«Альтэрнатыва для Германіі», якая выступае супраць мігрантаў, перамагае ва Усходняй Германіі, дзе і так амаль няма мігрантаў
Тут партыя атрымала каля 30% галасоў, апярэдзіўшы ўсе астатнія. Усходнія немцы вінавацяць у сваіх бедах мігрантаў, на якіх трымаецца эканамічны дабрабыт Заходняй Германіі.

Лідарка ультраправай «Альтэрнатывы для Германіі» Аліса Вайдэль называе вынік сваёй партыі на датэрміновых выбарах у Бундэстаг гістарычным.
Паводле звестак экзітполаў «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) заняла другое месца сярод партый, атрымаўшы ад 19,5% да 20% галасоў.
«Мы дабіліся гістарычнага выніку. Мы ніколі не былі мацнейшымі на федэральным узроўні», — заявіла Вайдэль, хоць гэты вынік і меншы за той, на які разлічвала партыя.

Лідарка партыі пацвердзіла сваю гатоўнасць да супрацоўніцтва з блокам ХДС/ХСС, але паабяцала, што праз чатыры гады яе партыя абгоніць хрысціянскіх дэмакратаў, бо ХДС, на яе думку, падманвае сваіх выбаршчыкаў, спісваючы іх з рахункаў і праводзячы выключна левую палітыку.
Найбольш моцную падтрымку «Альтэрнатыва для Германіі» атрымала зноў ва Усходняй Германіі, дзе апярэдзіла ўсе астатнія партыі, набраўшы, па прагнозах тэлеканала ARD, каля 30% галасоў выбаршчыкаў.
Пра тое, чаму ўсходнія немцы галасуюць інакш, чым астатняя Германія, мы пісалі раней у асобным артыкуле.
Сцяна ў галаве. Чаму ўсходнія немцы галасуюць інакш?
«Альтэрнатыва для Германіі» прытрымліваецца нацыяналістычных, еўраскептычных поглядаў і выступае за ўзмацненне жорсткасці міграцыйнай палітыкі Германіі, каб абараніць «нямецкую культуру», але напраўдзе гэта звычайная спекуляцыя на ўяўным страху малазабяспечаных людзей страціць сваю працу на карысць танных працаўнікоў.
Праз гэта да яе таксама прымыкаюць разнастайныя неанацысцкія, расісцкія, ісламафобныя і ксенафобныя рухі.
Свайго поспеху партыя дасягнула на хвалі міграцыйнага крызісу, які захлынуў Еўрапейскі саюз з восені 2015 года, калі ў разы ўзрасла плынь бежанцаў і нелегальных мігрантаў з Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёвай Азіі.
Былыя камуністычныя краіны аказаліся больш уразлівымі да ксенафобскай радыкалізацыі, бо на працягу дзесяцігоддзяў не мелі такога ж кантакту з прадстаўнікамі іншых краін і культур, які мелі жыхары краін Захаду. Усходняя Германія не стала выключэннем.
У часы пасляваеннага аднаўлення эканомікі Заходняя Германія адчувала востры дэфіцыт працоўнай сілы, страціўшы на вайне значную частку працаздольнага мужчынскага насельніцтва. Сітуацыя абвастрылася з пачатку 1960-х гадоў, калі ГДР закрыла мяжу, спыніўшы прыток імігрантаў, які дазваляў часткова закрываць патрэбы Заходняй Германіі.
Замест немцаў Германія пачала наймаць гастарбайтараў з Турцыі, дзе быў моцны эканамічны крызіс. У наступныя дзесяцігоддзі былыя гастарбайтары перацягнулі ў Германію свае сем’і, натуралізаваліся і атрымалі нямецкае грамадзянства. На момант аб’яднання Германіі тут жыло некалькі мільёнаў чалавек турэцкага паходжання.

Ва Усходняй Германіі масавага прыцягнення гастарбайтараў пасля вайны не было. Гамагеннае нямецкае грамадства, калі сутыкнулася з рэаліямі нацыянальнай разнастайнасці ў Заходняй Германіі, аказалася надзвычай ксенафобным.
На гэта таксама наклаліся праблемы перабудовы эканомікі і вялікага беспрацоўя — замежнікі ўспрымаліся выключна як тыя, хто адбірае працу ў карэнных. Прыток мігрантаў у час міграцыйнага крызісу толькі ўзмацніў гэтыя перакананні.
Заходнім немцам, якія паўстагоддзя пражылі з тымі ж туркамі ў адной краіне, ксенафобія аказалася менш уласцівая. Да таго ж многія былыя мігранты атрымалі права голасу і таксама маглі ўплываць на вынікі выбараў.
Каментары