Прапагандыстаў абурыла слова «беларусы» на майках Mark Formelle
За «мову змагароў» прыгразілі Крымінальным кодэксам.

Беларускі брэнд Mark Formelle трапіў у цэнтр скандалу пасля таго, як паказаў дызайн футболак з папулярным цяпер у сацсетках хэштэгам #беларусыговорят. Кампанія звярнулася да сваіх падпісчыкаў у сацсетках з пытаннем «Выпускаем?», атрымаўшы вялікую падтрымку і звыш 40 тысяч лайкаў.
Але адарванай ад беларускага грамадства прарасійскім актывістам і дзяржаўнай прапагандзе муляла вока тое, як напісаны хэштэг — выбух эмоцый выклікала тое, што па-руску слова «беларусы» напісанае праз «а».
Першы ў атаку кінуўся прапагандыст Рыгор Азаронак. Ён не толькі абвінаваціў кампанію ў «непісьменнасці» і прапанаваў падарыць ёй слоўнік, але і пабачыў у надпісе «схаваную фігу ў кішэні» — намёк на нелаяльнасць да рэжыму.
«Ці то я дурань, ці то лыжы не едуць. Відавочна, што Mark Formelle набіраў дызайнераў паводле прынцыпу непісьменнасці», — напісаў Азаронак.
Больш стрымана адрэагаваў іншы дзяржаўны ідэолаг, Вадзім Гігін, які проста папрасіў запомніць, што ў рускай мове правільна толькі «белОрус» і «белОрусский». Але Азаронак працягнуў сваю лінію, заявіўшы, што «так пішуць змагары і экстрэмісты» і што ў гэтым «няма нічога выпадковага».
Падключылася і прапагандыстка Людміла Гладкая, якая прапанавала ў якасці «падарунка» не слоўнік, а Крымінальны кодэкс.
Сам Mark Formelle пакуль не адрэагаваў на шквал неадэкватных абвінавачанняў.
Каментары
ай путают только людей и проблему пропагандисты раздувают на пустом месте, надо ж показать что не зря им платят