Грамадства99

Білі дубінкамі, ставілі на расцяжку, цкавалі сабакамі: як катавалі за намер удзельнічаць у антываенным мітынгу

Пасля памятных падзеяй 2020 года, калі тысячы беларусаў упершыню прайшлі праз рэпрэсіі з боку сілавых структур, жыхару Мінска Канстанціну (прозвішча ў мэтах бяспекі не публікуецца) нейкі час шанцавала — на той час яго мінуў гэты жахлівы досвед. Але 27 лютага 2022 года, у дзень рэферэндуму, ён сабраўся на антываенны мітынг супраць расійскага ўварвання ва Украіну. З гэтай даты ў ягоным жыцці ўсё змянілася кардынальна. Канстанцін распавёў «Вясне» пра свае перажыванні, якія і дагэтуль пакідаюць прыкметны адбітак на ягоным жыцці.

Каля адной з мінскіх школ 27 лютага 2022 года. Фота: «Новы час»

«Кожнага б сама вывела ў двор і застрэліла ўласнаручна»

У нядзелю, 27 лютага, ідучы на прыпынак грамадскага транспарту, Канстанцін заўважыў, як за ім следам ідзе падазроны мужчына ў цёмна-зялёнай куртцы. Ён сеў у транспарт, праехаў крыху і тады побач з’явіўся цёмны мікрааўтобус «Фольксваген». У раёне вуліцы Чырвонай яго затрымалі трое амапаўцаў і адвялі ў аўтамабіль, у якім знаходзіліся яшчэ двое чалавек у цывільным.

— У мяне адразу адабралі тэлефон, праверылі заплечнік. Мужчына ў цывільным некалькі разоў ударыў мяне па твары і скроні. Недзе праз паўгадзіны мяне і яшчэ аднаго чалавека адвезлі ў Першамайскі РУУС, сталі апытваць і пісаць пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Таксама быў пракурор, які запалохваў, каб не хадзіў на дэманстрацыі. А адна супрацоўніца у Першамайскім РУУСе крычала на нас за тое, што мы выйшлі супраць вайны, што кожнага б сама вывела ў двор і застрэліла ўласнаручна.

Калі ў бетоннай камеры ў аддзяленні міліцыі сабралася некалькі чалавек, вечарам нас павезлі ў «стакане» на Акрэсціна. Там двое сутак чакаў суда, — успамінае той дзень Канстанцін.

Суд адбываўся ў маленькім пакойчыку на другім паверсе, дзе стаялі два сталы з ноўтбукамі. Суддзя Максім Трусевіч праводзіў працэс па скайпе, было вельмі дрэнна чуваць, і мужчына амаль нічога не разумеў. Увесь працэс доўжыўся каля 20 хвілін. Па двух пратаколах (арт. 24.23 і 24.3 КаАП РБ) яму прысудзілі 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Затым сабралі партыю арыштаваных і павезлі ў Жодзіна.

«У камеры на 8 чалавек змяшчаліся 32 арыштанты»

«Найбольш жорстка да нас ставіліся ў ізалятары ў Жодзіна. Выводзілі на калідор і збівалі. На праверках таксама можна было ні за што атрымаць. Здаралася, што многіх білі галавой аб сцяну. Сама болей любіў здзекавацца невялікага росту надзіральнік Сцяпан, які меў відаць садысцкія схільнасці. Позна вечарам ці ноччу ён мог вывесці каго заўгодна ў калідор і прымушаў адціскацца ад падлогі і наносіў удары. Бачна, што яму гэта падабалася, — расказвае суразмоўца. — Яшчэ нейкі маёр перыядычна збіваў і пры гэтым называў усіх фашыстамі».

Перыядычна ў камерах ладзілі ператрусы, падчас якіх білі людзей галавой аб сцяну. Канстанцін прыгадвае, што збілі нават супрацоўніка Вайсковай акадэміі. Білі дубінкамі. Ставілі на расцяжку. А яшчэ на арыштаваных нацкоўвалі аўчарак, якія не кусалі, толькі моцна гаўкалі. Была неяк сітуацыя, што на калідоры нейкі мужык штурхануў сабаку і за гэта яго моцна збілі.

«Камера была перапоўненая, амаль усе палітычныя. Святло гарэла кругласуткава. Памятаю, аднойчы да нас падсялілі дваіх звычайных арыштаваных, ад якіх добра смярдзела алкаголем. У іх быў і матрац, і коўдра, і падушка, а ў астатніх толькі голыя металічныя пласціны. Іх нават кармілі лепей, чым нас. А «палітычным» — прэсная каша ды «чай», светлая такая вадкасць», — распавядае мужчына.

Канстанцін прыгадвае адзін выпадак, калі некалькі мужчын зачынілі ў душы і запырскалі памяшканне газам. Аднаму чалавеку гэта дапамагло прачысціць нос падчас кавіду, а іншаму патрапіла на «адно месца» і ён курчыўся ад пякельнага болю.

«Перад вызваленнем аднаму з затрыманых калі ён забіраў свае рэчы, не вярнулі 3000 еўра, а грошы былі ўнесеныя ў спіс рэчаў. Гэта сур’ёзная праблема. Усе забегалі па калідорах, бо што цяпер рабіць, гэтага ж не схаваеш цяпер. Затым неяк выкруціліся, заявілі: «Едзь на Акрэсціна, там усё патлумачаць і знойдуць грошы. Зразумела, што гэта была адгаворка», — распавядае Канстанцін.

