«Здзіўлены, як добра працавалі пластыкавыя карткі». Што пішуць пра Беларусь на турыстычных форумах?
Нягледзячы на перашкоды, замежныя турысты прыязджаюць у Беларусь. Каб падрыхтавацца да паездкі, некаторыя з іх пакідаюць свае пытанні на папулярным турыстычным сайце Tripadvisor. Іншыя дзеляцца сваімі водгукамі. «Наша Ніва» паглядзела, што там пішуць замежнікі.

На форуме Tripadvisor у раздзеле пра Беларусь цяпер ёсць 2411 адкрытых тэм. Сярод іх можна знайсці гісторыі турыстаў, якія пабывалі ў нашай краіне і дзеляцца досведам.
Напрыклад, у канцы лістапада 2024-га там з’явіўся пост ад брытанца, які наведаў Беларусь па бязвізе. Мяркуючы па раскладзе, падарожнік даехаў у Мінск без затрымак: ён вылецеў з англійскага аэрапорта Лутан аб 11-й ранку па беларускім часе, даляцеў да Вільні, сеў там на аўтобус і ўжо ў 20:30 быў у Мінску. На мяжу ў брытанца пайшло прыкладна 3,5 гадзіны, і да гэтага ён паставіўся з разуменнем.
А вось што было для брытанца нечаканасцю:
«Я быў вельмі здзіўлены тым, як добра спрацавалі [пластыкавыя] карткі. Падазраваў, што ў найлепшым выпадку будзе 50 на 50, але яны працавалі амаль паўсюль. Мая картка не спрацавала толькі ў двух банкаматах і на тэрмінале ў мінскім метро. Таксама ў Mak.by мая картка чамусьці спрацавала толькі на касе, а не на тэрмінале самаабслугоўвання, але агулам мая картка ад Virgin Money працавала вельмі добра.
Я выкарыстоўваў яе шмат у якіх рэстаранах і супермаркетах, і таксама на лініі Сталіна. Apple Pay таксама працаваў. Я яшчэ ўзяў наяўныя, еўра і фунты. Нікому не рэкамендую не браць наяўныя, але агулам карткі аказаліся нашмат больш надзейнымі, чым я чакаў».

Аўтар паста двойчы пераначаваў у Мінску — у першы дзень ён вывучаў горад, а ў другі паехаў на маршрутцы на лінію Сталіна. Назад ён вяртаўся праз Вільню, і на гэты раз брытанец прайшоў мяжу ўсяго за 2 гадзіны.
У каментары да яго прыйшоў яшчэ адзін турыст, які пацвердзіў, што пераход праз мяжу займае пару гадзін, і падзяліўся ўражаннямі ад паездкі:
«Мінск фантастычны — прыгожы цэнтр, вельмі стылёва і неверагодна чыста!»
Не ўсім еўрапейцам так пашанцавала з карткамі ў Беларусі, як таму брытанцу — яго суайчыннік расказаў, што падчас трох паездак у Беларусь у 2024-м ён спрабаваў карыстацца карткамі чатырох розных банкаў, але беспаспяхова. Таму, раіць ён іншым падарожнікам, варта ўзяць з сабой запас грошай у еўра.
У іншым допісе на Tripadvisor сваімі ўражаннямі дзеліцца брытанец, які разам з сябрамі наведаў Беларусь вясной 2024-га. Турысты атрымалі візы праз беларускае пасольства ў Таліне, таму што перад гэтым падарожнічалі па балтыйскіх краінах, і паехалі ў Мінск на два дні. На мяжы ім спачатку былі не вельмі рады:
«Памежніца спачатку выглядала занепакоенай і некалькі хвілін раілася з калегай. Потым яна выкарыстала Google Translate на маім тэлефоне, каб задаць некалькі пытанняў. Яны былі трохі збянтэжаныя, што мы так шмат праехалі толькі дзеля таго, каб правесці ў Беларусі адну ноч, але ўрэшце трохі ўсміхнуліся наконт гэтага. Потым яна праштампавала нашы пашпарты і пажадала нам прыемнага падарожжа».
Брытанцы прайшліся па Мінску і зайшлі ў некалькі музеяў, а ўвечары елі, на іх думку, найсмачнейшы стэйк у іх жыцці ў адным з рэстаранаў у цэнтры Мінска. На наступны дзень сябры селі на аўтобус на Вільню. Падарожжа ім спадабалася, хаця яны і адзначаюць, што на мяжы было стрэсава — не толькі праз паводзіны беларускай памежніцы пры ўездзе, але і праз доўгае чаканне на літоўскім баку мяжы падчас выезду.
Што яшчэ пішуць падарожнікі? Іх хвалююць дэталі бязвізу і страхоўкі, спосабы даехаць у Беларусь і перасячэнне беларуска-расійскай мяжы. Трохі больш за месяц таму адзін з падарожнікаў пацікавіўся, як справы з цягніком Вільня-Мінск — маўляў, ён чамусьці не можа набыць квіток анлайн, як ён рабіў некалькі гадоў таму.
Яму патлумачылі, што гэты цягнік не ходзіць з часоў пандэміі, а да Беларусі можна даехаць на аўтобусе, і пры гэтым трэба быць гатовым пачакаць:
«На днях ехаў з Мінска ў Вільню. Быў насамрэч шакаваны, як шмат замежнікаў усё яшчэ вераць, што аўтобус прыедзе адпаведна часу, напісанаму ў іх анлайн-квітку. Столькі пішуць у інтэрнэце, што аўтобусы, якія пераязджаюць праз мяжу, ніколі не прыязджаюць сваечасова, і ўсё роўна ў аўтобусе дзясяткі абураных замежнікаў, здзіўленых, што яны спазняюцца на свае рэйсы. Проста неверагодна».
Знайшлася нават публікацыя ад грамадзяніна ЗША, які збіраўся наведаць Мінск, каб палячыць зубы. Замежніка цікавілі любыя падказкі, у тым ліку і інфармацыя пра агенцтвы, якія займаюцца медычным турызмам. Але ж яго заклік па дапамогу застаўся без адказу.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
)
это случайно не брат моего мужа?