Жарты бразільца пра Беларусь разышліся па сацсетках. Ябацькі ўжо называюць яго бэчэбэшнікам
Стэндапер Елізеў Роза-малодшы з Бразіліі да пераезду ў Польшчу амаль нічога не ведаў пра Беларусь. Але цяпер ён цікавіцца беларускімі навінамі, спрабуе вывучаць нашу мову і жартуе пра Лукашэнку для англамоўнай аўдыторыі.

Так атрымалася, што Елізеў Роза-малодшы пераехаў у Польшчу ў жніўні 2020 года.
— Гэта быў вельмі важны момант для Беларусі. Я бачыў людзей, якія пратэставалі і пачаў цікавіцца краінай — суседкай Польшчы. Праз некаторы час у мяне з'явіліся сябры-беларусы, а яшчэ праз тры гады я сустрэў сваю дзяўчыну, якая таксама з Беларусі. Дзякуючы ім я шмат чаго даведаўся: і пра гісторыю, і пра сітуацыю з мовай.
Суразмоўца кажа, што вельмі хоча аднойчы паехаць у Беларусь, але разумее, што пакуль гэта немагчыма праз небяспеку.
Нават жартуе пра партал на мяжы, дзе знікаюць людзі: «Паміж Беларуссю і Польшчай няма мяжы — там партал. Часам гэта як Хогвартс, дзе цябе раптам могуць забраць у Азкабан».
Комік на сцэне прызнаваўся, што з хваляваннем назіраў за апошнімі выбарамі ў Беларусі: «Я вельмі хваляваўся, хто ж пераможа, — казаў стэндапер і тлумачыў кантэкст для тых у зале, хто не ведае пра спецыфіку беларускіх выбараў. — У Беларусі свая спецыфічная сістэма: кандыдата, які набраў больш за ўсё галасоў, аб'яўляюць прайграўшым Лукашэнку».
Стэндапам Елізеў цікавіўся даўно, глядзеў шмат выступаў комікаў на YouTube і Netflix. А прыкладна год таму ў яго з’явілася магчымасць самаму выйсці на сцэну. Дапамог Цярэнцій Марыніч — беларус, які робіць англамоўны стэндап.
— Ён запрасіў мяне ў тур. Гэта быў мой першы досвед — выступаць у розных гарадах і краінах, перад рознымі людзьмі. Мы гастралявалі па Польшчы, потым наведалі і Данію. І ўсё гэта адбылося вельмі хутка.
Ці зразумелыя англамоўнай аўдыторыі жарты пра Беларусь?
— Часам людзі здзіўляюцца ці нават лічаць, што некаторыя рэчы, якія я кажу, — няпраўда, бо яны не ў курсе падзей у Беларусі. Нават у Польшчы і Літве людзі часта не ведаюць, што адбываецца ўсяго за некалькі гадзін язды ад іх — ці ўвогуле на мяжы іх краіны. Але я лічу, што мае жарты дапамагаюць данесці хаця б нейкую інфармацыю. Я распавядаю людзям цікавыя факты пра Беларусь, пра якія яны раней не ведалі.
Елізеў чуў, што Славу Камісаранку беларускія ўлады прызналі «тэрарыстам».
— Я ўпэўнены, што боязь жартаў — гэта не выключная рыса беларускага ўраду. Такое сустракаецца ў кожнай дыктатуры. Бо праз жарты можна лёгка перадаваць шмат інфармацыі, матываваць людзей паразважаць пра нешта. У любой дыктатуры баяцца, што людзі змогуць змяніць сваё мысленне пра краіну, пра сістэму. Таму яны ствараюць міф пра ідэальнасць свайго рэжыму (і тое, што ўсюды жывуць значна горш) і вельмі не хочуць, каб яго разбуралі. У маёй краіне таксама была дыктатура, і ўсё было вельмі падобна.
Дзе ж бразільскі стэндапер бярэ ідэі для жартаў?
— Я шмат чытаю беларускія навіны. Мне цікава ведаць, што адбываецца. Я падтрымліваю сувязь з вялікай колькасцю беларусаў. Напэўна, у мяне больш кантактаў з беларусамі, чым з палякамі. Я часта чую гісторыі пра Беларусь, пра падзеі, нейкія цікавосткі. Для мяне гэта ўсё матэрыял для выступленняў.
Праз жарты пра Беларусь Елізеў Роза-малодшы ўжо сутыкнуўся з хэйтам — нехта з беларусаў-ябацек, якія жывуць у Еўрасаюзе, назваў яго бэчэбэшнікам. Стэндапер кажа, што не ведаў, што гэтае слова значыць. Прыйшлося высвятляць значэнне:
— Калі даведаўся, хто такі бэчэбэшнік, здзівіўся: бо я ж нават не беларус, каб мяне так называць. Але цікава, канешне.
Ёсць і іншыя прыклады, калі людзі, якія былі на стэндапе, пазнаюць коміка ў горадзе і кажуць: «Жыве Беларусь!».
— Мне здаецца, што жарт, які людзям заўсёды вельмі падабаецца, — гэта той, дзе я распавядаю, як мы з маёй дзяўчынай робім адно аднаму сюрпрызы. Я вырашыў зрабіць ёй сюрпрыз — пачаў вучыць беларускую мову, а яна зрабіла сюрпрыз мне — тым, што яе не ведае.
Елізеў Роза-малодшы кажа, што ў гэтым жарце толькі доля жарту. Бо дзяўчына яго ведае беларускую мову, але не размаўляе на ёй.
— І такая сітуацыя ў многіх беларусаў, з якімі я знаёмы. Гэта цікава, бо па-за Беларуссю многія нават не ведаюць, што можа існаваць моўная праблема. Я хацеў закрануць гэту тэму, бо я як бразілец не размаўляю на якой-небудзь «бразільскай» мове — я размаўляю на партугальскай, мове каланізатараў. І я думаю, што ў Беларусі ў людзей яшчэ ёсць магчымасць захаваць сваю мову, калі яны будуць ёй карыстацца. Таму я лічу важным казаць пра неабходнасць размаўляць на беларускай.
Сам стэндапер сапраўды пачынаў вучыць беларускую мову. Але цяпер часова пераключыўся на вывучэнне рускай, бо хоча рабіць стэндап у тым ліку і па-руску.
— А калі мой узровень рускай палепшыцца, я вярнуся да вывучэння беларускай, — абяцае хлопец.
«Чыноўнікі»-купалаўцы станчылі пад «Сігма бой» і скарылі сацсеткі
«Далась тебе вот эта Польша, в РБ зарплата больше». Штучны інтэлект напісаў прапагандысцкі хіт
Сын заснавальніка БелаПАН стварыў з сябрамі стэндап-клуб. Пагутарылі з Янам Ліпаем пра яго жыццё і бацьку
Стала вядома пра арышт стэндапера і радыёвядучага Сцяпана Манкевіча
Каментары