Кіно22

Галівудскія зоркі знялі ў Польшчы фільм з легендай «Брудных танцаў». Больш душэўнае кіно вы ўбачыце не хутка

Гэты фільм ад знакамітай актрысы Эмы Стоўн здымалі за пару соцень кіламетраў ад беларускай мяжы, а цяпер ён збірае дзясяткі ўзнагародаў і, напэўна, будзе адзначаны на «Оскары». Расказваем пра «Сапраўдны боль» (Real Pain) — напэўна, самую кранальную гісторыю гэтага кінасезону.

Фота: кадр з трэйлера

Агаварымся, што самой Эмы Стоўн у фільме вы не ўбачыце — двухразовая лаўрэатка «Оскара» стала адной з прадзюсараў стужкі. Сэрцам гэтай гісторыі можна назваць Джэсі Айзенберга, амерыканскага акцёра з усходнееўрапейскімі каранямі, найбольш вядомага па ролі Марка Цукерберга ў «Сацыяльнай сетцы». Айзенберг напісаў сцэнар для стужкі, зрэжысаваў фільм і сыграў у ім адну з галоўных роляў. А яшчэ ўклаў у аснову «Рэальнага болю» мінулае ўласнай сям’і.

Гэта гісторыя двух стрыечных братоў, Дэвіда (Джэсі Айзенберг) і Бенджы Капланаў (Кіран Калкін), якія выправіліся ў падарожжа ў Польшчу — дарэчы, фільм зроблены ў супрацоўніцтве з польскімі кіношнікамі. Дэвід і Бенджы едуць у Польшчу, каб ушанаваць памяць і шлях любімай бабулі, польскай яўрэйкі і былой зняволенай канцлагера.

Два браты вельмі розныя па характары. Дэвід мае «сур’ёзную» працу ў сферы анлайн-рэкламы, у яго ёсць жонка і сын, але ў момант шчырасці мужчына прызнаецца — насамрэч ён вельмі зайздросціць Бенджы. Герой Кірана Калкіна жыве ў маміным падвале, курыць траўку і не мае ўласнай сям’і, але пры гэтым ён душа кампаніі і цэнтр увагі ў падарожжы, куды выправіліся браты. Харызма Бенджы нават зацяняе прывабнасць Маршы, іншай удзельніцы тура і гераіні Джэніфер Грэй, хаця вам і будзе складана пазнаць зорку «Брудных танцаў» праз столькі гадоў і пластычных аперацый.

Тым больш дзіўна адкрываць, што за паводзінамі Бенджы насамрэч хаваецца вялікі боль — той самы, што згаданы ў назве фільма. Кіно Айзенберга — гэта ўвогуле даследаванне прыроды болю і расповед пра тое, што боль насамрэч адзіны і ў сценах канцлагера, і ў жыццях падарожнікаў 80 гадоў пасля. Вуснамі сваіх герояў ён разважае пра тое, ці варта дзяліцца сваім болем з іншымі, бо кожнаму і так складана ўнутры. Адказ на гэтае пытанне — тое, як Бенджы безапеляцыйна сцвярджае ў іншай сцэне, што насамрэч ніхто не хоча быць самотны, і знаходзіць у сабе сілы падтрымаць адну з удзельніц тура.

«Сапраўдны боль» — душэўная і пяшчотная гісторыя, дзе знайшлося месца і гумару. Вам спадабаецца, напрыклад, сцэна ля манумента героям Варшаўскага паўстання, дзе Бенджы натхняе калег па туры зладзіць вельмі творчую фотасесію, ці падарожжа братоў у польскім цягніку, дзе Бенджы вырашае — не варта плаціць за квіткі на цягнік у Польшчы, бо гэта «наша краіна». 

І пры гэтым Бенджы глыбейшы за больш спакойных і знешне сур’ёзных удзельнікаў тура — мо за глыбіню яго і любіла бабуля-палячка. Хлопец абураецца тым, што ўдзельнікі падарожжа, прысвечанага халакосту, едуць па краіне ў цягніку першага класа, бо іх задача — дакрануцца да досведу продкаў, якія ехалі ў лагер зусім у іншых умовах. Ці правільна гэта — пражываць боль і гараваць за іншых, калі ты ў непараўнальна лепшай сітуацыі? 

