Грамадства55

У легендарнай воданапорнай вежы ў Мінску хутка адкрыецца кавярня пад назвай «Вежа»

Воданапорную вежу з чырвонай цэглы каля праспекта Жукава ў Мінску, нягледзячы на яе архітэктурную незвычайнасць, многія даўно перасталі заўважаць: ну, стаіць сабе і стаіць. І яна сапраўды больш за сотню гадоў проста стаяла, стаўшы адзіным цэлым з гарадскім пейзажам. Мінчукі, якія праходзяць міма яе, і цяпер не ўбачаць вонкавых змен, але ўнутры адбываюцца цудоўныя метамарфозы — тут да хуткага адкрыцця рыхтуецца аўтэнтычная кавярня, якая стане душой гэтага значнага для горада помніка архітэктуры, піша «Анлайнер».

«Вежа» — пачатак новай гісторыі

Усярэдзіну вежы ўваход праз арачныя драўляныя дзверы. Там ужо чакае архітэктар Сяргей Асташонак, які сёння з'яўляецца паўнапраўным уладальнікам гэтага збудавання.

Поўным ходам ідзе рамонт. Да адкрыцця кавярні яшчэ як мінімум пару месяцаў, але Сяргей Віктаравіч ужо паставіў каля барнай стойкі кавамашыну. Мужчына прызнаецца, што акрамя любові ўсяго яго жыцця — архітэктуры — ён з'яўляецца вялікім фанатам кавы. Робячы прывітальныя два кубкі напою, ён кажа, што рыстрэта па смаку багацейшае за эспрэса, наліваць яго трэба толькі ў падагрэтыя кубкі, а піць — выключна на працягу 15 хвілін пасля прыгатавання.

Для будучай кавярні ўжо ёсць назва — «Вежа». На пытанне, у якой стылістыцы будзе выканана ўстанова, Сяргей Віктаравіч адказвае:

«У гэтага стылю няма назвы, Я ўвасабляю яго так, як адчуваю. Паглядзіце на вежу звонку: тоўстыя сцены, фундаментальнасць. Усё гэта я стараюся адлюстраваць і ў інтэр'еры: канструктыўная барная стойка, магутная стальніца, драўляныя падваконнікі».

Плошча першага паверха — каля 45 «квадратаў». Тут свабодна можна размясціць каля 20 пасадачных месцаў для наведвальнікаў. На першым паверсе знаходзіцца асноўная зала, на другім — прыбіральня. Вышэй зазірнуць пакуль яшчэ нельга.

«Я хачу паказаць характар гэтай вежы. Таму важным пунктам з'яўляецца выкарыстанне матэрыялаў, якія былі ў ёй першапачаткова».

Напрыклад, асновай для сходаў сталі касавуры, якія выконвалі тут такую ж функцыю раней. Праўда, першапачаткова прыступкі мелі зусім іншае размяшчэнне.

«Гэтым касавурам больш за 115 гадоў! Яны былі тут яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Я іх перабраў, пераварыў».

Драўляныя элементы ў кавярні будуць мець брутальны, крафтавы выгляд. Стальніцы, падваконнікі, сталы, лаўка — усё гэта зроблена з прыродных матэрыялаў. Іржавая засаўка для вады раней жыла ў падвале, але цяпер выдатна ўпісалася ў інтэр'ер у якасці дэкаратыўнай інсталяцыі. Паўсюдна можна сустрэць фрагменты рэек — яны перамясціліся сюды непасрэдна з апошняга паверха, дзе ляжалі пад рэзервуарамі з вадой.

Сцены з чырвонай цэглы цалкам аголеныя і пакрытыя спецыяльнай грунтоўкай. Зрабіць гэта было няпроста, таму што за больш чым сотню гадоў на сценах замацаваўся пласт з глею і пылу. Столь застанецца бетоннай.

Абаграваць памяшканне будзе не толькі стылізаваная пад даўніну печ, але і сучасны электракацёл. Прыкоўвае ўвагу таксама электрычны шчыток пасляваенных часоў на ўваходзе.

«Яго знайшоў у аднаго таварыша, які збірае розны друз. Гэты шчыток, вядома, сёння ўжо нікому не патрэбны, але тут глядзіцца цікава. Кожны наведвальнік зможа падысці, пакратаць яго, патузаць за рычагі».

На гэты момант Сяргей Віктаравіч рэалізуе канцэпт кавярні цалкам сваімі сіламі — як фізічнымі, так і фінансавымі. Крыху пазней рукі дойдуць да ўсталявання паўнавартаснага ліфта, а таксама да абсталявання віннага склепа, які тут даволі глыбокі. Трэці паверх мужчына плануе зрабіць сваім кабінетам або майстэрняй. Што тычыцца астатніх паверхаў, то ў далёкай перспектыве іх чакае глабальная пераробка.

«Архітэктары, мае калегі, якія ў пачатку мінулага стагоддзя праектавалі гэтую вежу, думалі, напэўна, пра тое, што хтосьці праз шмат гадоў прыйдзе сюды і будзе тут жыць. Кожны паверх мае вышыню 3 метры 20 сантыметраў, і на кожным з іх ёсць паўнавартасныя вокны. Гэта вельмі зручна».

