У Дзень роднай мовы папулярная пісьменніца сабрала свае ўлюбёныя прымаўкі, і тут паляцела
«Раз Дзень роднай мовы, то я яго адсвяткую любімымі прымаўкамі», — напісала ў фэйсбуку пісьменніца Святлана Курс і адсыпала іх шчодрую жменю.

Святлана Курс. Калаж: press-club.pro
- Падай, Божа, што высока, а што нізка, я і сам вазьму.
- І замуж не выйшла, і ў дзеўках не засталася.
- Чарачкі і румачкі давядуць да сумачкі!
- З музыкі хлеб невялікі, а з гулякі — і зусім ніякі.
- Аддам на Святы Адам.
- Глядзі таго, з чаго хлеб ясі.
- Не ўмееш шыць золатам — ідзі біць молатам!
- Хадзем, баба, у чужое сяло, пачуем, што ў нашым робіцца.
- Гуляй, Агата, заўтра свята.
- Гаварыў бы каток, ды язык караток.
- Што зязюля то не птушка, што нявестка не дачушка.
«Непраўдзівая, затое ладна скроеная», — пракаментавала пісьменніца апошнюю прымаўку, дадаўшы яшчэ да купы яшчэ адну жартоўную і «непаліткарэктную», пра палешукоў:
«Палешуку то і серп дзіва».
А пасля разышлася так, што накідала яшчэ ладную гурбу гэтых прымавак у каментарах:
- Гушчу з'еў, а жыжку на кагал!
- Дурню і сем вёрст не крывулькі.
- Прыляцела куля, не знаем адкуля.
- Праз аднаго барана ўсё стада пагана.
- На балючае вока ўсё парушша ляціць.
- Мала даць — брыдка. А многа — шкода.
- На тое і б'юць, каб балела.
- Далі ў зубы і тым звялі рахубы.
- Хто пад'еўшы спаць кладзецца — у таго сала завядзецца.
- Кашаль пехатою не ходзіць.
- Не з нашым носам маліну кляваць!
- П'ян — капітан, а праспіцца — дык аўцы баіцца.
- Пуня згарэла. Але ж і мышы ляснулі!
- Ад поліўкі — ножкі тоненькі.
- Касіў бы Хведзька, ды ў торбе рэдзька.
Чытачы ж цешыліся, гэта ўсё чытаючы, і шчодра сыпалі сваё:
- Бог сірот любіць, ды шчасця не дае.
- Хто прастуе, той дома не начуе.
- Пойдзеш нацянькі — патраціш дзянькі.
- Рыбы і зайцы завядуць у старцы.
- Ад капусты дзеўкі тлусты.
- Не рабі ліхога і не бойся нікога.
- Слухай мяне і бяда не міне!
- Пайшоў за воўнай, а вярнуўся стрыжаным.
- Сам не гам і другому не дам.
- Пашлі дурнога, за ім — другога.
- Ну памрэш! Будзе зямлі скварка, людзям чарка!
- Не галодная карова, калі пад носам салома.
- Есці — не сраці, можна пачакаці.
- На табе, нябожа, што нам нягожа.
- Куды конь з капытом, туды і рак з клюшнёю.
- Уга, чакай Пятра — сыру з'ясі.
- Ат, у гэнай балаболкі і нясеянае расце.
- Свайго лёсу на кані на аб'едзеш.
- Не наеўся — не наліжашся, перад смерцю не надышашся.
- Шыла-шыла — гаўном завяршыла.
- Голы, збірайся! — голы гатоў.
- Кажух ляжыць, і дурань дрыжыць.
- Былі б дурні, а паны знойдуцца.
- Жартаваў воўк з канём, ды ў жмені зубы панёс.
- Быў бы паніч, каб не свіны лыч.
- Няма горшай долі, як жыць без волі.
- Жаніся, каб дурні не звяліся.
- Пажыві чалавекам, сабакам пажыць яшчэ паспееш.
- Як дуду надзьмеш, так дуда іграе.
- Усякаму чалавеку сонца свеціць.
- Паміраць збірайся, а жыта сей.
- Горш няма, калі баішся — і гора не мінеш, і надрыжышся.
- Розум не кулеш, у галаву не ўліеш.
Каментары
“- Тата, тата, лезе чорт у хату! – Дарма, сынок, абы не маскаль”