Але і тут Айзенберг дае адказ словамі аднаго з герояў: «Мы на туры пра халакост. Калі цяпер не час гараваць, я не ведаю, што табе сказаць». У нечым гэтыя словы не пра халакост, яны пра тое, што гараваць і пражываць боль магчыма ў любы час, калі гэтыя пачуцці шчырыя, а пасля гэтага можна і ісці наперад.

Фота: кадр з трэйлера

Найвышэйшая на сёння сярод узнагародаў «Рэальнага болю» — гэта «Залаты глобус» для Кірана Калкіна за ролю Бенджы. Сваёй працай у гэтай інды-стужцы, якая абышлася ў невялікія 3 мільёны даляраў, Калкін забяспечыў сабе абажанне кінакрытыкаў і лідарства ў гонцы за «Оскарам» найлепшаму акцёру другога плану. Тое, як грае ў гэтай стужцы малодшы брат Маколея Калкіна («Адзін дома») – іншая планета ў акцёрскай працы, і менавіта Калкіну-Бенджы мы абавязаныя балючым фіналам гэтай гісторыі.

Але перад гэтым героі стужкі наведаюць польскі Люблін, што за сотню кіламетраў ад беларускай мяжы, і комплекс былога канцлагера Майданэк. У адным з інтэрв'ю Айзенберг расказваў, што, паводле слоў супрацоўнікаў комплекса, аўтары «Сапраўднага болю» — першыя, хто здымае фільм на тэрыторыі Майданэка (магчыма, гаворка ішла пра гульнявы жанр кіно).

Але шлях Дэвіда і Бенджы ідзе далей, у горад Красныстаў, дзе калісьці жыла іх бабуля. І як кранальна, што тыя мясціны шмат значаць і для самога Айзенберга, бо адтуль родам і яго продкі. Месцамі кіно гучыць як прызнанне ў любові да Польшчы: пад разумна падабраны саўндтрэк з накцюрнаў Шапэна браты Капланы раскрываюць нам розныя куточкі Варшавы, Любліна, Красныстава.

Рэдка ў заходнім кіно паказваюць Усходнюю Еўропу з гэтага боку — не як прыстанак крымінальнікаў, дзівакоў і камуністаў, а як звычайны рэгіён свету са складаным мінулым.

«Сапраўдны боль» — гэта яшчэ і развагі пра сутнасць міжпакаленчай траўмы. Гэты боль не скончыўся для сям'і Капланаў, калі іх бабуля пакінула Майданэк і Польшчу, не скончыўся ён і з яе смерцю. Адзінае, што дапамагло яго крышку суцішыць — гэта не бегчы ад болю, а вярнуцца туды, дзе ўсё пачыналася, і паспрабаваць яго пражыць, што і робяць Дэвід і Бенджы. Урэшце рэшт, калі цяпер не час гараваць, то калі яшчэ?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • бабруйчанін
    23.01.2025
    ...рэд выдалена ..Я з вогненнай вескі
  • Ёсік
    23.01.2025
    Паглядзіце "І ўсё вакол асьвятлілася" 2005г.

Цяпер чытаюць

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё10

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША прыгразілі перакрыць Украіне доступ да Starlink11

У Жужы з'явіўся новы дом — новае ВІДЭА6

Мінчук ператварыў аднапакаёвую кватэру ў хатні кінатэатр. А зараз збіраецца яе прадаць1

Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў прыехаў у Гомель, каб здзекавацца з бяздомнай жанчыны28

Двух беларусаў і літоўца затрымалі ў Італіі са скрадзеным Ferrari2

Радаслаў Сікорскі прывёз на з'езд кансерватараў у ЗША збіты ўкраінцамі расійскі шахед4

Маладому чыгуначніку з Брэста пагражае да дванаццаці гадоў за палітыку1

Трамп заявіў, што Украіна і ЗША не павінны былі дазволіць Расіі пачаць вайну8

Спыталі папулярныя мадэлі ШІ пра беларускую нацыянальную ідэю. Вось што адказалі амерыканскія, а што кітайская20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё10

Палітвязень Ермашук назваў імёны зняволеных, якія стучалі адміністрацыі калоніі і псавалі яму жыццё

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць