«Гэта доктар ад Бога». За палітыку судзяць дзіцячага анколага з 23-гадовым стажам
Алена Шарафановіч доўгі час працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, а пасля ў РНПЦ дзіцячай хірургіі.

У Першамайскім судзе Мінска 30 студзеня 2025 года пачнуць судзіць Алену Шарафановіч. Гэта адзін з найлепшых дзіцячых анколагаў Беларусі, у медыцынскіх чатах і суполках няма ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў. Наадварот, удзячныя людзі перадаюць адзін аднаму яе імя.
«Гэта доктар ад Бога. Вылечыла майго сына, калі ўсе казалі, што іншага лячэння няма. Дзякуй велізарны вам». «Шарафановіч —вельмі добры спецыяліст, калі б вы раней звярнуліся, вам дапамаглі б». «Так, да яе, шмат водгукаў аб ёй добрых!!!». «Жонка адправіла. Сказала: супердоктар. Я не верыў і паставіўся скептычна. Але аказалася, што так і ёсць».
Алене Шарафановіч інкрымінуюць «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — удзел у пратэстах. Па цяперашняй беларускай завядзёнцы людзі з такім абвінавачваннем часцей за ўсё чакаюць суда ў следчым ізалятары.

Судзіць доктарку будзе намесніца старшыні суда Першамайскага раёна Наталля Дзядкова. Толькі за апошні год яна асудзіла два дзясяткі чалавек за ўдзел у пратэстах. І яшчэ некалькі па іншых палітычных справах.
Алена Шарафановіч скончыла Мінскі медыцынскі інстытут (2001) і аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці «анкалогія» (2019). Шэсць разоў праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Германіі і ЗША.
13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ 3 гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі «HappyDerm».

У 2022 годзе Алена Шарафановіч, якая была дырэктаркай прыватнай «Клінікі А1», трапіла ў цэнтр скандалу. Адзін з сузаснавальнікаў медцэнтру пісаў скаргі на сваю ж клініку, бо ваяваў з другім сузаснавальнікам, Русланам Шарафановічам — гэта муж Алены. У выніку ў «А1» забралі ліцэнзію, і праца была паралізаваная. А на саму Алену адна з супрацоўніц напісала данос за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дырэктарку судзілі, яна атрымала штраф. Клініка неўзабаве закрылася.
Мяркуючы па звестках «Вясны», таго самага мужа, Руслана Шарафановіча, таксама судзілі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах. Чым скончыўся працэс, невядома.
Каментары
Здароўя Вам моцнага, Елена! Дзякуй за Вашы добрыя справы і прафесіяналізм!
Сделала так, что теперь вообще нет следов операции