Грамадства33

«Маглі абліць вядром вады, а потым ударыць электрашокерам». Нядаўнія адміністрацыйна зняволеныя расказалі пра цяперашнія ўмовы ўтрымання

«Вясна» паразмаўляла з чатырма беларусамі, асуджанымі па адміністрацыйных справах у канцы 2024-га — пачатку 2025 года, і распытала ў іх пра ўмовы ўтрымання для «палітычных» у розных гарадах Беларусі. Яны расказалі, як прымушаюць прысядаць голым падчас праверак, як робяць уколы праз «кармушкі», як катуюць холадам у камерах РУУСа, пра беларуса-«вагнераўца» на Акрэсціна і пра тое, якія сродкі катаванняў выкарыстоўваюць у КДБ і ГУБАЗіКу.

Затрыманне на мяжы

Вольга (імя зменена ў мэтах бяспекі) трапіла восенню пад пераслед пасля вяртання з-за мяжы. Пасля пашпартнага кантролю ў адным з беларускіх прапускных пунктаў яе знялі з рэйсавага аўтобуса.

«Такіх гісторый шмат: мяне знялі з аўтобуса. Затрымліваў КДБ — такіх гісторый таксама шмат. У першай камеры ІЧУ нас такіх было трое. Насамрэч усё было «лайт», ніхто не збівае, не заломвае рукі. Проста гэта доўга цягнулася.

Калі праходзіш пагранічны кантроль то яны, відаць, прабіваюць па нейкіх базах, бо было ўсё зразумела па выразу твару мытніцы. Яна так пасміхнулася, што я адразу зразумела, што ўсё дрэнна. Раней мяне не было ў ніякіх спісах, бо я не тое каб спакойна, але ўязджала, і ніколі не было ніякіх праверак.

Яны пытаюць, што рабілі за мяжой, куды ездзілі, з кім камунікавалі. Яны правяраюць перапіскі.

У адной дзяўчыны знайшлі фразу: «Давай сустрэнемся, я перадам табе грошы». Проста яе сяброўка праз яе перадала грошы маці. І яны прычапіліся да яе, маўляў, якія грошы. То-бок «фінансаванне з-за мяжы» для іх — чырвоная ануча. І за любое згадванне кантактаў, грошай, перадач яны пачынаюць крычаць: «Ты сядзеш на 25 гадоў».

«Суд праходзіць праз тэлефон міліцыянта, які суправаджае»

Пасля затрымання адбыўся допыт у КДБ. Па словах Вольгі, супрацоўнікі паводзілі сябе дастаткова спакойна, але яе сукамерніца сутыкнулася з катаваннямі з іх боку:

«Агулам адчувалася, што сілавікі ўсе былі дзіка стомленыя. Кэдэбэшнік, які дзяўчыну біў электрашокерам, быў дакладна ад стомленасці азвярэлы. Бо агулам кэдэбэшнікі не жасцілі, фізічную сілу не прымянялі».

Пасля ў РУУСе супраць Вольгі склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Жанчына адзначае, што пры складанні пратакола, у якім звычайна пазначана, што чалавек «буяніў і лаяўся», міліцыянты звычайна не задаюць ніводнага пытання. У некаторых выпадках людзям нават не паказваюць пратакол і кажуць, што яго можна не падпісваць.

«Суд праходзіць праз тэлефон міліцыянта, які суправаджае. Гэта ўжо перастала быць нават імітацыяй. Перад табой ставяць асабісты тэлефон міліцыянта са скайпам і далей — канвеер. Спачатку суддзя чытае пратакол, потым сведка чытае яго ж».

Пасля суда Вольгу з ІЧУ перавялі ў ЦІП на Акрэсціна.

«Асноўная праблема ў тым, што ў некаторых узламалі партызанскія тэлеграмы»

Суразмоўца ўзгадвае, што сярод сукамерніц было шмат тых, каго затрымлівалі проста на працы, таму некаторых дзяўчат прывозілі ў калготках, спадніцах і туфлях на абцасах. У асноўным усе палітычныя былі асуджаныя за «дробнае хуліганства». Тых, у каго за час арышту знаходзілі нешта ў тэлефонах, перазатрымлівалі ў межах крымінальных спраў.

«Калі я была на Акрэсціна, то затрыманых можна было падзяліць на два вялікія класы: людзі, якіх затрымліваў КДБ, і людзі, якіх затрымліваў ГУБАЗіК. КДБ затрымлівалі тады па адной вялікай справе, а ў ГУБАЗіКа такая больш руцінная праца: фотаздымкі, праверкі тэлефонаў.

То-бок затрыманні ў іх больш выпадковыя, яны спачатку затрымліваюць, потым штосьці шукаюць у тэлефоне і абавязкова знаходзяць. Асноўная праблема ў тым, што ў некаторых узламалі партызанскія тэлеграмы, бо адкрыліся асабістыя перапіскі і кантакты.

Пры мне ў камеры было стабільна 10-12 чалавек. Камера двухмесная. Да мяне, дзяўчаты казалі, было максімум 16 чалавек. Спачатку было вельмі холадна, а потым вельмі горача. Правілы там увесь час змяняюцца. Ты ніколі не ведаеш, што можна, бо сёння гэта нельга, заўтра яшчэ тое нельга. На другі паверх ложка чамусьці нічога нельга вешаць. Адна дзяўчына павесіла туды, прыйшоў прадольны, крычаў, пазабіраў усе рэчы і выкінуў іх».

«Заходзіш у камеру, а ў цябе па падлозе раскіданыя майткі, тампоны і пракладкі»

Падчас штодзённых «шмонаў» арыштанткам трэба ўсе рэчы браць у рукі, каб іх не павыкідалі. Адзінае, што заставалася ў камеры — пракладкі і тампоны. Супрацоўнікі кожны дзень раскідалі іх па ўсёй камеры, кажа Вольга.

«І мокрыя майткі, якія сохнуць на батарэях, таксама трэба было скінуць на падлогу. І вось ты заходзіш у камеру, а ў цябе па падлозе раскіданыя майткі, тампоны і пракладкі».

Падчас арышту жанчын здымалі на камеру, верагодна,для сістэмы назірання Kipod.

«Нас здымалі некалькі разоў: у ІЧУ, у ЦІПе. Рабілі і відэа, і фота. І, напэўна, для штучнага інтэлекту, калі просяць паварочваць галаву ўверх, уніз, направа, налева. Таксама каля камеры запісвалі відэа з кожнай, дзе мы казалі, што абавязваемся больш ніколі нічога…Падпісвалі нейкія паперы, што мы азнаёмленыя з тым, што нам нельга парушаць закон».

«Укол рабілі праз «кармушку», нават не заходзілі ў камеру»

«Самая вялікая праблема — алергія на клапоў. Іх вельмі шмат. У дзяўчат некаторых была алергія. Расказвалі, што адной дзяўчыне было зусім кепска, у яе былі велічэзныя язвы на руках. Ёй нават выклікалі хуткую дапамогу, але ўкол рабілі праз «кармушку», нават не заходзілі ў камеру».

Сукамерніцы расказвалі Вользе, што некаторых на ноч да суда змяшчалі не ў ІЧУ, а гарадскі аддзел міліцыі (ГАМ).

«Тыя, хто праз гэта прайшоў, кажуць, што ноч там — самае жахлівае. Бо там клапы, бяздомныя, холад сабачы, а яны прымушаюць разувацца. І яны ў калготках у гэтым дубаку ўсю ноч».

Пры гэтым пры прыёме ў ГАМ затрыманы мусіць быць абавязкова ў кайданках.

«Я ў адной цішотцы спаў на бетоннай падлозе»

Восенню 2024 года ў Магілёве быў затрыманы Іван (імя зменена ў мэтах бяспекі). Падставай сталі лайкі, каментары, падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.

У затрыманні мужчыны бралі ўдзел супрацоўнікі АМАПа і ГУБАЗіКа. Яго адразу паклалі тварам на зямлю, надзелі кайданкі, пасля чаго адзін з сілавікоў ударыў Івана па галаве нагой. Падчас ператрусу яму літаральна разграмілі ўсю кватэру.

На допыт мужчыну вязлі на падлозе буса. «Размова» ва ўпраўленні праходзіла жорстка: мужчыну збівалі, пагражалі крымінальнай справай і пераследам яго сям'і. Некалькі гадзін сілавікі дэтальна вывучалі тэлефон магілёўца, але нічога па выніку не знайшлі.

Затым Івана перавезлі ў РУУС. Супраць яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Да ночы мужчыну змясцілі ў камеру, дзе «вады давалі праз раз».

«Потым мяне ў ІЧУ павезлі — і пачалося. Спачатку быў шмон: распранулі, папрысядаў. Дзяжурны пабачыў па камерах, прыбег да наглядчыка і шапнуў на вуха, што я нібыта палітычны. Тады надзелі кайданкі, паўсюль у іх вадзілі.

Прывялі ў карцар, я там быў трэцім. Швэдар адабралі, таму я быў у шкарпэтках, трыко і цішотцы. Там адна шконка, і вось я ў адной цішотцы спаў на бетоннай падлозе».

«Здымаеш майткі і рукі да сцяны ў кайданках»

Суд праходзіў па скайпе ў ІЧУ. Івану прызначылі арышт.

«Кожны дзень нас пераводзілі з аднаго карцару ў іншы. Ноччу было прыкладна тры-чатыры прабудкі (ці праверкі, як яны гэта называлі). То-бок ты мусіў устаць, падысці да акенца і назваць сваё імя, прозвішча і імя па бацьку.

Раніцай праходзіў вобшук: распранаешся да майткоў, па чарзе падыходзіш да акенца, каб надзелі кайданкі, бярэш рэчы, тады адчыняюцца дзверы, выходзіш і кладзеш рэчы на лаўку, здымаеш майткі і рукі да сцяны ў кайданках. Тады ногі па шырыні плячэй і прысядаеш. У гэты час нашы рэчы абшукваюць.

Вы ўявіце, якія за тыдзень былі шкарпэткі і майткі. Бо ні зменнай бялізны, ні зубной шчоткі — нічога. Толькі агрызак мыла на ўсіх і туалетная папера па запыце. З туалетнай паперы хлопцы сцілкі рабілі ў шкарпэткі, каб ногі не так мерзлі.

Я за гэты час так «убіў» пяткі, што ногі адышлі толькі праз месяц. Бо сядзець увесь час не будзеш — каб сагрэцца, ходзіш па камеры туды-сюды ўвесь дзень у шкарпэтках».

Такіх праверак за дзень было прыкладна па тры-чатыры разы ў залежнасці ад змены, кажа Іван. Перадачы для затрыманых не прымалі. Ежу палітычным прывозілі апошнім. Мужчына мяркуе, што гэта робіцца спецыяльна, каб зняволеныя не атрымлівалі цёплае харчаванне. Сагрэцца можна толькі кісялём у абед. Хлеб давалі часам не парэзаным на кавалкі, а цэлым. Пры гэтым у арыштантаў не было магчымасці яго самастойна нарэзаць.

Іван прыгадвае, што ва ўсіх камерах вельмі шмат клапоў. Святло гарыць увесь час. Па словах сукамернікаў Івана, у той час у магілёўскім ІЧУ адбывалі арышты і затрыманыя ў Мінску. Такая практыка выкарыстоўвалася сілавікамі ў 2020 годзе, калі праз вялікую колькасць арыштантаў з Мінску на ўсіх не хапала месца на Акрэсціна.

«У туалет мяне вадзілі басанож»

Кірыл (імя зменена ў мэтах бяспекі) адбываў арышт на Акрэсціна ў Мінску напрыканцы 2024 года. Супраць мужчыны ў РУУСе склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

«Нібыта сам прыйшоў у РУУС, неяк трапіў на другі паверх, размахваў рукамі, буяніў, і г. д.».

Ноч да суда мужчына правёў у камеры ўпраўлення. Міліцыянты распранулі Кірыла да майткоў, а ў камеры ўключылі вентыляцыю.

«І вось з вечара і да шостай раніцы я ў адных майтках у бетонным памяшканні з тэмпературай +10 — +12 усю ноч так і правёў. Без абутку. Да іх было цяжка нават дагрукацца. Прасіўся ў туалет, каб пабыць у больш цёплым месцы. У туалет мяне вадзілі басанож».

Суды над затрыманымі праходзілі на наступны дзень. Усіх перавялі ў актавую залу, дзе за некалькі гадзінаў праз скайп суддзя разглядзела ўсе справы.

«Там усё адразу было вырашана. Мне сказалі, што мяне дакладна закрыюць на суткі. Усім алкашам, якія жонак збівалі, скралі штосьці ці штосьці такое, давалі штрафы ці некалькі сутак, а мне — самы максімальны тэрмін арышту.

Увесь час з моманту затрымання мяне не кармілі. Мы там знайшлі нейкую бутэльку для вады, каб хоць папіць».

«Клапоў было мора»

У ЦІП мужчыну перавялі ўжо бліжэй да вечара.

«У мяне адразу забралі куртку, і агулам усе палітычныя былі без верхняга адзення. У мяне быў цёплы швэдар і цішотка, таму мне яшчэ пашанцавала, а некаторых забіралі ў цішотках ці кашулях.

У першай камеры ў нас было дастаткова спакойна: ноччу нас ніхто не падымаў. Нас было ад шасці да васьмі чалавек на чатыры шконкі. Крана не было, толькі вядзерца, каб хоць рукі памыць.

Клапоў было мора. Чатыры чалавекі спалі на шконках, два-тры — на падлозе, яшчэ адзін — на лаўцы».

Мужчына ўзгадаў, што да іх у камеру перавялі бяздомнага, які спаражняўся пад сябе.

«Мы прымусілі яго за сабой прыбіраць камеру, каб не было смуроду. І цікава, што ён аказаўся «вандроўнікам». Як я зразумеў іх схему, яны тых бяздомных тусуюць паміж гарадамі па ўсёй Беларусі: у аўторак ідзе этап па маленькаму колу, а ў чацвер — па вялікаму. І вось гэтага чалавека адправілі ў Магілёў, там яго не прынялі і прывезлі назад, змясцілі на Акрэсціна. Але падчас пераклічкі казалі, што збіраюцца зноў везці яго туды, хаця сам ён мінскі».

«Калі ўсе клаліся на падлогу, то не ўсім хапала месца»

У гэтай камеры суразмоўцу пратрымалі толькі некалькі дзён. Пасля яе Кірыла перавялі ў карцар — гэта маленькае памяшканне з ложкам, прышпіленым да сцяны. Звычайна ў месцах зняволення гэты ложак апускаецца на ноч, але ў ЦІПе на Акрэсціна — не.

«Камера — менш за 10 кв. м. Нас там было максімум 13 чалавек, амаль усе палітычныя. То-бок калі ўсе клаліся на падлогу, то не ўсім хапала месца, каб паспаць. Акенца было ўвесь час адчынена, таму было даволі халодна. Праз плітку на падлозе клапоў было мала. Але на падлозе было немагчыма доўга ні сядзець, ні ляжаць. Бо або ныркі пачыналі адмаўляць, або ногі пухлі, або пачыналі ўсе хварэць».

Па словах былога арыштанта, пералік медыкаментаў на Акрэсціна вельмі малы. Мужчына ўзгадвае, што калі затрыманыя не паспявалі ўзяць у медсястры таблеткі, то іх проста закідалі ў камеру і чалавек мусіць шукаць іх на падлозе.

«Ноччу нас будзілі кожныя дзве гадзіны. Часам нас проста маглі падняць і зладзіць пераклічку і адпусціць спаць, а маглі прымусіць прастаяць паўгадзіны».

«У гэтай камеры заўсёды стабільна мусіла быць 16 чалавек»

Супрацоўнікі да арыштантаў ставяцца па-рознаму — некаторыя больш жорстка, кажа мужчына.

«Тыя, якія ставіліся дрэнна, тушылі святло ноччу, і тады клапам было раздолле, яны бегалі і нас кусалі».

Пасля карцару мужчына трапіў у камеру, дзе не адчынялі вокны. У ёй было два ложкі на восем чалавек. Там было заўсёды душна, таму «прадольныя», каб зазірнуць у камеру да арыштантаў, спачатку мусілі працерці вочка ад кандэнсату. Арыштанты прасілі супрацоўнікаў праветрыць памяшканне, бо ў людзей пачалося галавакружэнне, у некаторых пухлі ногі.

Наступная камера, у якую перавялі Кірыла, была па плошчы як карцар, але «шконак» там было чатыры.

«У гэтай камеры заўсёды стабільна мусіла быць 16 чалавек. Калі кагосьці забіралі, то ў той жа дзень да нас пераводзілі новага. Там немагчыма было развярнуцца».

«Яны ўсе прыязджалі збітыя»

Суразмоўца адзначае, што хлеб прыносілі няякасны, за палову дня на ім з'яўлялася цвіль. А тыя кавалкі, што заставаліся — проста забіралі.

«Жорсткае затрыманне было ў тых, хто пакідаў каментары пра ГУБАЗіК ці КДБ. Яны ўсе прыязджалі збітыя, падымалі цішоткі, паказвалі. Іх маглі абліць вядром вады, а потым ударыць электрашокерам. Казалі, што маглі збіць падчас таго, як везлі да Рэвалюцыйнай [вуліца, на якой размешчаны будынак ГУБАЗіКу]. Збівалі іх там дубінкай і электрашокерам».

За ўвесь час арышту Кірыл налічыў 52 сукамернікаў, якія былі асуджаныя па «палітыцы». Прыкладна 10 з іх трапілі пад так званую «карусель» — гэта значыць, што пасля заканчэння аднаго тэрміну іх перазатрымлівалі і зноў кідалі на «суткі». У перадачах для арыштантаў прымалі толькі мыла і туалетную паперу. Але тым, каго перазатрымлівалі, можна было перадаць зубную пасту і шчотку.

Туалетная папера, якую арыштантам выдавалі нібыта з перадач сваякоў, была аднолькавая, таму Кірыл мяркуе, што тую паперу, якую прымаюць у перадачах, супрацоўнікі ЦІПа забіраюць сабе, а той, якую выдаюць, адміністрацыя абавязана забяспечваць арыштантаў паводле «правілаў унутранага распарадку».

«Быў беларус, якія ваяваў на баку Расіі ў «Вагнеры»

Часам у камеру падсаджваюць «качак», якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, кажа Кірыл.

«Па размовах я зразумеў, што там доўга сядзеў украінец, якога таксама апрацоўвала «качка». Не ведаю, калі яго затрымалі.

Таксама быў там «вагнеравец», беларус, якія ваяваў на баку Расіі ў «Вагнеры». Ён увесь перабіты, паламаны быў. Ён там ударыў нейкага міліцыянта, а яго толькі па адміністрацыйнай справе затрымалі, не па крыміналцы. Ён быў у вайсковай форме з шаўронамі Расіі, са сцягамі гэтымі».

«Аднойчы 12 гадзін не магла дачакацца таблетку»

Святлана была арыштаваная напачатку 2025 года ў невялікім горадзе Мінскай вобласці (сапраўднае імя гераіні і горад не агучваюцца ў мэтах бяспекі). «Суткі» жанчына адбывала ў мясцовым ІЧУ разам з яшчэ некалькімі «палітычнымі».

Па яе словах, у ізалятары не хапае матрацаў, бо іх няма нават у «не палітычных» камерах. Матрацы з клапамі не апрацоўваюць парай ці спецыяльнымі сродкамі, а проста скідаюць ці ў душ, ці на двор.

«Ежа — жэсць. Кашы камкамі, катлеты — хлебныя, але з дадаткам ці то рыбы, ці то каўбасы. Паліць у камерах нельга, толькі падчас шпацыру. Цыгарэты захоўваюцца на складзе, таму ўзяць іх можна толькі калі выходзіш з камеры — раз у дзень».

Але ў шпацыры «палітычным» адмаўляюць, прапануючы «дыхаць праз акенца». Камера была разлічаная на восем чалавек, але арыштантак там было да 13-ці, узгадвае суразмоўца. Спаць прыходзілася на падлозе.

«Лекі ў камеры браць не даюць. Кажуць, што прынясуць, калі спатрэбіцца. Але я аднойчы 12 гадзін не магла дачакацца таблетку.

У душ дазволена хадзіць не ўсім, пры мне некаторых выводзілі, але там вельмі брудна».

У камерах туалет не закрыты, пад відэакамерамі. Але арыштанткі закрывалі яго прасцінай. Святло ў камерах гарыць увесь час.

Каментары3

  • Хахатоу́скі
    13.02.2025
    Стары цясьляр з нашай вёскі адседзеу́ 13 гадкоу́ пасьля вайны за тое , што працавау́ на польскую і немецкую выведку , слухау́ заходняе радыё , насіу́ ,,нянашы,, шмоткі , ведау́ замежныя мовы .
    Ён дажыу́ да першых ,,выбарау́,, 1994 і казау́ - не заздрошчу вам , хлопцы , рускае гэб'ё бярэ кладу , чакае нас чарговая ауупацыя .
    Спадзявайцеся толькі на сябе , ніхто вам не дапаможа .
    Паглядзіце каго ,,выбралі,, прэзідэнтам .
    Будзеце сядзець за 2-3 словы , як мы .
  • Ёсік
    13.02.2025
    Закон па-беларуску - ці яны цябе з'ядуць, ці ты зможаш абараніцца. Як, гэта іншае пытаньне. Пакуль не пабачым пакаяльнае відэа з мусаўцам, умоўным сьцёпкам, маёрам, [Рэд. выдалена], да таго часу з нас будуць зьдзеквацца і нас будуць зьнішчаць. Мо гэта мары, але хто ведае? Асад са сваім статкам таксама лічыў, што краіну перадасць сыну, і да скону свайго надалей будзе смачна жэрці.
  • Сколько можно?!
    13.02.2025
    Ёсік, сколько можно сравнивать арабов и беларусов?
    Да и Асад ст. успешно передал страну Асаду мл. И правили они 54 года.

Цяпер чытаюць

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё16

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Усе навіны →
Усе навіны

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыку, змяніўся начальнік1

ХАМАС вызваліў двух закладнікаў, а на працягу дня групоўка абяцае адправіць яшчэ чатырох1

EPAM назваў чысты прыбытак за год. Лічба ўражвае7

ЗША прыгразілі перакрыць Украіне доступ да Starlink11

У Жужы з'явіўся новы дом — новае ВІДЭА6

Загубіла жыццё праваслаўнага дырэктара, які хацеў стаць прэзідэнтам. Гісторыя самай дзіўнай царквы Мінска10

Мінчук ператварыў аднапакаёвую кватэру ў хатні кінатэатр. А зараз збіраецца яе прадаць1

Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў прыехаў у Гомель, каб здзекавацца з бяздомнай жанчыны28

Двух беларусаў і літоўца затрымалі ў Італіі са скрадзеным Ferrari2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё16

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць