БХД: Адзін з лідараў партыі Яўген Дудкін прызнаўся, што з'яўляецца даўнім агентам КДБ
Справай займаюцца польскія сілавікі, беларускіх актывістаў цягаюць на допыты.

Яўген Дудкін — 36-гадовы палітычны дзеяч у эміграцыі, беларускамоўны ўсмешлівы хрысціянскі дэмакрат у стылёвым капелюшы. З Беларусі ён, настаўнік па адукацыі і рэгіянальны актывіст па жыцці, з’ехаў яшчэ ў 2018-м, асеў у Польшчы як эканамічны мігрант.
Пасля 2020-га, так атрымалася, дзясяткі ці нават сотні тысяч палітычных мігрантаў рушылі з Беларусі на Захад. Палітычнае жыццё завіравала ў Варшаве, і Дудкін пакрысе зноў уцягнуўся ў працэс.
Цяпер ён ужо не рознарабочы і не кіроўца пагрузчыка, а кіраўнік фонду «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (Białoruska Chrześcijańska Demokracja), зацяты крытык Святланы Ціханоўскай і з нядаўняга часу саюзнік Зянона Пазняка.
Аднак можа так стацца, што ў палітычнай кар’еры Дудкіна гучыць апошні акорд. Як стала вядома «Нашай Ніве», польскія сілавыя ведамствы знайшлі доказы таго, што Дудкін — завербаваны агент беларускіх спецслужб.
Беларускіх актывістаў выклікаюць на допыты, спрабуюць разабрацца, ці ведаў хтосьці пра агенцкую дзейнасць Дудкіна.
Пакуль мы рыхтавалі гэты артыкул і апытвалі сяброў БХД, арганізацыя выпусціла заяву:
«Барацьба з рэжымам вымушае беларускія партыі і арганізацыі быць пільнымі і ачышчацца ад ворагаў, засланых у розныя гады. Па шматлікіх скаргах сяброў БХД — Białoruska Chrześcijańska Demokracja fundacja на дзеянні старшыні фундацыі была праведзена праверка, падчас якой выявілася спроба рэйдарскага захопу арганізацыі Яўгенам Дудкіным.
Далейшыя разбіральніцтвы па дэструктыўнай дзейнасці ў партыі БХД гэтай асобай выявілі, што Яўген Дудкін даўно з'яўляецца таемным супрацоўнікам КДБ. Пра што ён сам пацвердзіў на пасяджэнні Управы партыі БХД 30 студзеня 2025 года ў прысутнасці сяброў партыі».
Крыніцы «НН» адзначаюць, што Дудкін нібыта прызнаўся, што быў завербаваны яшчэ падчас вучобы ў Магілёўскім універсітэце ў канцы 2000-х ці пачатку 2010-х.
Сам Дудкін не адказаў на паведамленні і званкі карэспандэнта «НН». Калі ён захоча выказацца, мы дамо яму такую магчымасць.
Апошнія дні палітык піша ў фэйсбуку метафарычныя допісы на тэму віны і здрады:
«У кожнага палітыка-хрысціяніна ёсць адзін важны этап у жыцці як у Езуса: здрада за грошы — укрыжаванне паплечнікамі — палітычная смерць. І тут для верных Богу існуе палітычнае ўваскрасенне. Але ўмова — чыстае сумленне».
«Як лёгка сказаць, што «я апошні грэшнік» ці абвінаваціць і як цяжка назваць па імені свой грэх. … Хаця і апостал Павел не адразу атрымаў давер ад апосталаў: не верылі, што ён змяніў сваё жыццё, і з забойцы хрысціян стаўся іх абаронцам. Час паказаў. Час».
***
Пасля 2020 года Беларуская хрысціянская дэмакратыя падзялілася на дзве часткі — адну з іх узначаліў Георгій Дзмітрук (тут у кіраўніцтве быў і Яўген Дудкін), сярод лідараў другой Віталь Рымашэўскі.
Партыя Дзмітрука і Дудкіна ўступіла ў кааліцыю з актывістамі колішняй «Народнай Грамады», якую цяпер узначальвае Яўген Вільскі. Дарэчы, мінімум два актывісты «Грамады» аказаліся даносчыкамі — стучалі на іншых палітыкаў у КДБ.
На выбарах у Каардынацыйную раду кааліцыя БХД і «Грамады» заняла перадапошняе месца. Цяпер яны аб'ядналіся з тымі, хто стаў увогуле апошнім, і ўтварылі блок «Мемарандум», які аспрэчвае лідарства Святланы Ціханоўскай.
* * *
Яўген Дудкін нарадзіўся 1 снежня 1989 года ў Магілёве ў сям'і міліцыянера. Вырас у Гродне. Скончыў школу №13 у Гродне, гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і магістратуру. Магістарскую працу прысвяціў беларускаму пытанню ў польскай нацыянальнай палітыцы міжваеннага часу.
Адпрацаваў размеркаванне ў школах Бялыніцкага раёна на Магілёўшчыне, пазней працаваў у школе ў Гродне, быў загадчыкам дома народнай творчасці ў вёсцы Зарачанка Гродзенскага раёна.

У апошнія гады Дудкін актыўна атакаваў як Святлану Ціханоўскую, так і незалежныя СМІ. Ён быў адным з суарганізатараў акцыі ў Варшаве, якая была праведзеная ў піку маршу беларусаў з пратэстам супраць фальсіфікацыі выбараў, у якой удзельнічалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.
Заява трох партый, якія на выбарах у КР сумарна набралі 165 галасоў: Імітацыя палітычнай барацьбы — шлях да забыцця
«П****ец адбыўся». Вольга Кавалькова патлумачыла, чаму адышла ад палітыкі і царквы і як трансфармуе боль у любоў
Адзін з кіраўнікоў БХД абвінаваціў Рымашэўскага ў фальсіфікацыі подпісаў на выбарах-2010. Той адказаў
Разборкі ў БХД: перасвараныя партыйцы выганяюць адно аднаго з арганізацыі
Каментары