Чаму разам з «Ладэ» закрылі і дробную «Клініку А1»? Канфлікт паміж падпалкоўнікам медыцынскай службы і дырэктаркай
Разам з гігантамі «Ладэ» і «Нардзінам» у маі пад прэс праверак трапіла і зусім маленькая «Клініка А1». Гэта было дзіўна: грошы не параўнальныя з буйнымі медустановамі, калі гэта сапраўды перадзел рынку, то «А1» тут не канкурэнт іншым гульцам. Высветлілася, што першапрычына іншая — «А1» стала ахвярай унутраных разборак заснавальнікаў.
«Клініка А1» працуе з лета 2020 года, спецыялізуецца на касметалагічнай медыцыне, флебалогіі, дэрматалогіі. Мае — дакладней, мела — менш за два дзясяткі работнікаў.

Але і ў яе, як і ў «Ладэ» прыйшлі з праверкай, як і «Ладэ» пакаралі прыпыненнем дзейнасці. Палітыка? Не, запэўніў «Нашу Ніву» супрацоўнік клінікі, «А1» забівае канфлікт паміж заснавальнікамі.
«Сёння заснавальнікаў двое. Гэта маці выкладчыка Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Уладзіміра Гурлева і муж дырэктаркі самой клінікі Алены Шарафановіч, — расказвае суразмоўца «Нашай Нівы». — Але маці Гурлева ніякага фактычнага дачынення да клінікі не мае, на яе толькі аформленыя паперы. На справе, усім займаецца сам Гурлеў — і ў яго жорсткі канфлікт з дырэктаркай і яе мужам».
Уладзімір Гурлеў — падпалкоўнік медыцынскай службы, выкладае ў БДМУ. Па словах суразмоўцы, ён раней перасякаўся ў іншых прыватных медустановах з Аленай Шарафановіч, хірургам-анколагам. У 2020 годзе ён сам паклікаў яе ў новую «Клініку А1», якую заснаваў разам са знаёмым доктарам-касметолагам. Пазней партнёр сышоў і другім заснавальнікам стаў муж Шарафановіч.

«Гурлеў афіцыйна не мае ніякага дачынення да клінікі: ён там ніяк не аформлены, заснавальнік па дакументах — яго маці. Але ён умешваецца, дае нейкія загады, настойвае на нейкіх рашэннях. Праз гэта з восені 2021 года адбываліся пастаянныя скандалы паміж ім, дырэктаркай і яе мужам.
З восені 2021 года гэта цягнецца. Гурлеў хоча зняць дырэктарку з пасады, другі заснавальнік (муж дырэктаркі) супраціўляецца.
Таму Гурлеў пачаў пісаць скаргі і заявы — у тым ліку ў міліцыю», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».
Сама Алена Шарафановіч, дырэктарка і жонка другога заснавальніка, пацвярджае гэта.
«Даходзіла да таго, што я некалькі разоў выклікала міліцыю на Гурлева, некалькі разоў — ён на мяне, — расказвае Шарафановіч. —
Падчас аднаго з такіх візітаў міліцыі Гурлеў паказаў міліцыянту кубкі з «Пагоняй» на кухні клінікі і сказаў, што гэта нібыта мае. Тады абмежавалася прафілактычнай размовай. Але пасля Гурлеў падбіў адну з работніц клінікі напісаць яшчэ заяву ў міліцыю на мяне, за рэпосты ў сацсетках. Мяне судзілі і аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Я так разумею, ён спадзяваўся такім чынам ад мяне пазбавіцца. Калі не спрацавала, Гурлеў пачаў пісаць скаргі на сваю ж клініку ў розныя інстанцыі з патрабаваннем праверак».
Праз іх падчас праверак буйных прыватных медцэнтраў завіталі і ў маленькую «Клініку А1».
Вынік — прыпыненне дзейнасці, якое, выглядае, стала фатальным для установы.
«Хутчэй за ўсё «Клініка А1» ужо не выжыве. Шмат работнікаў звольнілася, з’явіліся запазычанасці. Праз нясплаты пастаўшчык забраў асноўнае абсталяванне.
Да таго ж Гурлеў «прыватызаваў» сацсеткі клінікі і цяпер піша там, што «А1» перайменавалася ў «Клініку Гуру» і пераехала. Як кажуць, гэтая «Клініка Гуру» належыць нейкай новай юрасобе, якая таксама афіляваная з Уладзімірам Гурлевым.

Таму закрыццё нашай установы палітызаваць не варта. Гэта сапраўды вынік унутранай вайны. Як той казаў, добры трэст не можа лопнуць, ён можа толькі разваліцца знутры. Так адбылося і ў нас», — кажа Алена Шарафановіч.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар да Уладзіміра Гурлева, ён адмовіўся ад размовы.
Каментары