Расійскія рэстаўратары, якія аднаўлялі Спаскую царкву ў Полацку, былі непрыемна ўражаныя стаўленнем уладаў, якія дазволілі залаты купал на адзіным у краіне помніку XII стагоддзя, і непрафесійнасцю некаторых беларускіх мэтраў, якія ставілі ўласныя амбіцыі вышэй за навуку.

Спаса-Праабражэнская царква, узведзеная ў XII стагоддзі Ефрасінняй Полацкай, сёння знаходзіцца ў цэнтры Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Царква з'яўляецца адзіным цалкам захаваным храмам дамангольскага перыяду на тэрыторыі Беларусі і найстарэйшай мураванай пабудовай, якая дайшла да нашага часу.
Пра тое, з якімі складанасцямі і правакацыямі сутыкнуліся пры рэстаўрацыі, распавёў расійскі архітэктар-рэстаўратар Сяргей Лалазараў, які выступіў у 2024 годзе з дакладам «Асаблівасці вывучэння і рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку». Яго словы пераказвае тэлеграм-канал «Спадчына». Лалазараў кіраваў рэстаўрацыяй на храме з 2016 года.

Першыя вядомыя выявы Спаса-Праабражэнскай царквы былі знойдзены адносна нядаўна ў келлі прападобнай Ефрасінні, у паўднёвым прытворы на хорах. На кцітарскай фрэсцы Ефрасіння трымае ў руках выяву храма — пазнавальны аднакупальны будынак.
У пазнейшыя перыяды храм быў накрыты двухсхільным дахам, а да галоўнага фасада храма была прыбудавана званіца. Пасля 1832 года храм перабудавалі, каб надаць яму больш праваслаўны выгляд: на фасадзе былі выяўлены закамары, пабудаваны невялікі прытвор, а на барабане пастаўлены цыбулепадобны купал.
Упершыню храм даследаваў пасля Другой сусветнай вайны Яўген Ашчэпкаў, які выявіў сляды старажытнага дэкору на фасадах. Тады храм адрамантавалі цэментам, што моцна нашкодзіла помніку.


Спробы аднавіць храм
З сярэдзіны 1990-х гадоў рэстаўрацыю храма праводзіў беларускі мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі, які самастойна асвойваў некаторыя навыкі архітэктурных работ, працаваў пры мінімальным фінансаванні з дапамогай валанцёраў. Ракіцкі адшукаў у келлі прападобнай фрэску са старажытнай выявай храма, які меў какошнікі і закамары, а пасля адшукаў іх добра захаванымі на гарышчы.

«У такім аб'ёме і захаванасці завяршальных канструкцый рэдка дзе пабачыш. Гэта ўнікальныя элементы, тут шмат натурных артэфактаў», — заўважае Лалазараў.
Ракіцкі надумаў аднавіць выгляд храма XII стагоддзя, прапанаваўшы прыбраць надбудовы XIX стагоддзя, якія лічыў малакаштоўнымі і вінаваціў у з'яўленні расколін на сценах.
Насамрэч, помнік аб'ядноўвае ў сабе некалькі гістарычных перыядаў, напрыклад, крыпту XVIII стагоддзя пад храмам, а рэканструкцыя Ракіцкага была, як паказалі пазнейшыя даследаванні, далёкай ад сапраўднага выгляду храма.


Рэалізаваць сваё бачанне Ракіцкаму не ўдалося, бо ў яго адбыўся канфлікт з духоўнымі ўладамі. На яго месца была запрошана каманда Міжабласнога навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення з Масквы, якую ўзначаліў Уладзімір Сараб'янаў, вядучы спецыяліст па рэстаўрацыі ў Расіі.

У інтэр'ерах храма па адмысловай методыцы, распрацаванай маскоўскімі спецыялістамі, са сцен быў зняты алейны жывапіс і перанесены на цвёрдую аснову. Да расійскай каманды па выяўленні жывапісу далучылася брыгада беларускіх рэстаўратараў. Цяпер гэтыя роспісы экспануюцца ў Полацкай мастацкай галерэі.
«Эфект аказаўся дзівосным. У XXI стагоддзі з’явіўся новы помнік XII стагоддзя з такім аб’ёмам фрэсак, з амаль цалкам захаванай праграмай роспісу. Каля 1000 квадратных метраў, 90% сцен — ніводзін храм дамангольскага перыяду не мае такіх паказчыкаў!» — кажа Лалазараў.


