З усіх сталічных праваслаўных храмаў найбольш пытанняў выклікае архітэктура царквы на вуліцы Сапёраў, якая больш нагадвае офіс з залатой цыбулінай, чым храм. У храма сапраўдная ўнікальная трагікамічная гісторыя.

Многія мінчукі праз дзіўны сімбіёз у архітэктуры перакананыя, што гэта храм нейкай пратэстанцкай царквы, бо мінімалістычныя мадэрнісцкія фасады больш характэрныя для іхніх пабудоў, а праваслаўе ў Беларусі ўпарта трымаецца псеўдарускага канону.
Але такую незвычайную абгортку мае сапраўдны праваслаўны прыход праведнага Іаана Кранштацкага, які быў заснаваны па добраслаўленні мітрапаліта Філарэта ў канцы 1998 года. Прыход быў створаны на базе завода «Атлант» пры спрыянні тагачаснага дырэктара Леаніда Калугіна.
Праваслаўны халіфат на асобна ўзятым прадпрыемстве
Леанід Калугін нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Галавічы Дрыбінскага раёна ў сям’і простых калгаснікаў. Пасля заканчэння геолагаразведачнага тэхнікума ў Новачаркаску Растоўскай вобласці 20-гадовы хлопец пачаў працаваць буравым рабочым. Праз пяць гадоў вярнуўся на радзіму, уладкаваўшыся слесарам на Мінскі завод халадзільнікаў. Тут ён пабудаваў бліскучую кар’еру «чырвонага дырэктара», заняўшы ў 1993 годзе крэсла прэзідэнта акцыянернага таварыства «Атлант», аднаго з найбольш паспяховых прадпрыемстваў краіны.

У час перабудовы ў яго кабінеце пачалі з’яўляцца праваслаўныя абразкі, якія знаёмыя тлумачыць тым, што ён перажыў страшнае ДТЗ. Яшчэ да развалу СССР Калугін быццам бы здолеў наведаць святыя месцы ў Ерусаліме.
Заняўшы пасаду кіраўніка завода, ён пачаў актыўна навязваць супрацоўнікам свае рэлігійныя перакананні. Інтэрнэт захаваў цікавую нататку пра тое, як апісваліся будні на заводзе ў 1999 годзе.
Гэтае апісанне выглядае гратэскным перабольшваннем, але, як кажуць, дыму без агню не бывае.
Сцвярджаецца, што кожнае пасяджэнне акцыянераў пачыналася з лекцыі пра карысць рэлігіі, а значная частка сродкаў завода ішла на царкоўныя патрэбы, у тым ліку будаўніцтва храма, рэстаўрацыю манастыра ў Жыровічах, нядзельную школу і выданне газеты «Православный свет», дзе публікаваліся ранішнія малітвы, якія быццам бы ў пачатку кожнага дня транслявала заводнае радыё. На рэстаўрацыі манастыра завадчане працавалі бясплатна па суботах, у свой выхадны.
Завод нават абзавёўся ўласным святаром Віталіем, па ініцыятыве якога штотыдзень ладзіліся канцэрты духоўнай музыкі, яўка на якія для майстроў і начальнікаў была абавязковая, у адваротным выпадку пагражала ўтрыманне 10-20 % заробку.
Іншая крыніца дадае, што заводскія дзіцячы сад і яслі сталі адзінымі ў краіне, дзе ўсе выхавацелькі прайшлі навучанне ў школе катэхізатараў па асабістым распараджэнні Калугіна.
Нават святкаванне чарговага юбілею прадпрыемства, якое супала з пачаткам Вялікага посту, па рашэнні дырэктара было перанесена на пазнейшы час.
За сваю дзейнасць на карысць Рускай праваслаўнай царквы Калугін быў узнагароджаны патрыярхам Алексіем II ордэнам Святога князя Уладзіміра.
Фізкультурна-аздараўленчая царква

Таму нічога дзіўнага ў тым, што ў праект фізкультурна-аздараўленчага комплексу завода «Атлант», які распрацавалі архітэктары Ала Прасяная і Леанід Гельфанд з «Мінскпраекта», былі ўнесеныя карэктывы ў тым жа праваслаўным духу. Па ініцыятыве дырэктара ў будынку стварылі дамавую царкву ў гонар прападобнага Іаана Рыльскага, балгарскага святога, які быў нябесным заступнікам Іаана Кранштацкага.


Першая чарга будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу была завершана ў 2004 годзе. Царква заняла вуглавое памяшканне на 4-м паверсе з панарамным зашкленнем, якое цалкам закрыў іканастас. Апошнім штрыхам стала ўзвядзенне над мадэрнісцкім будынкам залатой глаўкі і афармленне тарца пад старажытнарускі храм.
Першапачаткова планавалася, што храм зойме прасторную залу на другім паверсе заводскага ФАКа, але справы царкоўнікаў парушылі палітычныя амбіцыі Леаніда Калугіна.

Выбары 2001 года
Леанід Калугін быў добра знаёмы з нядаўна выбраным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. А ў 1997 годзе кіраўнік «Атланта» ўвайшоў у склад новастворанага лукашэнкаўскага Савета Рэспублікі.
Але фатальнай памылкай Калугіна было жаданне мець больш, чым яму было дазволена сістэмай.
Улетку 2001 года Леанід Калугін пачаў збіраць подпісы для таго, каб выставіць сваю кандыдатуру на чарговых прэзідэнцкіх выбарах. Яго ініцыятыўная група аднесла ў Цэнтрвыбаркам 110 тысяч подпісаў, але па добра знаёмай схеме сапраўднымі прызналі толькі 91 тысячу, выкінуўшы дырэктара «Атланта» з гонкі.
Дзёрзкасці яму не даравалі. Праз два месяцы пасля выбараў, 21 лістапада 2001 года, Калугіна арыштавалі.
Яму прад'явілі афіцыйнае абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, невяртанне замежнай валюты з-за мяжы і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.

Перавышэнне ўлады пабачылі ў несвоечасовым продажы валюты пасля дэфолту ў Расіі, а незаконную дзейнасць — у будаўніцтве царквы. Для будаўніцтва храма прадпрыемства прадало 196 грамаў тэхнічнага золата, а таксама срэбра.
Абарона настойвала на тым, што гэта была дабрачыннасць па рашэнні праўлення прадпрыемства, а не толькі дырэктара.
Пасля затрымання на «Атланце» была ўведзена «залатая акцыя», у выніку чаго дзяржава, якая валодала ўсяго 26,5% акцый, атрымала права ўладальніка кантрольнага пакета. Новаўвядзенне тлумачылася тым, што прадпрыемства не разлічылася па 44 мільёнах даляраў японскага крэдыту, узятага ў 1993 годзе пад гарантыі ўрада Беларусі. Улетку мусілі прайсці перамовы з японскім бокам пра адтэрміноўку, але ёй перашкодзіла вылучэнне Калугіна на пасаду прэзідэнта.

Па асабістым заступніцтве мітрапаліта Філарэта, а пасля і патрыярха Алексія II, Калугіна ў маі 2002 вызвалілі з-пад варты пад падпіску пра нявыезд.
На судзе ён абараняўся тым, што, напрыклад, у падведамасных «Атланту» піянерскіх лагерах дзеці перасталі хадзіць на дыскатэкі, займацца непатрэбнымі справамі, а замест гэтага пачалі наведваць службы ў царкве, спавядацца і прычашчацца. На заводзе ж, па словах Калугіна, рэзка паменшылася п'янства, крадзяжы, у працаўнікоў з'яўлялася жаданне лепш і якасней працаваць.
Выкарыстанне расійскіх рублёў на вытворчыя патрэбы, паводле Калугіна, нельга лічыць «незваротам валюты з-за мяжы», бо Расія «для нас не замежжа», паколькі «няма закону, які б вызначаў Расію як краіну іншай дзяржавы. Штучная спроба раз'яднаць краіны з'яўляецца часовым непаразуменнем, якое супярэчыць палітыцы дзяржавы і прэзідэнта».