Праз два тыдні мужчыну перавезлі ў ІЧУ ў Мар’іну Горку. Якраз набліжаўся Дзень Волі 25 сакавіка, таму тэрмінова пачалі вызваляць камеры, каб падрыхтаваць месца для будучых затрыманых.

ІЧУ ў Мар’най Горцы запомнілася дзікім холадам

Праз паўмесяца Канстанціна адвезлі ў аўтазаку ў Мар’іну Горку, у мясцовы РАУС, дзе быў ізалятар.

«Мар’іна Горка запомнілася сваім моцным холадам. Калі мы прасілі нешта з гэтым зрабіць, на гэта не звярталі ніякай увагі. Але там былі не амапаўцы, а звычайныя супрацоўнікі міліцыі, і ім было ўсё адно. Яны выконвалі тое, што ім было загадана, але там, у адрозненне ад Жодзіна, нікога не збівалі. У камеры на два чалавекі нас знаходзілася сямёра. Сярод нас — адзін сталага ўзросту, адзін сардэчнік, — кажа мужчына. — А калі нешта не падабалася, супрацоўнікі казалі: «Чамадан, вакзал, Варшава».

Суразмоўца распавядае, што лісты ад маці яму не перадавалі, не прынялі нават перадачу. Таму не было прадметаў гігіены і цёплага адзення. Нават у душ ніводнага разу не выводзілі. Таксама не дазвалялі днём спаць, а ўначы ад холаду было не заснуць.

 «Я разумеў, што некалі за мной прыйдуць ізноў»

Наступствы гэтага арышту не прайшлі для Канстанціна цалкам і дагэтуль. Нават знаходзячыся ў бяспечным месцы, ён працуе з псіхолагам, адчувае страх ад думкі вярнуцца ў Беларусь:

«Памятаю, неяк летам пасля таго арышту, сустрэліся з хлопцамі, з якімі разам сядзелі ў ІЧУ. Кажу: «Хутка дзень горада, давайце збярэмся разам, сходзім на свята!» А мне адказалі, што калі якія падзеі альбо свята, то мы сядзім дома і ўвогуле нікуды ў такія дні не выходзім.

І яшчэ, калі ты бачыш аўтамабіль з танаваным шклом, — у душы ўсё пераварочваецца, узнікае пачуццё страху. Нават зараз, калі знаходжуся ў бяспецы за мяжой, убачыўшы людзей у форме, хочацца перайсці на другі бок вуліцы ці яшчэ дзе-небудзь схавацца.

Я займаюся з псіхолагам, а некаторыя са знаёмых, якія прайшлі праз падобныя выпрабаванні доўгі час прымаюць таблеткі, настолькі ім дрэнна.

Псіхолаг неяк сказаў мне, што ўсе тыя перажыванні, увесь той боль, я заціснуў у сабе, і гэта не дае мне спакою і дагэтуль. Яно псуе мне жыццё. Паволі ўсё гэта адмоўнае выходзіць з мяне, але на гэта патрэбны час.

Пасля вызвалення я ўвесь час шукаў варыянты, як можна было з’ехаць з Беларусі. Ведаў, што некаторыя з тых, з кім я сядзеў, пакідалі ўсё і з’язджалі ў іншыя краіны, а дваіх ужо пасадзілі па крыміналцы. І я разумеў, што некалі за мной прыйдуць ізноў».

Каментары9

  • SHOS
    13.02.2025
    Наивно полагать, что всех их настигнет наказание. Показательно может быть в далёком будущем. В основной массе эти уроды будут жить спокойно. Пример Польши, ГДР
  • Чих
    13.02.2025
    А как можно газ распылить так,что бы он попал в"одно место"?
  • Імя
    13.02.2025
    Жах, але што з таго? Скоцтва - гэта натуральны стан для рускамірнага. Але ж манкурцкая маса, у якую паволі ператвараюцца беларусы, ня хоча вучыць свае ўрокі, ня хоча эвалюцыянаваць у бок цывілізацыі. А хоча заставацца ў русском міре і "жыць как в Фінляндіі". Дык хто ж ёй доктар?

Цяпер чытаюць

Ультралевыя пралятаюць міма бундэстага, а ўльтраправыя сабралі менш, чым разлічвалі1

Ультралевыя пралятаюць міма бундэстага, а ўльтраправыя сабралі менш, чым разлічвалі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяць Віктара Орбана можа купіць Raiffeisenbank у Расіі4

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна22

Тэхніка зламалася на наступны дзень пасля гарантыі. Ці можна вярнуць грошы?

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала самы трагічны момант у зняволенні1

Мінская блогерка панюхала дзверы суседа і гэтым выратавала яго ад магчымай гібелі6

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыку, змяніўся начальнік1

ХАМАС вызваліў двух закладнікаў, а на працягу дня групоўка абяцае адправіць яшчэ чатырох1

EPAM назваў чысты прыбытак за год. Лічба ўражвае8

ЗША прыгразілі перакрыць Украіне доступ да Starlink11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ультралевыя пралятаюць міма бундэстага, а ўльтраправыя сабралі менш, чым разлічвалі1

Ультралевыя пралятаюць міма бундэстага, а ўльтраправыя сабралі менш, чым разлічвалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць