Грамадства5050

Кабанчук: Я не датычны да справы Верамейчыка і наогул не ведаў, што яго занеслі ў стоп-ліст на ўезд

Вадзім Кабанчук, былы намеснік камандзіра Палка Каліноўскага, а цяпер «міністр абароны» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце, пасля выхаду артыкула на «Нашай Ніве» даў тлумачэнні да сітуацыі са злівам яго перапіскі, дзе згадваўся Васіль Верамейчык.

Вадзім Кабанчук выклаў сваю пазіцыю ў фэйсбуку (адзначым, што пры падрыхтоўцы тэксту да яго звярталіся па каментар, але тады ён адмовіўся).

«Я займаўся бяспекай у ПКК ад пачатку заснавання падраздзялення. У асноўным гэта быў першы этап праверкі падчас рэкрутынгу. Да новага падраздзялення беларускіх добраахвотнікаў намагалася патрапіць агентура, была падвышаная ўвага з боку варожай выведкі. Зыходзячы з нашых магчымасцяў, стваралі ўмовы фільтрацыі яшчэ да моманту ўваходжання ў падраздзяленне. Гэта неад'емная частка ўсяго працэсу функцыянавання ПКК, падобная праца працягваецца і зараз.

Пытанні па забароне на ўезд ва Украіну ёсць прэрагатывай спецслужб Украіны, якія дзейнічаюць на падставе заканадаўства. Для Украіны, якая знаходзіцца ў стане вайны, гэта неабходны механізм па абароне нацыянальнай бяспекі, асабліва калі гаворка ідзе пра грамадзян краіны агрэсара. Няма такой практыкі апавяшчэння шырокай грамадскасці пра асоб, якія ўваходзяць у «чорны спіс».

Пра забарону для В. Верамейчыка я даведаўся, калі пачалася справа з яго затрыманнем у В'етнаме. Пасля яго сыходу з ПКК я фізічна бачыў яго адзін раз напрыканцы 2022-га па-за межамі Украіны, тады ён нічога не казаў, магчыма, і не ведаў, пра забарону на ўезд».

Той кавалак перапіскі, дзе згадваецца Верамейчык, Кабанчук называе вырваным з кантэксту, а яго магчымае дачыненне да забароны на ўезд Верамейчыку — «канспіралогіяй». Ён звяртае ўвагу, што тая перапіска ў тэлеграме адбылася на паўгода пазней за спробу Верамейчыка на пачатку 2023-га заехаць ва Украіну.

«Я гатовы прайсці незалежную праверку на «паліграфе» наконт таго, што я не датычны да справы Верамейчыка і наогул не ведаў, што яго занеслі ў «стоп-ліст» на ўезд», — падкрэслівае Кабанчук.

«Наконт барацьбы за рэсурсы. Адзіныя рэсурсы, якія я атрымаў — гэта было маё грашовае забеспячэнне на кантракце ў ЗСУ. Свае асабістыя сувязі выкарыстоўваў для забеспячэння ПКК», — дадае былы намеснік камандзіра палка.

Кабанчук спыняецца на пытанні ўваходу каліноўцаў у палітычны працэс.

«Яшчэ напярэдадні абвяшчэння Аб'яднанага Пераходнага Кабінета нам прыйшла прапанова, каб туды ўвайшоў прадстаўнік ад ПКК. Але тады гэта рашэнне было заблакавана некалькімі людзьмі, якіх зараз ужо няма ў ПКК. Я лічыў, што гэта была памылка, якая адсоўвала добраахвотнікаў ад магчымасці шырокай камунікацыі. З нас спрабавалі ляпіць вобраз маргіналаў-неадэкватаў, праз медыйныя атакі ў тым ліку. Гэта супадала з задачамі спецслужб рэжыму, каб не адбылося злучэння сілавой і палітычнай кампаненты дэмакратычных сіл Беларусі. На сённяшні час некалькі добраахвотнікаў увайшлі ў розныя структуры дэмакратычных сіл, у тым ліку я зайшоў у АПК, рэалізуецца задача па сінхранізацыі дзеянняў і гэта разбурае планы рэжыму».

Кабанчук піша:

«На сёння полк імя К. Каліноўскага годна прадстаўляе беларусаў ва Украіне, паказваючы ўкраінскаму народу, што ёсць альтэрнатыва рэжыму. Час паказаў слушнасць нашай канцэпцыі па стварэнні нацыянальнага падраздзялення. Нягледзячы на перашкоды і намаганні варожых структур, ПКК захоўвае свой баявы касцяк.

Групы байцоў, якія па розных прычынах адкалоліся ад ПКК, ці перасталі існаваць, ці не заўважны ў прасоўванні беларускага парадку дня ва Украіне. Некаторыя з ваяроў змянілі некалькі падраздзяленняў і павярнуліся зноў да ПКК, гэта таксама вынік пазітыўных рэформ у палку».

Меркаванне, што полк Каліноўскага мог перашкаджаць ствараць альтэрнатыўныя падраздзяленні ва Украіне, Кабанчук называе «смешным».

«Украіна, як на пачатку поўнамаштабнай вайны, так і зараз зацікаўлена ў новых рэкрутах і структурах. Пры адэкватным падыходзе новыя «Чэрчэлі, якім на блокпастах чэсць аддаюць(с)» маглі б ствараць батальёны-дывізіі. Ці Каліноўцы таксама перашкаджалі Сахашчыку і ў Польшчы працаваць з «Паспалітым Рушаннем»?» — задаецца пытаннем Кабанчук.

Каментары50

  • Нуі ну
    13.01.2025
    Да ідзі ты.....
  • nice
    13.01.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Зарніца
    13.01.2025
    Навошта ён правяраў Верамейчыка пасля таго, як ён звольніўся з палка?

Цяпер чытаюць

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Усе навіны →
Усе навіны

У Смалявіцкім раёне прадаюць асабняк-комплекс амаль за чатыры мільёны даляраў1

Зяць Віктара Орбана можа купіць Raiffeisenbank у Расіі4

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна22

Тэхніка зламалася на наступны дзень пасля гарантыі. Ці можна вярнуць грошы?

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала самы трагічны момант у зняволенні1

Мінская блогерка панюхала дзверы суседа і гэтым выратавала яго ад магчымай гібелі6

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыку, змяніўся начальнік1

ХАМАС вызваліў двух закладнікаў, а на працягу дня групоўка абяцае адправіць яшчэ чатырох1

EPAM назваў чысты прыбытак за год. Лічба ўражвае8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць