Здароўе55

«У мяне выпалі ўсе валасы». Беларуска перанесла страшную ангіну

У пачатку 2024 года Вольга Майхроўска прыехала ў Варшаву, каб працаваць барыстай. Але ўжо некалькі месяцаў жанчына не можа вярнуцца да звычайнага жыцця: яна перахварэла на такую цяжкую ангіну, што баялася — не выжыве.

Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» адкрыў збор на тое, каб дапамагчы Вользе аднавіць здароўе пасля хваробы — паўдзельнічаць можна тут.

«Распачалася гнойная ангіна, увесь рот і язык былі ў мяне пакрытыя язвамі»

Сёння Вользе 45 гадоў, і амаль дзесяць з іх жанчына не можа хадзіць — усё праз аварыю ў снежні 2015-га і пералом хрыбетніка. Пасля аварыі Вольга перайшла на дыстанцыйную працу — знайшла вакансіі менеджаркі па продажах, адміністратаркі ў начным клубе, а таксама паспрабавала вязаць на продаж. Гэтае ўменне яна скарыстала ў 2020-м, калі вязала бел-чырвона-белыя шапкі ў падарунак і на продаж, паспела паўдзельнічаць у пратэстах.

У пачатку 2024 года Вольга з сынам перабралася ў Варшаву. Кавярня «Інклюзіўны барыста» ўзяла яе на працу.

Фота: архіў суразмоўцы

А ў кастрычніку жанчына моцна захварэла. Яна згадвае, што ў яе пачалі вельмі моцна балець зубы — Вольга звязвае гэта з тым, што двойчы трапіла пад залеву, і ў яе распачалося запаленне нерва. Далей было толькі горш:

«Пачала моцна балець шыя, не магла яе павярнуць. [Была] тэмпература 40, якая зусім не збівалася. Адчувала моцную слабасць, не магла ўстаць з ложка. Распачалася гнойная ангіна, увесь рот і язык былі пакрытыя язвамі.

У мяне выпалі практычна ўсе валасы, потым адстрыгла рэшткі. Дзякуй Богу, яны пачалі адрастаць, і цяпер у мяне кароткая стрыжка».

На той час у Вольгі не было польскага дазволу на жыхарства, таму яна не магла карыстацца медыцынскай дапамогай па дзяржстрахоўцы. Выратавала тое, што дома былі запасы антыбіётыкаў, а з нерэцэптурнымі лекамі дапамаглі сябры.

«У мяне настолькі быў прыгнечаны дух, што думала — не ачуняю»

Пакуль жанчына ляжала дома з ангінай, яе даглядаў сын:

«Сын гатаваў есці — рабіў булёны ці набываў у краме гатовы суп для мяне. Я практычна не магла глытаць, плакала, але ведала, што мне трэба есці. Часам за дзень толькі піла лекі, бо зусім не магла глытаць, часам піла абязбольвальныя, каб магла глытаць суп.

Сын дапамагаў мне з адзеннем, з праннем. Даглядаў мяне, дапамагаў паварочвацца».

Калі зрабілася трохі лягчэй, Вольга атрымала польскі ДНЖ і трапіла да доктара ў паліклініцы. Там ёй выпісалі антыбіётыкі і расказалі, як лячыцца далей. Праўда, ёй так і не патлумачылі, з чым звязаная настолькі цяжкая ангіна — доктар толькі адзначыў, што «цяпер шмат хто так хварэе».

На выздараўленні ўсё не скончылася, бо цяпер Вользе даводзіцца аднаўляць здароўе пасля ангіны. У яе распачаліся праблемы з засваеннем жалеза і бялку, і гематолаг лічыць, што хвароба магла даць ускладненне на страўнік жанчыны. Таму ёй прызначылі гастраскапію і каланаскапію, каб зразумець, адкуль праблемы з засваеннем рэчываў.

А ўжо ў сакавіку 2025 года Вольгу чакае аперацыя. Усё праз тое, што падчас ангіны пролежань яе на цагліцы дайшоў да косткі. Такія сітуацыі, расказвае беларуска, часта здараюцца з людзьмі на вазку. А ў яе невялічкі пролежань утварыўся яшчэ да ангіны:

«Я прыкладала да яго мазь, і ўсё было нармальна, усё зажывала. Але калі я захварэла, мала рухалася і не магла даглядаць той пролежань, ён моцна павялічыўся. Магчыма, трэба было часцей мяняць павязку, але ў мяне не было сіл».

Фота: архіў суразмоўцы

Аперацыю на пролежань Вользе зробяць па страхоўцы, у адрозненне ад абследаванняў. Гэта будзе пластыка цягліцы: хірургі выражуць змярцвелую частку і, каб замяніць яе, выкарыстаюць здаровую цягліцу побач з ранай. 

Цяпер жанчына адчувае сябе нашмат лепш, чым у часы ангіны. Растуць новыя валасы, паказчыкі ў яе аналізах вяртаюцца да нормы. Пролежань усё яшчэ баліць, але гэта не параўнаць з тым, як Вольга адчувала сябе падчас ангіны:

«Псіхалагічна я была на дне, думала пра эўтаназію. Не бачыла прасвету ў гэтай хваробе, не ведаю, чаму ў мяне ўзнікалі такія думкі. У мяне настолькі быў прыгнечаны дух, што думала — не ачуняю».

У цяжкія часы добра бачна, якія людзі цябе атачаюць, і Вольгу не пакінулі без падтрымкі:

«Да мяне прыязджалі — сябры, пастаянныя кліенты. Прыязджалі барыста, з якімі я працавала, а калі перад Новым годам мяне шпіталізавалі, мяне і там наведвалі. Падтрымка вельмі моцная».

«Байсол» адкрыў збор на тое, каб дапамагчы Вользе аднавіць здароўе пасля хваробы — паўдзельнічаць можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • ?
    19.02.2025
    P-CAD, я не знаю польских нюансов, но она работала в кофейни и не было мед.страховки ?
  • Максим Дизайнер
    19.02.2025
    P-CAD, Причем тут ваша солидарность?Ольге помогли друзья и польские врачи. Сил бедной женщине пережить эти испытания, и побольше разных хороших людей на пути.
  • P-CAD
    19.02.2025
    ?, я ня ведаю. Як наяўнасьць ці адсутнасьць страхоўкі ўплывае на элементарную інфармацыйную падтрымку чалавека ў інклюзіўным калектыве? Нават са страхоўкай ёй магла спатрэбіцца нейкая дапамога ў побытавых справах.

Цяпер чытаюць

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё8

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Усе навіны →
Усе навіны

У Жужы з'явіўся новы дом — новае ВІДЭА5

Мінчук ператварыў аднапакаёвую кватэру ў хатні кінатэатр. А зараз збіраецца яе прадаць1

Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў прыехаў у Гомель, каб здзекавацца з бяздомнай жанчыны28

Двух беларусаў і літоўца затрымалі ў Італіі са скрадзеным Ferrari2

Радаслаў Сікорскі прывёз на з'езд кансерватараў у ЗША збіты ўкраінцамі расійскі шахед4

Маладому чыгуначніку з Брэста пагражае да дванаццаці гадоў за палітыку1

Трамп заявіў, што Украіна і ЗША не павінны былі дазволіць Расіі пачаць вайну8

Спыталі папулярныя мадэлі ШІ пра беларускую нацыянальную ідэю. Вось што адказалі амерыканскія, а што кітайская20

У Дзень роднай мовы папулярная пісьменніца сабрала свае ўлюбёныя прымаўкі, і тут паляцела12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё8

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць