«Хлуслівая істота». У адказ на словы Трампа ўкраінскае грамадства згуртавалася вакол Зяленскага
Украінскае грамадства прадэманстравала рэдкае адзінства ў адказ на спробы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўмяшацца ва ўнутраную палітыку Украіны, піша аўтар «Нашай Нівы» з Украіны Цімур Радчанка. Вось рэакцыі палітыкаў, сацсетак і грамадскіх дзеячаў, а таксама мемы.

Украінскае грамадства паказала рэдкае адзінства ў адказ на спробы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўмяшацца ва ўнутраную палітыку Украіны. Многія ўкраінцы чакалі прыходу Трампа, стаміўшыся ад вайны і імкнучыся да яе хутчэйшага заканчэння. Аднак пасля шэрагу заяў з боку Трампа і ягонага асяроддзя сімпатыя змянілася на непрыязнасць.
Паказальна, што нават заклятыя палітычныя праціўнікі Зяленскага сталі на яго абарону.
Кансалідаванае становішча палітычных сіл
Лідарка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка ў сваім допісе ў Facebook выразна акрэсліла пазіцыю апазіцыі:
«Украіна — суверэнная дзяржава! Уладзімір Зяленскі — Прэзідэнт Украіны, легітымны, пакуль не абраны іншы. Толькі ўкраінцы маюць права вырашаць, калі і пры якіх умовах ім змяняць сваю ўладу».
Яна таксама падкрэсліла немагчымасць правядзення выбараў без удзелу вайскоўцаў, бо такія выбары не будуць прызнаныя легітымнымі.
Мэр горада Дняпро Барыс Філатаў традыцыйна груба адрэагаваў на заявы:
«Нам можа падабацца Зяленскі, а можа і не падабацца. Мы можам лаяць яго, а можам хваліць. Мы можам асуджаць яго ўчынкі, а можам ім апладзіраваць. Бо ён — НАШ Прэзідэнт. Такі, які ёсць. Няма розніцы — дрэнны ён ці не. І ніякая хлуслівая істота ані ў Маскве, ані ў Вашынгтоне, ані дзе-небудзь, не мае права адкрываць на яго свой рот».
Дэфіцыт ракет
Уладзіслаў Фарапонаў, кіраўнік «Інстытута амерыканістыкі», патлумачыў матывы Трампа ў тэлемарафоне «Адзіныя навіны»:
«Я думаю, што гісторыя пра так званы рэйтынг прэзідэнта Зяленскага паступова пачынае сведчыць пра тое, што хтосьці вельмі па-майстэрску і ўзважана пачынае навязваць Трампу расійскую дэзынфармацыю».
Па ягоных словах, крытыка Трампа перш за ўсё накіраваная на былую адміністрацыю прэзідэнта Байдэна, а Зяленскі трапіў «пад руку» выпадкова.
Вайсковы эксперт, галоўны рэдактар Defence Express Алег Каткоў звярнуў увагу на практычныя наступствы пазіцыі Трампа. Ён адзначыў, што Украіна ўжо сутыкаецца з дэфіцытам ракет для сістэм Patriot, бо з 22 студзеня краіна больш не атрымлівае ад ЗША новыя пакеты ўзбраення.
Дыскусія адносна фінансавай дапамогі
Асаблівы рэзананс набыла спрэчка адносна аб’ёмаў амерыканскай дапамогі. Трамп заявіў пра наданне Кіеву каля $350 мільярдаў, патрабуючы справаздачы аб іх выкарыстанні. У адказ прэзідэнт Украіны Зяленскі падаў ясныя лічбы: агульная вартасць вайны для Украіны склала $320 мільярдаў, з якіх $120 мільярдаў — сродкі ўкраінскіх падаткаплацельшчыкаў, а $200 мільярдаў — дапамога ЗША і Еўрапейскага Саюза ў выглядзе зброі.
«Украіна — не карпарацыя»
Экспертнае асяроддзе актыўна адрэагавала на заявы Трампа. Дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда падкрэсліў, што Трамп «генеруе лічбы з паветра», але галоўная праблема заключаецца ў складанасці нейтралізацыі яго інфармацыйнага ўплыву.
Галоўная рэдактарка «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева правяла паралелі з В’етнамскай вайной, параўнаўшы дзеянні Трампа з гісторыяй Ліндана Джонсана і ягонага міністра абароны Роберта Макнамары:
«Адміністрацыя Трампа зараз робіць тое ж самае: спрошчвае складаныя працэсы, ігнаруючы гістарычныя ўрокі. Вайна — гэта не бізнэс, а Украіна — не карпарацыя, якую можна пераканаць ахвяраваць тэрыторыяй дзеля «здзелкі».
Украінскае грамадства адказала моцнай хваляй творчага супраціву. Украінскі мастак і ілюстратар Максім Паленка стварыў іранічную работу, дзе змясціў распяцце Ісуса Хрыста і Дональда Трампа, які пераконвае, што Ісус бы не памёр, калі б гэта было пры кадэнцыі Трампа.

Телеграм-каналы насычаныя мемамі.



Рэакцыі тэлекамунікацыйных каналаў на навіны таксама паказальныя ў сваёй большасці.



«Хто ў нас дыктатар»
Валанцёр і палітык Сяргей Прытулa выказаў пазіцыю, якая рэзануе з думкай большасці ўкраінцаў: «Толькі мы — народ Украіны — вызначаем, хто ў нас дыктатар, а хто не. Толькі мы ва Украіне вызначаем, калі ў нас будуць выбары і якія».
Актывіст Ігар Лачэнка падкрэсліў:
«Мы можам крытыкаваць нашага прэзідэнта. Не пагаджацца з ім. Але дакладна ніхто з-за мяжы не можа казаць нам, хто будзе кіраваць дзяржавай. Мы самі гэта вызначым, калі прыйдзе час для выбараў. Зараз жа любыя выбары стануць смяротнымі для Украіны. Гэта тое, чаго хоча дасягнуць Пуцін. А цяпер ужо і Трамп».
Згодна з данымі Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, па стане на першую палову лютага 2025 года ўзровень даверу да прэзідэнта Украіны Зяленскага складае 57%, у той час як не давяраюць яму 37%. Баланс даверу-недаверу застаецца пазітыўным на ўзроўні +20%. Такому могуць пазайздросціць большасць кіраўнікоў дзяржаў — у тым ліку і Трамп.
Такая кансалідаваная рэакцыя ўкраінскага грамадства дэманструе сталасць палітычнай нацыі, якая, нягледзячы на ўнутраныя разыходжанні, здольная аб’яднацца перад спробай замежнага ўмяшання ў суверэнныя справы дзяржавы.
Нягледзячы на стому ад вайны, украінцы настойліва супрацьдзейнічаюць кожнаму, хто штурхае Украіну ў абдымкі Пуціна. Нават калі гэта прэзідэнт ЗША.
«Спадар прэзідэнт, не Украіна пачала гэтую вайну». Заявы Трампа аб Украіне і яго канфлікт з Зяленскім шакавалі многіх рэспубліканцаў
Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам без выбараў» і «сярэднім па паспяховасці комікам»
Джэй Дзі Вэнс пагражае Зяленскаму за кепскія словы пра Трампа
«Гэта немагчыма». Зяленскі адказаў Трампу на магчымасць правядзення зараз выбараў
Каментары