Мінулае «Вежы» — ад пачатку XX стагоддзя да нашых дзён 

Людзям з іншых сфер не зразумець, але воданапорныя вежы для многіх архітэктараў з'яўляюцца іх «Рымскай імперыяй». Сяргей Віктаравіч успамінае, што аднойчы да яго зайшоў мужчына, які валодае старой воданапорнай вежай у горадзе Ялабуга, і яму было цікава, як усё ўладкавана ў Мінскай.

«Кажа, прыязджае сюды які ўжо раз на хакей, заходзіць у вежу, але ўвесь час закрытая. А тут пашанцавала, і я апынуўся на месцы, — расказвае архітэктар. — У ягонай вежы праблема — там усяго два ўзроўні і два акна. Я яму за пяць хвілін намаляваў эскіз, як можна ягоную вежу адрэстаўраваць».

Сапраўды, на ўсёй постсавецкай прасторы поўна падобных аб'ектаў: адныя пераробленыя ў нешта прыкольнае, іншыя так і стаяць без гаспадара. Цагляная гераіня гэтага артыкула — адзіная ў сталіцы воданапорная вежа такога тыпу. З улікам гэтага факту здаецца вельмі несправядлівым, што яна дагэтуль не ператварылася ў аб'ект інфраструктуры.

І тут, вядома, самы час капнуць у гісторыю. Вежа на Аўтадораўскай лічыцца помнікам архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Найбольш раннія звесткі пра яе датуюцца 1910 годам. У той год праводзілася інвентарызацыя з ацэнкай нерухомай маёмасці гарадскіх кварталаў, і будынак засвяціўся ў дакументах. Згодна з імі, «вадакачка» была «каменнай, трохпавярховай, крытай жалезам, трывалай».

Аднак можна меркаваць, што будынак з чырвонай цэглы з'явіўся тут яшчэ раней. Ёсць інфармацыя, што ў 1900-1901 гадах якраз распрацоўваліся праекты «водапад'ёмных будынкаў» для іншых аддзяленняў чыгунак Беларусі. У любым выпадку дакладных даных няма і яны наўрад ці ўжо знойдуцца.

Вежа адносілася да комплексу будынкаў, якія належалі Маскоўска-Венскай чыгунцы. У ліку гэтых будынкаў значылася і чыгуначная бальніца, пабудаваная на месцы драўляных дамоў. Атрымліваецца, паслугамі воданапоркі спачатку карысталіся жыхары дамоў, а затым насельнікі бальніцы. Таксама вадой з бакаў аб'ёмам па 80 тон забяспечваліся цягнікі.

Так і жыла вежа сваё ціхае і мірнае жыццё, пакуль не прыйшлі 1940-я. Падчас вайны ёю карысталіся немцы, якія нават правялі ўсярэдзіне нейкі рамонт — аднойчы архітэктар наткнуўся на трубы з нямецкімі надпісамі.

Дарэчы, надбудова зверху вежы, адрозная па колеры, — не аўтэнтычная. Ёсць здымак, датаваны 1950-мі гадамі, на якім бачна, што бакі з вадой аголеныя. Адпаведна, закрылі іх цаглінамі крыху пазней.

Да 1990-х вежа заставалася ўласнасцю чыгуначнага вакзала і да гэтага моманту ўжо даўно не выкарыстоўвалася па прызначэнні. У 1991 годзе прыватная асоба выкупіла збудаванне, але яе планы па адкрыцці тут рэстарана, бара і ўсяго спадарожнага так і не ажыццявіліся.

Так, перажыўшы прыгоды даўжынёй у стагоддзе, у 2008-м вежа трапіла ў рукі архітэктару Сяргею Асташонку, які за сваю кар'еру паспеў пабыць галоўным архітэктарам Мінскага раёна, стаць членам Беларускага саюза архітэктараў і ўладальнікам уласнай творчай майстэрні з мноствам выкананых праектаў.

Мужчына набыў вежу па цане добрай сучаснай кватэры з канкрэтнай мэтай — зрабіць тут творчую майстэрню з жылымі памяшканнямі.

«Не магу сказаць, што валодаць вежай было маёй марай, але нельга адмаўляць, што яна з'яўляецца цікавым збудаваннем для многіх архітэктараў. Яна адзіная ў сваім родзе. Вежы такога тыпу ў асноўным будаваліся ўздоўж чыгунак. Але ў гэтай добры, індывідуальны праект, які больш нідзе не паўтараецца. Падобных вежаў больш няма ні ў Беларусі, ні ў Расіі».

Энтузіяст патроху ачысціў закінуты аб'ект, вывез адтуль горы смецця і друзу. У 2012 годзе цалкам абнавіў дах будынка, таму што ад ранейшага амаль нічога не засталося. Кажа, зрабіў дакладна такую самую, якая была раней — з драўлянымі бэлькамі і бляшаным дахам. З часам у вежы з'явіліся і новыя вокны, адно што толькі працэс зацягнуўся, таму што першую прывезеную партыю проста раскралі і прыйшлося заказваць новую.

Але ўвесці ў строй настолькі старое збудаванне — той яшчэ квэст, які не ўсім пад сілу. У 2022 годзе Сяргей Віктаравіч вырашыў здацца і прадаць сваё стварэнне таму, хто нарэшце зможа гэта зрабіць. Аднак ахвотных купіць гістарычную каштоўнасць за $600 000 так і не знайшлося.

«У 2023 годзе ў адміністрацыі раёна мне сказалі: «Будзем вам дапамагаць, але вы павінны ўвесці вежу ў гаспадарчы абарот пад сацыяльны аб'ект. Так і з'явілася ідэя кавярні».

А летам 2024 года адміністрацыя Маскоўскага раёна падчас аб'езду аб'ектаў горада, якія не выкарыстоўваюцца, наведала і вежу Сяргея Віктаравіча. Аказалася, што права на арэнду зямельнага ўчастка ў яго мінала ўжо ў канцы снежня, але паколькі работы ішлі і працягваюць актыўна весціся, арэнду працягнулі яшчэ на пяць гадоў. Выкананню мары зноў далі адтэрміноўку.

«Кожны крок — гэта працяглы працэс узгадненняў і дзеянняў. Адно толькі правядзенне электрычнасці заняло сем месяцаў. Апошні год я амаль кожны дзень тут, таму што многае раблю сваімі рукамі. Эксклюзіўнае крэсла, лесвіца, люк на падлозе… Архітэктары любяць рабіць нешта сваімі рукамі. Гэта цяпер усе работы электронныя, у камп'ютары, а раней мы чарцілі і рэзалі кардоны».

Пасля запуску кавярні архітэктар зоймецца далейшым уладкаваннем вежы і рэканструкцыяй яе экстэр'еру. Канцэпцыя ўжо існуе: на месцы, дзе раней размяшчаліся бакі з вадой, з'явіцца шкляная надбудова з архітэктурнай сеткай, якая сваім паветраным выглядам будзе сімвалізаваць тую самую ваду, з якой і пачалася гісторыя воданапоркі.

«Праект рэканструкцыі з надбудовай планую ўзгадняць адразу пасля запуску кавярні, а далей ужо буду глядзець па выніках. Без інвестыцый я дакладна надбудову не зраблю — гэта не надта таннае вырашэнне».

Дарэчы, кавярня павінна была адкрыцца ў снежні мінулага года, але тэрміны зноў зрушыліся. Архітэктар настроены аптымістычна — першых каваманаў будзе чакаць ужо ў пачатку лета:

«Я не імкнуся да вялікага бізнэсу. І хоць кававы бізнэс — гэта не асноўная мая прафесія, галоўнае, я лічу, мець ўнутранае жаданне любіць сваё хобі і людзей. Тут будзе варыцца годная кава!»

Каментары5

  • Барадзед
    23.02.2025
    Кирпичная кладка красивая. Сейчас так не делают.
  • Разбіраемся
    23.02.2025
    Для панаехаўшых карцінка прыгожая. А хто мінчанін, той ведае, што там па суседстве загібаецца ТЦ "Аўтлета", бо там трафік нізкі, ніхто туды не ездзіць. І машыну ў тым раёне прыватнай застройкі паставіць - той яшчэ квест. Архі-няўдалае месца для кавярні. Ну і з вокнаў на цягнікі глядзець, цягнікі слухаць, і цягнікамі дыхаць. Чалавек песціць сваё архітэктарскае эга. А так аб'ект прыгожы і ўнікальны, што і казаць.
  • Жвір
    23.02.2025
    Дык яна ўжо легендарнай зрабілася ? Во табе! Мне не падабаецца яе новы выгляд, "Бідон на Ножках", - вось такую трэ было даць назву таму кафэ... Але будзе мець наведвальнікаў, раён там забудоўваецца. Можа нават і я калісьці завітаю, выключна зь цікавасьці, паглядзець, ці мусоліць яна вочы, як некалі раней...

Цяпер чытаюць

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё1

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Усе навіны →
Усе навіны

Радаслаў Сікорскі прывёз на з'езд кансерватараў у ЗША збіты ўкраінцамі расійскі шахед4

Маладому чыгуначніку з Брэста пагражае да дванаццаці гадоў за палітыку1

Трамп заявіў, што Украіна і ЗША не павінны былі дазволіць Расіі пачаць вайну8

Спыталі папулярныя мадэлі ШІ пра беларускую нацыянальную ідэю. Вось што адказалі амерыканскія, а што кітайская20

У Дзень роднай мовы папулярная пісьменніца сабрала свае ўлюбёныя прымаўкі, і тут паляцела12

Элітныя паўночнакарэйскія камандас, узятыя ў палон пад Курскам, далі першае вялікае інтэрв'ю5

Стала вядома, колькі расійскіх вайскоўцаў лячыліся ў беларускіх бальніцах1

Трамп не лічыць, што ўдзел Зяленскага ў перамовах аб міры «вельмі важны»25

Памілаваны экс-палітвязень Арцём Баярскі знайшоў працу і плануе аднавіцца на хімфаку БДУ10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё1

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць