Спадзяемся, вы не знойдзеце сваю прычоску ў гэтай падборцы.
Стрыжка — адзін са спосабаў самавыяўлення. Яна можа падкрэсліць індывідуальнасць і расказаць пра характар чалавека. Таму не варта ставіцца да выбару прычоскі спусціўшы рукавы. Каб не памыліцца, азнаёмцеся з тымі мадэлямі, якія канчаткова і беззваротна выйшлі з моды.
Выгаленыя ўзоры
Сучаснасць, у якой мы жывем, апошнім часам усё больш нагадвае свет «Вар'яцкага Макса», але паўтараць стыль персанажаў таго фільма пакуль не трэба.

Нават Раналду, які доўгія гады аддаваў перавагу экстравагантным футурыстычным прычоскам, адмовіўся ад ідэі выгаляць ўзоры на сваёй патыліцы — і не памыліўся. Такая стрыжка ўжо не актуальная.
«Мамкін іракез»
Калі імкненне стаць панкам сустракаецца з матулінымі забаронамі, некаторыя мужчыны робяць «псеўдаіракез». Асноўны мінус такой прычоскі — яна патрабуе дбайнай укладкі і выкарыстання вялікай колькасці фіксуючых сродкаў.

Для тых, хто апошнія сезоны мучыўся з такой стрыжкай, ёсць добрыя навіны: яе можна смела састрыгаць.
Марачок ці пляцоўка
Такая стрыжка была асабліва папулярная ў дзевяностыя — тады «пляцоўку» насілі ўсе самыя вядомыя галівудскія «кепскія хлопцы». Мяркуючы па ўсім, некаторыя мужчыны затрымаліся ў настальгіі па гэтым дзесяцігоддзі.

Надышоў час адпусціць мінулае, каб на яго месца прыйшло нешта свежае і сучаснае.
Пёры
Трэнд нулявых да гэтага часу сустракаецца на галовах беларускіх хлопцаў. Трэба прызнаць, што «пёры» нядрэнна глядзяцца на тыктокерах, а вось з астатнімі такая стрыжка гуляе злы жарт — робіць вобраз нафталінавым і нядбайным.

Рэтра-бібер
Прычоска залатых часоў Бібера нядрэнна прыжылася ў нашых шыротах: у адзін час яе насіў ледзь не кожны падлетак. Аднак цяпер гэтая рамантычная прычоска страціла сваю актуальнасць — час звярнуць увагу на нешта новенькае.

Пампадур
Любоў да гэтай складанай канструкцыі прыйшла да нас з Італіі. Але тамтэйшыя мужчыны маюць больш цвёрдую структуру валасоў і для іх такая ўкладка не займае шмат часу. Нашым жа хлопцам даводзіцца хітраваць: рабіць начос ды наносіць моцны стайлінг.

Ці каштуюць затрачаныя намаганні італьянскай эстэтыкі — вялікае пытанне. Часцяком тое, што добра выглядае на фота ці на подыуме, у жыцці ўспрымаецца занадта вычварна.
Грыўка на прамых валасах
У 40-х гадах мінулага стагоддзя гэтая прычоска была папулярная ў пай-хлопчыкаў. Паслухмяны малы з часам вырастаў ва ўзорнага бацьку і вернага мужа, а бліскучая грыўка сігналізавала дамам, што з такім мужчынам можна смела будаваць спакойную, моцную сям'ю.

Увесь флёр стрыжкі разбурыў Гітлер — цяпер грыўка на прабор асацыюецца менавіта з ім. Але нават без гэтага параўнання такая прычоска мала каму пасуе, а калі дакладней — увогуле нікому.
Зачос на лысіну
Валасы, акуратна зачасаныя на лысіну, — не лепшая маскіроўка. Такая прычоска кідаецца ў вочы і толькі падкрэслівае, што адсутнасць валасоў — балючая тэма для мужчыны. Настолькі, што ён выбірае быць недарэчным, але з «шавялюрай», а не стыльным, але без валасоў.

Калі, дачытаўшы гэты артыкул, вы зразумелі, што з вашымі валасамі усё добра, не расслабляйцеся — праверце, ці няма памылак у вашым гардэробе.
Памятаеце фрыка з шыкоўнымі вусамі з маршаў ябацек? Вось як ён цяпер выглядае
У Беларусі ёсць цырульня, дзе можна пастрыгчыся за рубель
У Магілёве знайшлі цырульню, якая цалкам захавалася з 90-х. Яна працуе, і ў ёй тая ж цырульніца
Беларускі барбер збірае мільёны праглядаў у тыктоку. Чым ён прываблівае?
Каментары