Маладая маці з Магілёва паказала, як бясплатна выносіць дарагую касметыку з крам
«Іду легальна красці касметыку ў краму «Кравт». Цікава, можа, мяне наогул выганяць адсюль».

Да нараджэння дзіцяці Ганна Блажэева працавала доктаркай-дэрматавенеролагам. Але пайшла з медыцыны ў блогерства.
Перад паходам у краму парфумерыі і касметыкі Ганна загадзя набыла набор невялікіх пластыкавых слоічкаў. І ў краме пачала пераліваць сабе з тэстара танальны крэм ад Vivienne Sabo.
— Я бяру на адзін разік, я не нахабная, як іншыя, якія па літры наліваюць, — кажа блогерка з Магілёва.
Потым Ганна звярнула ўвагу на сываратку ад Clarins, якая каштуе больш за 500 рублёў.
— Ого! Я ніколі такога дарагога на сябе не мазала. Вось у мяне прыгожы спецыяльны слоічак для сываратак. Можа, яшчэ нешта больш дарагое ўзяць?
Яна адначасова заўважыла, што кансультантка побач напружылася.
У наборы Ганны знайшоўся нават адмысловы слоік для тушы. Жанчына спачатку не вельмі разумела, як туды пакласці туш з тэстару, але ўсё ж змагла ўзяць крышачку. Не забылася блогерка адліць і бляск для вуснаў.
— Я ўжо дастаткова стырыла, але ўсё-такі падыдзем да духоў.
Тыктокерка напшыкала сабе невялікі запас, і выбачылася перад «Кравтам» — сказала, што калі-небудзь абавязкова купіць. У гэты момант не вытрымалі нервы ў кансультанткі. Яна звярнулася да наведвальніцы:
— Можа, ужо хопіць?!
Пасля гэтага Ганна сышла з крамы, не забыўшыся пахваліцца на камеру здабытым і сваёй сціпласцю.
За чатыры дні відэа набрала 1,5 мільёна праглядаў і больш за 100 тысяч лайкаў. А ў каментарыях, на дзіва, шмат хто падтрымаў Ганну. Нехта нават абурыўся паводзінамі кансультанткі, бо палічыў, што жанчына ўзяла роўна столькі ж, колькі б нанесла б на сябе ў краме, калі б тэсціла касметыку на месцы.
«У якім сэнсе «хопіць»? Тэстары для таго і патрэбныя каб тэсціраваць», — гэты каментарый сабраў больш за 3 тысячы лайкаў.
У хуткім часе Ганна запісала відэа, у якім яна фарбуецца вынесенай з «Кравту» касметыкай, суправаджаючы подпісам, што колькі каштуе.
— Адкажу на самае распаўсюджанае пытанне — «А што, так можна было?». Так, сябры мае, але абавязкова трэба спытаць. Мне запрасілі нават адміністратара і я атрымала дазвол.
Сам лайфхак не новы. Гэтую параду абмяркоўвалі на розных форумах яшчэ ў 2010 годзе. Тады некаторыя жанчыны пісалі, што кансультанткі нават самі адліваюць крыху, калі іх аб гэтым папрасіць.
Каментары