Літаратура66

Гэтую новую беларускую кнігу не назавеш нармальнай

Гэта эксперыментальная літаратура, але не з разраду тых, дзе форма замяняе змест. «Значныя дні» Цімура Кудзеліча — рэальна значны твор, піша Зося Лугавая. 

Адзінае пэўнае, што ў «Значных днях» ёсць — гэта беларусацэнтрычнасць. Усё астатняе — туманнае. Спачатку падаецца, што ўсё больш-менш рэальнае, проста апісана «ненармальна». Але паступова ў аповедзе ўзнікаюць фантастычныя дэталі.

Цябе засмоктвае ў сюррэалістычнае пекла, дзе кот гандлюе віном, а потым адкрывае сетку кафэ пад назвай «Кафэшка», якія як спрут распаўзаюцца па краіне. Дзе спадар, які мусіў расследаваць (сама)забойства, атабарваецца ў прыбіральні разам з трупам. Дзе маці крычыць на дачку, а дачка, як на жывых, крычыць на пантофлі. Дзе айчым, які збівае жонку і гвалтуе падчарку, ператвараецца ў муху. Дзе час ад часу імёны ўласныя замяняюцца словамі Нават і Таксама, а ты — думай што хочаш.

«Уявіце цэлы свет у межах Беларусі, дзе ледзь не кожная кафэшка замененая Кафэшкай, дзе існуе такі велічэзны, метровы ў шырыню, двухметровы ў даўжыню ежыва-магнат. Дзе ён абвязаў, абкідаў усе свае пункты абедання дзецьмі ад розных жонак. Свет, дзе з ежы ёсць есці толькі тое, што каты даюць, ніяк іначай. Уявіце».

Ёсць у тэксту і тонкі палітычны флёр. Адчуваеш яго не адразу, але недзе бліжэй да канца кнігі ўжо хочацца шукаць адгадкі ўсім загадкам. Лысы кот нагадвае кіраўніка адной не чужой нам краіны, а змаганне за грамадскую прыбіральню — нагадвае спаборніцтва за ўладу. Гаспакіраўнік Шпік і прыгапрацаўнік Леў — адзін у адзін дасведчаны чыноўнік і свежаразмеркаваны малады спецыяліст (тэрміны былі прыдуманыя самім спадаром Шпіком на пачатку яго прафесійнай дзейнасці — так тлумачыцца ў тэксце). А «Кафэшкі», якія запаланілі ўсе населеныя пункты краіны і кіруюцца байструкамі лысага ката, — як ілюстрацыя высылкі на перыферыю чыноўнікаў, якія не спраўдзілі «аказанага ім даверу». 

Невыпадковымі выглядаюць імёны герояў (напрыклад, Міхал Сцяпан ці Верка Верас). Нават у назве кнігі і яе раздзелаў адчуваеш штосьці знаёмае: сапраўдныя дні, шчаслівыя, значныя, іржавыя… І амаль у самым канцы ўсё ж усплывае недакладная цытата з песні «Ржавыя дні» гурта «Уліс» на словы Фелікса Аксёнцава: «Гаспадар краіны, навошта ты быў мне? Навошта я быў табе?»

«Значныя дні» — трэцяя кніга Цімура Кудзеліча, раней выходзілі празаічныя «ЯК» і «Пацукі». Новая кніга выйшла ў выдавецтве Skaryna Press літаральна на мінулым тыдні, адразу ў папяровым і электронным фарматах. Анатацыя загадкавая, а суправаджальнае слова ад Віктара Жыбуля, паэта-авангардыста, толькі дадае інтрыгі. Тэкст незвычайны і не традыцыйны. Акрамя яго ў кнізе ёсць раздзел з ілюстрацыямі і два раздзелы з фотаздымкамі. Фота быццам бы наўпрост не звязаныя з туманным сюжэтам, але праз кароткія апісанні ствараюць разам з асноўным тэкстам цэласнае выказванне. 

