Як працуе міліцэйская сістэма відэаназірання: па фота знаходзіць чалавека ў аўтобусе, у супермаркеце і ў школе
Беларуская міліцыя заявіла, што яе агульнарэспубліканская сістэма відэаназірання здольная ідэнтыфікаваць чалавека па адным фотаздымку і адсачыць яго перамяшчэнні па ўсёй краіне.

У сюжэце АНТ супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС прадэманстравалі, як працуе агульнарэспубліканская сістэма відэаманіторынгу. Інфармацыя з камер відэаназірання з усёй краіны паступае ў маніторынгавы цэнтр у рэжыме рэальнага часу. Гэта дазваляе аператыўна адсочваць перамяшчэнне людзей і аналізаваць іх паводзіны.

Каб прадэманстраваць працу сістэмы, супрацоўнікі Дэпартамента загрузілі фатаграфію журналіста і атрымалі запісы з камер па ўсёй краіне, дзе напярэдадні ён быў зафіксаваны. Сярод іх былі запісы з відэакамеры ў школе, адкуль мужчына забіраў дзіця, супермаркеце на поўдні Мінска, краме ў іншым горадзе краіны.

Акрамя таго, у сюжэце былі прадэманстраваны запісы з камер у грамадскім транспарце, якія таксама інтэграваныя ў сістэму. Фіксуецца і ўсё тое, што трапляе на міліцэйскія відэарэгістратары.
Міліцыя падкрэслівае, што сістэма прызначана для павышэння бяспекі, але яе шырокія магчымасці выклікаюць і пытанні наконт прыватнасці і кантролю за грамадзянамі.

У многіх краінах прымяненне відэаназірання рэгулюецца строгімі законамі, што абмяжоўвае выкарыстанне даных і гарантуе правы грамадзян на прыватнасць. У Беларусі ж такія механізмы кантролю развіваюцца без публічнай дыскусіі, што робіць яе жыхароў аб'ектамі пастаяннага назірання.

Кожны чалавек, які трапляе ў поле зроку камер, можа быць ідэнтыфікаваны і адсочаны ў рэжыме рэальнага часу, а яго перамяшчэнні захоўваюцца ў базе даных. Гэта азначае, што міліцыя і іншыя дзяржаўныя структуры маюць магчымасць у любы момант даведацца, дзе быў чалавек, у якія месцы заходзіў і як перасоўваўся па краіне.
Каментары
вам як выскоквае на кожным сайце даўжэзнае пагадненьне браць кукізы, там спасылка на эўракалгасны закон пра абарону асабістых даных.
так вось, любыя мае камуняны, не палянуйцеся пачытаць ВЫКЛЮЧЭНЬНІ з гэтага загону - даўжэзны спіс сілавікоў ды пракурораў, каму вас віжаваць дазволена.