Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму выданню Corriere della Sera назваў «непатрэбнымі спекуляцыямі» чуткі аб магчымай адстаўцы Папы, паведамляюць Навіны Ватыкана.

«Цяпер мы думаем пра здароўе Святога Айца, ягонае аздараўленне і вяртанне ў Ватыкан: гэта адзінае, што мае значэнне», — падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
Напярэдадні Зала Друку Апостальскай Сталіцы абвергнула паведамленне італьянскага тэлеканала RaiNews24, паводле якога Францішак нібыта сустрэўся ў клініцы Джэмэлі з кардыналамі П’етрам Паралінам і Джанфранка Гірландам. Гэта парадзіла спекуляцыі наконт таго, што 88-гадовы пантыфік, які захварэў на пнеўманію, мог абмяркоўваць з іерархамі сваю адстаўку.
Дзяржсакратар назваў звычайнай справай тое, што ў сітуацыі хваробы пантыфіка распаўсюджваюцца чуткі і гучаць недарэчныя каментары. Ён адзначыў, што гэта адбываецца ўжо не ўпершыню і імкнецца трымацца ад такіх «манёўраў» як мага далей.
Іерарх расказаў, што некалькі дзён таму вярнуўся з Буркіна-Фасо і паведаміў Святому Айцу аб гатоўнасці наведаць яго ў шпіталі, «але пакуль у гэтым не было патрэбы». «Лепш, каб ён заставаўся абароненым і прымаў як мага менш наведвальнікаў, каб мець магчымасць адпачыць і, такім чынам, зрабіць тэрапію, якую ён праходзіць, больш эфектыўнай. Дзякуй Богу, навіны з Джэмэлі абнадзейваюць, ён папраўляецца», — падкрэсліў кардынал Паралін.
У сваю чаргу, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, у інтэрв’ю аргенцінскай газеце La Nación падкрэсліў, што не бачыць сэнсу ў тым, каб «пэўныя групы дамагаліся адрачэння» Папы, бо для таго, каб гэта рашэнне было сапраўдным, «яно павінна быць прынята свабодна Святым Айцом».
Каментары