Кніга незвычайная і варта быць гатовымі да таго, што тэкст не захоча вам паддавацца. Ці папросту не спадабаецца. Пачаўшы чытаць, я лавіла сябе на думцы, што мне хутчэй не хочацца працягваць, чым хочацца, але і спыніцца не магла. Калі вы любіце кнігі, у якіх усё паслядоўна, празрыста і дакладна сфармулявана, то з кнігай Цімура Кудзеліча ў вас адносіны могуць і не скласціся. Я сама не надта прагну эксперыментальнай літаратуры за цяперашнім часам, але не прызнаць значнасці «Значных дзён» — не магу. 

Гэтая няпэўная гісторыя пачынаецца ў вельмі канкрэтных дэкарацыях. Не проста Беларусь, не проста Заслаўе, не проста чыгуначная станцыя. Гэта канкрэтны будынак на той станцыі: грамадская прыбіральня. У ёй пачынаюць адбывацца дзіўныя рэчы. І мала таго, што яны дзіўныя, аўтар расказвае пра іх дзіўнай мовай. Яна поўная паўтораў, нязвыклых воку і вуху словазлучэнняў, новатвораў і зносак, дзе яны, здавалася б, непатрэбныя. А калі чытаеш тлумачэнні, то бачыш, што яны таксама маюць зноскі. Якія мала што тлумачаць. Толькі дадаюць адчування, што гэты тэкст — матрошка, і да апошняй лялькі ты ніколі не дабярэшся.

«Ад чыгуначнай станцыі Беларусь управа дзесяць метраў. Управа дзесяць метраў — гэта калі стаіш тварам да станцыі, азадкам да цягнікоў ці рэйкаў, ці ўвогуле, лепей сказаць, да чыгуначных шляхоў стаіш азадкам, то-бок толькі з’яўляешся ў Заслаўі. Калі, наадварот, ужо збіраешся ад’язджаць і ўжо, напрыклад, ёсць квіток на электравік Маладэчна — Менск, ці, напрыклад, Гудагай — Менск, ці, напрыклад, на нейкі іншы, ці ўвогуле квітка няма, але вось стаіш азадкам да станцыі Беларусь і табе захацелася сікаць ці серыць, так бы мовіць, то тады ўлева дзесяць метраў, там будыначак на два грамадскія ўваходы: паўднёва-ўсходні ды паўночна-заходні. Паўднёва-ўсходні — мужчынскі, паўночна-заходні — жаночы». 

Варта адзначыць валоданне аўтара мовай. Тэкст зроблены так, што, трапіўшы ў ягонае павуцінне, выблытацца надзвычай складана. І калі падаецца, што амаль задыхаешся ад гарадской спёкі, ад вакзальнага паху цягнікоў і чалавечых целаў, ад смуроду прыбіральні, у якой ніколі ніхто не мыў, — аўтар дае надзею на вызваленне. Адзін з героеў бяжыць у бок мяжы. Тапаграфія тут вельмі дакладная, атмасфера злавесная, дзеянні паслядоўныя. Здаецца, у яго ўсё атрымаецца. Здаецца. 

«Электравік Менск — Гудагай: я ўмасьціўся паміж старымі-на-лецішча.

Ждановічы: мне прадалі абразок Боскай маці з малітвай на адваротным баку — мне не было чым заплаціць.

Менскае мора: мне стала невыносна душна за адсутнасцю кандыцыянера.

Крыжоўка: люблю.

Зялёнае.

Станцыя Беларусь: пераймальная жудасць ахутала ўсё наўкол, страшна нават схавацца. 

Я выйшаў за Маладэчнам, я выйшаў на Залессі. Далей не буду так рызыкаваць, далей: абміну Смаргоні й буду рухацца па лясох паралельна чыгунцы да Гудагаю, далей, — там пяройду мяжу». 

