Элітныя паўночнакарэйскія камандас, узятыя ў палон пад Курскам, далі першае вялікае інтэрв'ю
Два паўночнакарэйскія спецназаўцы з элітнага падраздзялення пры Галоўным разведвальным бюро КНДР, захопленыя сіламі УСУ ў мінулым месяцы пад Курскам, далі вялікае эксклюзіўнае відэаінтэрв’ю газеце Chosun Ilbo. Гэта першы выпадак, калі паўночнакарэйскія салдаты, накіраваныя для ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць Украіны, пагадзіліся на такі фармат размовы.

Буйная паўднёвакарэйская газета Chosun Ilbo правяла першую вялікую размову з двума элітнымі спецназаўцамі КНДР, якія былі ўзяты ў палон украінскімі спецслужбамі ў Курскай вобласці Расіі.
У інтэрв'ю прынялі ўдзел 26-гадовы снайпер Ры і 21-гадовы штурмавік Пэк (поўныя імёны салдат не раскрываюцца). Абодва да траплення ва ўкраінскі палон пад Курскам служылі ў Сілах спецыяльных аперацый Карэйскай Народнай арміі (KPASOF) пры Галоўным разведвальным бюро КНДР (ведамства адказнае за шпіянаж у іншых краінах).
Па словах палонных, яны адзіныя сыны ў сваіх сем’ях і перад адпраўкай у Расію не ведалі, куды дакладна іх накіроўваюць.
Ры родам з Пхеньяна. Ён быў снайперам у элітным падраздзяленні. За дзесяць гадоў службы ён ні разу асабіста не бачыў сваіх бацькоў. А праз некалькі месяцаў пасля дэмабілізацыі Ры хацеў трапіць ва ўніверсітэт, але камандзір паведаміў, што яго нібыта адпраўляюць «за мяжу на навучанне», але потым кінулі на перадавую пад Курскам змагацца разам з расіянамі супраць украінскіх войскаў.
«Мяне адправілі ў Расію 10 кастрычніка мінулага года. Да гэтага я месяц удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў паводкі ў сваёй краіне. Потым нас адправілі ў вучэбны цэнтр, а ўжо адтуль — ва Уладзівасток.
Нашыя трэніроўкі ў Расіі заключаліся не толькі ў фізічнай вынослівасці. Яны былі ідэалагічнымі. Мы трэніраваліся так, нібы ад гэтага залежала наша жыццё. Разам са мной з Паўночнай Карэі на навучанне ў Расію прыехалі каля 2500 салдат. З расіянамі мы гутарылі праз перакладчыкі ў смартфонах — гэтую тэхналогію мы раней ніколі не назіралі», — распавядае Ры.
Ён дадаў, што афіцэры Міністэрства дзяржаўнай бяспекі КНДР адсочвалі любыя размовы і перасоўванні паўночнакарэйскіх салдат, а таксама хлусілі ім, што, напрыклад, «усе аператары дронаў з украінскага боку на самай справе з’яўляюцца паўднёвакарэйцамі».
Ры адзначае, што пад Курскам ён і яго падраздзяленне натрапіла на «д'ябальскі дрон». Пяць пабрацімаў салдата загінулі, застаўся ён адзін.
«Д'ябальскі дрон», як назваў яго Ры, гэта вельмі вялікі беспілотнік, які нясе бомбы. Праз інфрачырвоны датчык дрон можа шукаць цэлі і скідваць снарады. У групы атрымалася схавацца ад дрона ў бяспечным месцы, але а 3-й гадзіне ночы туды прыехалі ўкраінскія ваенныя на бронетранспарцёрах. Яны пачалі абстрэльваць пазіцыі паўночнакарэйцаў з кулямётаў. Як толькі Ры з іншымі салдатамі пачалі адступаць, іх атакаваў беспілотнік.
«Я адзіны, хто застаўся, сур’ёзна паранены ў правую руку і сківіцу ў выніку ўдару ўкраінскага дрона. Гэта быў мой першы вопыт сапраўднага бою. Калі я ўбачыў целы сваіх таварышаў, у маёй галаве пранеслася мноства думак. Некаторыя ўзрывалі сябе гранатамі, каб пазбегнуць палону, бо трапленне ў палон у нас лічыцца дзяржаўнай здрадай. Пах крыві маіх таварышаў усё яшчэ са мной нават цяпер».

Іншы паўночнакарэйскі салдат Пэк распавёў, што таксама доўга не бачыў сваякоў і не чакаў адпраўкі на расійскі фронт пад Курск. Па яго словах, улады КНДР афіцыйна хаваюць ад свайго насельніцтва факт адпраўкі салдат у Расію для вайны супраць Украіны, бо асцерагаюцца магчымай негатыўнай рэакцыі жыхароў краіны.
Пэк адзначыў, што ўжо потым у Расіі ім казалі, што паўночнакарэйскія салдаты «будуць вызваляць Курск і ахоўваць там расійскія ядзерныя аб'екты».
Разам з гэтым Пэк абверг сцвярджэнні ўкраінскіх вайскоўцаў аб тым, што паўночнакарэйскія вайскоўцы выкарыстоўваліся расіянамі ў якасці чалавечай прынады для выманьвання ўкраінскіх беспілотнікаў.
«Я ўпершыню чую пра гэта», — заявіў Пэк.
Салдат дадаў, што ўсё яшчэ разлічвае на вяртанне ў КНДР. Тым часам паўночнакарэйскі снайпер Ры заявіў, што сур'ёзна разглядае магчымасць пасля палону адправіцца жыць у Паўднёвую Карэю.
Каментары