Залатыя купалы
У 2007 годзе адбылася дзіўная падзея: свецкія і духоўныя ўлады замянілі купал, які быў створаны па праекце Лукіна і знаходзіўся ў дрэнным стане. На яго месцы быў пастаўлены новы купал з пакрыццём з нітрыту тытану, які, як азначае рэстаўратар, «у прынцыпе не выкарыстоўваецца ў рэстаўрацыі». Адшукаць праект новага купала не ўдалося, існуе толькі канструктыўны чарцёж, па якім ён быў выраблены ў Расіі.

«Гэта ўсё ж адбылося. Ён быў усталяваны, і ўжо на пачатак нашай працы мы ўспрынялі гэты элемент як дадзенасць».
Такія шкодныя дзеянні на помніках даўніны адбываюцца паўсюль не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Лалазараў бачыць у іх адміністрацыйны заказ. Тое ж стала са шматпакутнай Віцебскай Дабравешчанскай царквой, аднаўленне якой у 1990-х гг. Генадзем Лаўрэцкім расійскі навуковец лічыць няўдалым — у ёй змяшаныя розныя стылі, а ад полацкай архітэктуры амаль нічога не засталося.

Няўмелая рэстаўрацыя
Ракіцкі быў пачуты: беларускія ўлады паставілі перад «Белрэстаўрацыяй» задачу аднавіць аблічча храма XII стагоддзя. Ракіцкі зрабіў шэраг зандажоў у інтэр’еры і на фасадах, дзе выявіў фрагменты роспісаў над парталам і рэшткі архітэктурных элементаў. Але фіксаваў іх не вельмі дакладна.
Гэтае адкрыццё зноў нашкодзіла помніку. Зандажы пяць гадоў стаялі акрытыя і разбураліся ападкамі, пакуль іх урэшце не затынкаваў манастыр. У яшчэ больш жудасным стане, як адзначае Лалазараў, знаходзяцца і зандажы на Сафійскім саборы, адкрытыя дагэтуль.

Шкодныя правакацыі
На аснове гэтых абмежаваных даследаванняў «Белрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам архітэктара Дзмітрыя Бубноўскага, які раней адказваў за ахову спадчыны па ўсёй Беларусі, стварыла праект, у якім прапаноўвалі прыбраць пазнейшыя надбудовы, але пашырыць храм за кошт новых.
Праект Бубноўскага па Спаскай царкве, прадстаўлены ў 2013 годзе на ўзгадненне Міністэрству культуры, выклікаў вялікае здзіўленне ў экспертаў. Расійскія рэстаўратары паднялі шум, каб не даць рэалізаваць праект, які не мае нічога супольнага з храмам XII стагоддзя.


У 2015 годзе навукоўцам удалося праціснуць правядзенне новых археалагічных даследаванняў, якія паказалі, што ранейшыя ўяўленні пра першапачатковы выгляд храма далёкія ад рэчаіснасці.
«Працы, праведзеныя ў 2015 годзе, на некаторы час прыглушылі намеры аднавіць выгляд храма XII стагоддзя. Бо было выяўлена, што храм меў зусім іншы выгляд у той час. Былі адкрыты галерэі XII стагоддзя і экзанартэкс. Гэта на некаторы час спыніла спрэчкі, але пасля гэтая хваля зноў паднялася».

Праект Бубноўскага быў рашуча адхілены, але яго аўтары выканалі па ім макет і перадалі яго манастыру. Ён стаіць у манастыры і дэманструе не толькі тое, якім храм мог бы быць, але і якім яго трэба зрабіць пасля рэстаўрацыі.
«Гэта такая невялікая правакацыя. Нам увесь час даводзіцца тлумачыць, чаму гэтага зрабіць немагчыма і нельга», — тлумачыць Лалазараў.
Стан храма

«Мы прыступілі да ацэнкі таго, што было зроблена. Высветлілася, што не праводзіліся ні археалагічныя даследаванні, ні архітэктурныя, ні інжынерныя, ні мікалагічныя», — тлумачыць рэстаўратар.
Храм знаходзіўся ў жахлівым тэхнічным стане. Па словах рэстаўратара сцены былі вільготнымі на вышыню 3 метраў ад зямлі, вада літаральна выцякала з адкрытых месцаў — зандажоў, бо цэмент на сценах, які выкарыстоўвалі пры папярэдніх рамонтах, — воданепранікальны матэрыял. Распаўсюдзілася цвіль, а солі, якія выступалі на паверхні, шкодзілі фрэскам. Ніжнія часткі сцен былі цалкам разбураны.

