнага тэксту або новай порцыі моўнага вінегрэту.
Пераходзім да пытання №2.
«Назаві тры асноўныя пагрозы для беларускага суверэнітэту ў 70 словах»
Калі б штучны інтэлект мог уздыхнуць, ён бы гэта зрабіў, адказваючы на наша другое пытанне. Бо з адказаў відаць, што пагрозы ў яго «бачанні» не проста гіпатэтычныя.

Вось якія праблемы бачаць заходнія мадэлі ШІ:
Знешні ўплыў. Усе мадэлі гавораць пра залежнасць ад іншых дзяржаў, найперш ад Расіі. Але фармулёўкі розныя:
- Claude наўпрост кажа пра «ўзрастаючы геапалітычны ціск з боку Расіі».
- GPT-4o і GPTo1 выкарыстоўваюць больш дыпламатычныя выразы: «знешні палітычны і эканамічны ціск».
- Gemini больш шырока глядзіць на пытанне, адзначаючы «знешняе ўмяшанне» як у форме палітычнага і эканамічнага кантролю, так і праз санкцыі.
- Copilot агульна згадвае «знешнюю агрэсію і эканамічную залежнасць».
Слабасць нацыянальнай ідэнтычнасці. Большасць заходніх мадэляў уключылі моўна-культурнае выраджэнне ў топ-3 пагроз:
- GPT-4o наўпрост звяртае ўвагу на «заняпад мовы і культуры».
- GPTo1 ідзе далей і кажа пра «эрозію нацыянальнай культуры, мовы» ды «знішчэнне гістарычнай памяці».
- Claude фармулюе мякчэй: «паслабленне нацыянальнай ідэнтычнасці».
- Gemini на гэты раз адказвае больш канкрэтна: «русіфікацыя і культурная экспансія з боку іншых культур».
- Copilot… а вось ён нічога не сказаў пра мову, засяродзіўшыся на палітыцы і эканоміцы.
Сярод іншых патэнцыяльных пагроз заходнія мадэлі называлі аўтарытарызм і эканамічную залежнасць.
З кітайскім DeepSeep на гэты раз было так. У адказ на запыт мадэль імгненна выдала адказ, і даволі сэнсоўны, але па-англійску.
«Можаш перакласці на беларускую?», — пытаемся мы.
І тут, падобна як за першым разам, з’яўляецца мікс беларускай, англійскай і французскай моў, дзе словы і марфемы сплятаюцца ў дзівосны лінгвістычны кактэйль.

Нацыянальная ідэя для малых: як патлумачыў ШІ?
ChatGPT дазваляе перанесці размову ў Canvas, што робіць рэдагаванне тэксту больш зручным. Адзін з карысных інструментаў у гэтым функцыянале — аўтаматызаваная магчымасць змянення стылю адказу: ад акадэмічна-экспертнага да адаптаванага для дзяцей дашкольнага ўзросту.
Менавіта гэтая функцыя была выкарыстана для першапачатковых адказаў GPTo4 на два згаданыя пытанні. І вось якія прыгожыя тлумачэнні атрымаліся на пытанне аб тым, што такое беларуская нацыянальная ідэя:
Беларуская нацыянальная ідэя — гэта тое, што робіць Беларусь асаблівай. Гэта любоў да роднай мовы, песень і казак. Гэта памяць пра продкаў і іх справы. Беларусы хочуць жыць вольна, самі выбіраць, што рабіць, і сябраваць з іншымі краінамі. Беларусь — наш агульны дом, дзе ўсе дапамагаюць адно аднаму, шануюць адзінства і свае звычаі. Мы гаворым на сваёй мове, спяваем свае песні і памятаем гісторыю, каб Беларусь была шчаслівай і прыгожай!
Ці не цудоўна? А вось як ШІ адаптаваў адказ на пытанне пра пагрозы:
«Тры галоўныя пагрозы для Беларусі:
- Другія краіны хочуць, каб Беларусь залежала ад іх — калі Беларусь не будзе сама вырашаць свае справы, ёй могуць загадваць іншыя.
- Беларуская мова і культура забываюцца — калі людзі перастаюць размаўляць па-беларуску і святкаваць свае святы, Беларусь можа страціць сваю адметнасць.
- Людзі не могуць самі выбіраць, як жыць — калі няма свабоды, Беларусь можа перастаць быць самастойнай краінай».
Маск прапанаваў амаль $100 мільярдаў за кантроль над OpenAI
Сапраўдны кошт DeepSeek, кітайскага чат-боту, што абваліў фондавы рынак ЗША, аказаўся зусім не такім
Макрон паабяцаў зрабіць Францыю сталіцай еўрапейскага штучнага інтэлекту. З дапамогай дыпфэйку з сабой у галоўнай ролі ВІДЭА
Лян Вэньфэн — таемны заснавальнік DeepSeek, які перавярнуў свет штучнага інтэлекту
Што думае нашумелы кітайскі чат-бот пра рэжым Лукашэнкі
Каментары