«Мы павінны прызнаць, што ўступаем у новую эру». Што абмяркоўвалі лідары ЕС на экстранным саміце ў Парыжы
Лідары еўрапейскіх краін правялі экстранны саміт у Парыжы перад перамовамі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Масквой без удзелу Еўропы. Пра канкрэтныя рашэнні па выніках сустрэчы не паведамлялася, аднак у ЕС і НАТА заявілі пра неабходнасць больш інвеставаць у абарону, а таксама даць Кіеву надзейныя гарантыі бяспекі, піша ВВС.

У перамовах бралі ўдзел лідары Францыі, Брытаніі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Даніі, Польшчы, Нідэрландаў, а таксама кіраўнікі НАТА і ЕС.
«Гатовыя і поўныя жадання. Такое маё меркаванне пра сённяшнюю сустрэчу ў Парыжы. Еўропа гатовая і хоча зрабіць крок наперад. Узначаліць наданне гарантый бяспекі для Украіны. Гатовыя ўкладаць значна больш сродкаў у нашу бяспеку. Дэталі яшчэ трэба вызначыць, але абавязацельствы зразумелыя», — напісаў у сацсетцы X генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.
Пра гэта самае казаў пасля саміту і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, які арганізаваў сустрэчу ў Парыжы. Паводле яго слоў, еўрапейцы павінны «лепш, больш і разам» інвеставаць у абарону цяпер і ў будучыні.
«Для гэтага еўрапейцы жадаюць паскорыць рэалізацыю сваёй уласнай праграмы па забеспячэнні суверэнітэту, бяспекі і канкурэнтаздольнасці. Праца будзе працягнутая на аснове прапаноў Еўракамісіі — як па падтрымцы Украіны, так і па развіцці і інвеставанні ў нашу абарону», — заявіў Макрон.
Ён таксама паведаміў, што пасля перамоў у Парыжы стэлефанаваўся з прэзідэнтамі ЗША і Украіны — Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім.
«Мы імкнемся да трывалага і доўгачасовага міру ва Украіне. Для гэтага Расія павінна спыніць сваю агрэсію, і гэта павінна суправаджацца моцнымі і надзейнымі гарантыямі бяспекі для ўкраінцаў. У адваротным выпадку ёсць рызыка, што гэтае спыненне агню скончыцца гэтак жа, як Мінскія пагадненні», — дадаў французскі лідар.
Зяленскі таксама расказаў пра размову з Макронам.
«Казалі пра глабальную сітуацыю, сітуацыю ў Еўропе і, у прыватнасці, гарантыі бяспекі для Украіны. У нас агульнае бачанне: павінны быць надзейныя, моцныя гарантыі бяспекі. Любое іншае рашэнне без такіх гарантый, напрыклад крохкае спыненне агню, стане толькі чарговым падманам з боку Расіі і прэлюдыяй да новай расійскай вайны супраць Украіны ці іншых краін Еўропы», — напісаў ён у тэлеграме ў панядзелак увечары.
Брытанскі прэм'ер-міністр Кір Стармер расказаў пасля саміту ў Парыжы, што на наступным тыдні адправіцца ў ЗША, каб абмеркаваць з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам «ключавыя элементы доўгатэрміновага міру».
Стармер адзначыў, што цяпер «на карту пастаўлена не толькі будучыня Украіны, але і пытанне існавання Еўропы ў цэлым». «Толькі трывалы мір ва Украіне, які абароніць яе суверэнітэт, утрымае Пуціна ад далейшай агрэсіі», — заявіў ён.
«У цяперашні момант мы павінны прызнаць, што ўступаем у новую эру, і перастаць безнадзейна чапляцца за камфорт мінулага. Час узяць на сябе адказнасць за нашу бяспеку, за наш кантынент», — дадаў прэм'ер-міністр.
Па словах Стармера, у бліжэйшыя дні ён пагаворыць і з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, а затым еўрапейскія лідары плануюць правесці яшчэ адну сустрэчу.
Ён падкрэсліў, што любое мірнае пагадненне павінна быць гарантавана ЗША.
«Гарантыі бяспекі з боку ЗША — адзіны эфектыўны спосаб утрымаць Расію ад новага нападу на Украіну», — сказаў брытанскі прэм'ер.
Стармер таксама паўтарыў, што разгледзіць магчымасць размяшчэння брытанскіх войскаў ва Украіне ў выпадку заключэння трывалага мірнага пагаднення.
Як пісала напярэдадні Financial Times, у ходзе сустрэчы ў Парыжы некаторыя еўрапейскія лідары (перш за ўсё Германія, Польшча і Іспанія) заявілі пра сваё нежаданне накіроўваць міратворчыя сілы ва Украіну.
Спасылаючыся на трох чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы сустрэчы, газета паведамляла, што Францыя прапанавала абмеркаваць стварэнне «сіл забеспячэння», якія будуць размешчаныя за лініяй баявога судакранання, а не на ёй.
Кіраўнік МЗС Іспаніі Хасэ Мануэль Альбарэс сказаў, што «ніхто цяпер не разглядае магчымасць адпраўкі войскаў ва Украіну». Варшава таксама не гатовая накіраваць войскі ва Украіну, пацвердзіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Канцлер Германіі Олаф Шольц захаваў асцярожнасць у пытанні разгортвання войскаў ва Украіне, заявіўшы, што дэбаты па гэтым пытанні заўчасныя, адзначае FT.
Шольц, які першым з еўрапейскіх лідараў выступіў перад журналістамі пасля перамоў у Елісейскім палацы, зноў заявіў пра неабходнасць працягваць падтрымку Украіны.
«Мы вітаем размовы пра мірнае пагадненне, але для нас відавочна, што гэта не можа быць дыктат», — сказаў Шольц.
Паводле яго слоў, Германія будзе працягваць інвеставаць у абарону, а Еўрасаюз павінен стаць больш гнуткім у пытаннях бюджэту, калі яго члены плануюць траціць на абарону больш як 2 працэнты ВУП.
Каментары