Пры гэтым праца над рэстаўрацыяй фрэсак унутры храма, якая звычайна робіцца ў апошнюю чаргу, была практычна завершаная, а яе фінансаванне спынена. Рэстаўратары маглі праводзіць свае даследаванні толькі падчас будаўнічых работ, што ўскладняла працу.
Храм быў ачышчаны ад цэменту, таўшчыня якога ў некаторых месцах даходзіла да 7 см, а разбураныя часткі сцен умацаваныя. Амаль не засталося спецыялістаў, якія б умелі фіксаваць дамангольскую муроўку, таму даводзілася навучаць гэтаму на месцы, каб справіцца з каласальным аб'ёмам старажытнай муроўкі, якая пасля будзе схаваная яшчэ многія дзесяцігоддзі.


Фасады былі практычна не даследаваны, каб скласці праект і далей працягваць працы. Таму вырашылі захаваць найбольш вядомы выгляд помніка пачатку XIX стагоддзя, а ў інтэр’еры — максімальна паказаць інтэр’ер XII стагоддзя. Рэстаўратары заплюшчылі вочы на залаты купал — прынамсі абараняў храм ад ападкаў.
«У такія сціслыя тэрміны рэстаўрацыі займацца выпраўленнем усіх памылак папярэднікаў — гэта не зусім правільны шлях», — тлумачыць рашэнне навуковы кіраўнік.

Першапачаткова рэстаўратары хацелі сабраць усе артэфакты XII стагоддзя ў адзін буйны зандаж на фасадзе. Але, калі сталі расчышчаць сцены, то атрымаўся пярэсты «дыван», давялося мяняць падыход: засталіся два зашклёныя зандажы, якія паказваюць фрагменты архітэктуры і роспісаў, і два зандажы ў тынкоўцы.

Умацаванне храма
Калі праводзіліся інжынерныя абследаванні, стала зразумела, што асноўныя дэфармацыі сцяны адбыліся не тады, калі з’явіўся новы дах, як думаў Ракіцкі, а ў працэсе будаўніцтва крыпты ў пачатку XVIII стагоддзя. Праз гэту крыпту слупы храма аселі, нагрузкі перайшлі на вонкавыя сцены, якія пайшлі трэшчынамі. Тагачасныя будаўнікі адразу ж заклалі ўсе нішы ў сценах.


Акрамя таго, два ўваходы ў крыпту, размешчаныя адзін супраць аднаго з разборкай падмуркаў, практычна раскалолі будынак на дзве часткі: заходняя частка жыве сваім жыццём, цэнтральная — сваім. Фактычна ўся рэстаўрацыя ўнутры храма звялася да таго, каб сабраць помнік разам. Многія замураваныя пасля з'яўлення крыпты праёмы ўдалося раскрыць, але з улікам складанага стану помніка, некаторыя нішы застануцца замураванымі да наступнай, больш грунтоўнай рэстаўрацыі.


Новую падлогу зрабілі на тым жа ўзроўні з лістоўніцы, якая не стварае такога гніення і больш карысная для помніка. Выйсці на ўзровень гістарычнай падлогі, якая знаходзіцца прыкладна на 60—65 см ніжэй, аказалася пакуль немагчыма. Каб паказаць, на якую глыбіню сыходзяць сцены і слупы, а таксама рэшткі падлогі XII стагоддзя ў алтарнай частцы, былі зробленыя шкляныя ўчасткі. Шкляную падлогу таксама запраектавалі і ў адной з келляў на другім паверсе, дзе былі выяўленыя растворныя падлогі XII стагоддзя з элементамі роспісу.


Тут жа на хорах дэмантавалі драўляную шахту пашкоджанай вінтавой лесвіцы XIX стагоддзя, аднавіўшы першапачатковую планіроўку. Выявілася, што сцены за ёй былі ў жахлівым стане, а падлога мела трэшчыны шырынёй 10 см.
Рэстаўратарам, нягледзячы на грубае ўмяшальніцтва, усё ж удалося адстаяць навуковы археалагічны метад рэстаўрацыі, захаваўшы і элементы пазнейшых перабудоў, і аднавіўшы арыгінальны. Планіроўку страчаных галерэй вакол храма паказалі адрозным брукам. У будучыні плануецца стварыць экспазіцыйную зону на гарышчы, дзе можна будзе паказваць унікальныя для старажытнарускага дойлідства какошнікі і закамары.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Гэта яшчэ адна фальсіфікацыя навязаная РПЦшнай акупацыяй