Звольнілі кіраўніцу РНПЦ «Кардыялогія», якую ў 2020-м прызначылі замест прафесара Мрочака
19 лютага выданне «Люстэрка» даведалася пра планы звольніць дырэктарку РНПЦ «Кардыялогія» Наталлю Міцькоўскую. Цяпер жа згадка пра яе знікла з сайта медцэнтра — на адпаведнай старонцы звесткі пра іншага кіраўніка.

Як паведамлялі крыніцы «Люстэрка», пра тое, што Наталлю Міцькоўскую хочуць звольніць з пасады кіраўніка РНПЦ, стала вядома яшчэ 17 лютага. Аднак жа доктарка з такой сітуацыяй не пагадзілася і 18 лютага сабрала для вырашэння свайго пытання камісію.
Чым скончыліся спробы медыцынскай начальніцы захаваць працу, было на той момант невядома. Але калі па стане на 19 лютага Міцькоўская на сайце РНПЦ яшчэ была пазначаная як дырэктарка, то ў суботу, 22 лютага, згадкі пра яе там ужо няма.
Цяпер медцэнтр узначальвае Маргарыта Бельская. Менавіта яна выконвала абавязкі Міцькоўскай, калі толькі з'явілася інфармацыя пра звальненне яе папярэдніцы.

Дырэктаркай РНПЦ «Кардыялогія» Наталля Міцькоўская стала 14 верасня 2020 года, пасля таго як з гэтай пасады ў канцы жніўня звольнілі вядомага кардыёлага Аляксандра Мрочака, які кіраваў цэнтрам 12 гадоў. Гэта адбылося з ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя пасля абароны Мрочакам супрацоўнікаў цэнтра, якія выходзілі на пратэсты.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Белые халаты», Наталлю Міцькоўскую не характарызавалі як «дзейна «крыважэрную», але пры гэтым яна не рабіла ніякіх намаганняў для таго, каб абараніць сваіх супрацоўнікаў.
«Калі ў цэнтр прыходзілі спісы з пералікам тых, каго трэба звольніць, пажаданні выконваліся няўхільна», — паведамляў тэлеграм-канал.
Каментары
Рэжым павінен ведаць, што, пазбаўляючыся сумленных кіраўнікоў, ён пазбаўляецца ўстановаў і арганізацыяў. Ніхто, хто мае сумленне, не мусіць пагаджацца ставаць на пасады, з якіх людзей здымаюць праз рэпрэсіі. А пакуль будуць такія Міцькоўскія і Бельскія, рэжым адчувацьме моц і беспакаранасць.