У чэрвені 2003 года Калугіна прызналі вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання, але з улікам пенсійнага ўзросту (і, відаць, заступніцтва сваіх патронаў з РПЦ) ён быў амніставаны. Спачатку быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці на нерэабілітавальных падставах, але, па некаторых звестках, у 2004 годзе ўсе абвінавачанні з Леаніда Калугіна былі знятыя.
Манах Нікан
Адразу пасля вызвалення былы дырэктар «Атланта» развёўся з жонкай, а ў канцы 2005 года стала вядома, што 65-гадовы Леанід Калугін прыняў манаскі пострыг у адным з манастыроў Маскоўскай вобласці і прыняў імя Нікан.
Некаторыя святары лічаць, што на гэтае рашэнне яго блаславіў протаіерэй Міхаіл Труханаў, былы вязень ГУЛАГа, вядомы багаслоў і аўтар некалькіх кніг, які меў вялікі ўплыў на Калугіна.

У пачатку 2006 года манах Нікан вярнуўся ў Беларусь і, не ўступаючы ў кантакты з Мінскай епархіяй, знайшоў прытулак у вёсцы Нялідавічы пад Мінскам, пры царкве ў гонар прападобнага Сергія Раданежскага, пабудаванай на тэрыторыі былой вайсковай часці. Манаскае жыццё з ім дзяліў айцец Іаан, а іншых людзей яны бачылі ў лепшым выпадку два разы на тыдзень. Сёння тут створаны жаночы падворак адыёзнага сталічнага Свята-Елісавецінскага манастыра.

Вядома, што пасля айцец Нікан даглядаў Свята-Троіцкую капліцу і могілкі ў роднай вёсцы Галавачы Дрыбінскага раёна. У 2020 годзе ў вёсцы адбыўся вялікі скандал, калі мясцовыя жыхары не знайшлі магіл сваіх сваякоў: былі знесены старыя надмагіллі і агароджы, а замест іх пастаўлены сінія крыжы, але не ў галаве нябожчыкаў, як тут было прынята, а ў нагах.
У Беларусі паралельна існуюць дзве традыцыі ўстаноўкі крыжоў на магілах, якія маюць рознае тлумачэнне. Але сярод радыкальнай часткі праваслаўнага духавенства пануе перакананне, што толькі крыж у нагах правільны, а крыж у галаве — спадчына язычніцкіх практык. Відаць, нечым падобным кіраваўся і айцец Нікан.


У апошнія гады старога манаха Нікана перавялі ў Свята-Траецкі Маркавы манастыр у Віцебску, дзе ён змяніў імя на Міхаіла і сёння выконвае абавязкі намесніка схііераманаха.
У 2017 годзе газета «Народная воля» спрабавала ўзяць інтэрв'ю ў Калугіна, але ён адмовіўся каментаваць сваю дзейнасць на «Атланце», а пра рашэнне стаць манахам адказаў вельмі абцякальна:
«Пытаеце, ці проста мне далося рашэнне сысці ад свецкага жыцця. Гэта вельмі складанае пытанне, адразу так хутка і не адкажаш. Ды і не хачу я абмяркоўваць гэту тэму. Волю Божую не абмяркоўваюць. Волю Бога выконваюць», — казаў былы дырэктар завода.

Нягледзячы на перыпетыі ў лёсе былога кіраўніка завода «Атлант», храм не выселілі і не закрылі, ён дагэтуль штодзень прымае праваслаўных вернікаў у памяшканні на чацвёртым паверсе фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
Каментары