Цімур Кудзеліч. Значныя дні. — Лондан: Скарына-прэс, 2025

Каментары6

  • а то
    22.02.2025
    А што?, вельмі каштоўная, як заслаўскі выкапень
  • Джон Дулька
    22.02.2025
    Для таго, каб трапіць у гэтую прастору, патрабуецца штосьці крыху большае, чым ні на што не падобныя сказы. Пажадана мець тое, што Хармс, а следам і Сарокін называлі “чысцінёй унутранага строю”, то бок ладную эстэтычную сістэму, і гэта ў рамане таксама прысутнічае, хоць і ў даволі шырокім выглядзе, што робіцца зразумела напрыканцы. Сінтэтычны, “ад розуму” стыль зроблены на шматлікіх паўторах, прагаворваннях адных і тых жа відавочных падрабязнасцяў, быццам у аўтара разлад асобы і адразу тры ці больш яго постаці-расказчыка б’юцца паміж сабой, хто будзе расказваць той ці іншы кавалак тэксту ці сказ, альбо нават у межах аднаго сказу перахапляюць мікрафон і паўтараюць тое, што было сказана да іх, каб дадаць новых падрабязнасцяў. Адначасова з гэтым мноства “быццам істотных” кавалкаў, дэталяў і падрабязнасцяў выкідаюцца ці прапускаюцца за неістотнасцю, і не для таго, каб зрабіць тэкст больш цьмяным, а каб сягнуць таго самага высокага авангарднага градусу. Ёсць кавалкі, у якіх тэкст гэта робіць, сягае высокага авангарднага ўзроўню, калі мармытанне пераходзіць у штосьці нечакана сапраўднае, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё і смерць, рэчы, пра якія што ні скажаш, будзе гучаць надта пафасна і нешчыра, акрамя авангарднага мармытання, якое адное толькі і здольнае закрануць выток тых самых жыцця і смерці. Але бывае, што аўтар вынаходзіць нейкі прыём і пачынае злоўжываць ім без меры (як прапусканне нейкіх неіснуючых кавалкаў тэксту з паўтарэннем маркеру – “неістотна”), ці навязліва выкарыстоўвае сінанімайзер, слоўнік сінонімаў, бо не можа выбраць неабходнае беларускае слова, і гэтае патуранне сінонімам, прыёмам і ўвогуле самой тэкставай плыні сведчыць аб тым, што аўтар ішоў на павадку ў імгненных словаў, не зважаючы на цэласнасць уражання.

    Але такім творам цэласнасць і не патрэбная. Бо высвятляецца, што па сутнасці, гэта нават і не раман. І нават не сабраныя разам амаль не звязаныя паміж сабой аповесці і апавяданні, як у “Сабаках Эўропы” ці найноўшай кнізе Анціпава. Тэкст разбіты на часткі і на раздзелы, але мала таго, што ў іх розныя стылі і героі - некаторыя складаюцца наўпрост з малюнкаў і фатаграфій. Напрыканцы раздзел з каментарамі да асноўнага тэксту, як і мусіць быць у сапраўдным сучасным постканцэптуалісцкім творы (пачакайце выбуховую паэму “Кабайн” ад суполкі ГНОЙНЫ КАЎЧЭГ, пабачыце, як гэты прыём можна вычарпаць да канца). Між тым праз іх праходзіць выразна чытэльныя гісторыя, ад якой, праўда, залішняга наратыву чакаць не прыходзіцца. Не раман, не зборнік аповедаў, але кніга. Арт-праект.
  • У вас атрымалася
    22.02.2025
    Можа калі небудь надрукуюць альманах коментаў з НН?

Цяпер чытаюць

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Усе навіны →
Усе навіны

Элітныя паўночнакарэйскія камандас, узятыя ў палон пад Курскам, далі першае вялікае інтэрв'ю5

Стала вядома, колькі расійскіх вайскоўцаў лячыліся ў беларускіх бальніцах1

Трамп не лічыць, што ўдзел Зяленскага ў перамовах аб міры «вельмі важны»25

Памілаваны экс-палітвязень Арцём Баярскі знайшоў працу і плануе аднавіцца на хімфаку БДУ10

Лукашэнка падпісаў указ аб узмацненні паўнамоцтваў выканкамаў 8

З'явілася электронная бібліятэка помнікаў пісьменства, запісаных беларускай арабіцай3

Фрыдман прапануе нестандартныя спосабы, як прыцягнуць увагу ЗША да Беларусі3

«У галовах людзей, якія ў захапленні ад Трампа, адбываецца нешта падобнае, як было 100 гадоў таму»25

«Гэта ела маё дзіця». Мінчанка купіла ў краме выпечку з металічнай стружкай5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Міншчына ў лідарах па недахопе медыкаў. Што адбываецца ў беларускай медыцыне?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць