Пакуль прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разважаў аб падпісанні пагаднення з ЗША аб карысных выкапнях, Крэмль прапанаваў адміністрацыі Дональда Трампа дамову аб расійскіх прыродных рэсурсах, піша The Moscow Times.

Расія мяркуе, што амерыканскія нафтавыя кампаніі могуць вярнуцца ў краіну, а акрамя таго, зацікаўлена ў сумесных з ЗША праектах у Арктыцы, заявіў перад пачаткам перамоў у Саудаўскай Аравіі кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў.
Па словах Дзмітрыева, аднаго з трох дэлегатаў, выбраных Уладзімірам Пуціным для сустрэчы з амерыканцамі ў Эр-Рыядзе, у Маскве лічаць важным аднаўленне эканамічнага супрацоўніцтва з ЗША.
У буйных нафтавых кампаній ЗША ў Расіі быў «вельмі паспяховы бізнэс», сказаў Дзмітрыеў: «Мы верым, што ў нейкі момант яны вернуцца, таму што чаму б яны сталі адмаўляцца ад магчымасці доступу да расійскіх прыродных рэсурсаў, якую давала ім Расія?»
«Нам трэба таксама рабіць сумесныя праекты, у тым ліку, напрыклад, і ў Арктыцы, і ў іншых галінах, сумесныя праекты дазволяць нам быць больш паспяховымі», — працягнуў Дзмітрыеў.
Паводле яго слоў, амерыканскія кампаніі нібыта страцілі $300 млрд ад санкцый супраць Расіі, а адміністрацыя Джо Байдэна «давала вельмі шмат няправільных пасылаў» пра стан расійскай эканомікі.
Да ўварвання ва Украіну толькі адна буйная амерыканская кампанія займалася здабычай нафты ў Расіі: гэта Exxon Mobil, якой належыць 30% у праекце «Сахалін-1».
Пасля ўвядзення санкцый кампанія абвясціла аб выхадзе з праекта, але прадаць долю так і не змагла: першапачаткова меркавалася, што гэта адбудзецца ў 2023 годзе, аднак Крэмль двойчы падаўжаў тэрміны — у апошні раз да канца 2026 года.
Пасля пачатку вайны аб сыходзе з Расіі абвясцілі таксама вядучыя амерыканскія нафтасэрвісныя кампаніі — Halliburton, Schlumberger і Baker Hughes, з дапамогай якіх у краіне ўдалося аднавіць здабычу пасля абвалу ў апошнія гады СССР.
Прэзідэнт Уладзімір Пуцін патрабаваў, каб да 2025 года ў краіне былі створаны ўласныя тэхналогіі бурэння і разведкі вуглевадародаў, а іх доля дасягнула б 80%. Але ў рэальнасці больш за палову абсталявання для гідраразрыву пласта — тэхналогіі, якая дазваляе павялічваць аддачу свідравін, а таксама здабываць нафту, якую цяжка здабыць — па-ранейшаму пастаўляецца з «недружалюбных» краін. А па некаторых пазіцыях — напрыклад, ротарных кіраваных сістэмах, — залежнасць ад імпарту татальная і складае 100%, падлічылі эксперты «Якаў і партнёры».
Урад РФ у стратэгіі развіцця мінеральна-сыравіннай базы да 2050 года прызнаў, што залежнасць ад імпартнага абсталявання ў здабычы і разведцы карысных выкапняў захоўваецца. Яна складае больш за 90% па буравым абсталяванні, 50% па горных машынах, 30% — па наземным геафізічным абсталяванні, гаворыцца ў дакуменце.
Каментары