Дарадца Ціханоўскай расказаў, як ён разам з Вячоркам сустракаў вызваленую Алену Маўшук
Палітзняволеную Алену Маўшук, якую вызвалілі ўчора, а сёння завезлі ў Вільню, сустракалі дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі. Кучынскі расказаў крыху пра абставіны сустрэчы.

«Прыкладна ў 19:30 па беларускім часе мы разам з Франакам Вячоркам забралі Алену ў амерыканскай амбасадзе ў Вільні. Таксама забралі рэчы, якія з ёй былі, і прывезлі яе ў беларускі шэлтар у Вільні, дзе сустрэла таксама прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Зазулінская», — апісвае Кучынскі.
Пры сустрэчы з палітзняволенай адразу паклапаціліся пра лекі для яе.
Алена ўваходзіла ў экстраны гуманітарны ліст палітвязняў — гэты тыя, каго праз стан здароўя патрабавалі выпусціць найперш.
Кучынскі заўважае, што нягледзячы на жахі, якія Алене давялося перажыць у калоніі, яна выглядала нязломленай: «Пад уражаннем ад сілы яе духу».
Кучынскі адзначае, што Офіс Ціханоўскай удзячны Дональду Трампу і яго камандзе за вызваленне трох палітвязняў. У мінулым годзе ў Вашынгтоне Кучынскі неаднаразова сустракаўся з найбліжэйшымі дарадцамі віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса і дзяржсакратара Марка Рубіа.
«Працягваем кантакт з амерыканскімі ўладамі і будзем спадзявацца, што ўсе беларускія палітвязні будуць вызваленыя», — дадаў ён.
Каментары
А потым выкінулі ў нейкі шэлтар! Вам цяжка скінуцца са сваіх грантавых заробкаў нашай гераіні на кватэру хоць?