Меркаванні1111

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева

Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў у праграмным артыкуле ў выданні Фонду Эбэрта заклікаў да вяртання заходніх амбасадараў у Менск і перагляду палітыкі санкцыяў. Што азначае з'яўленне гэтага артыкула, якія палітычныя перспектывы ён можа мець, піша на «Радыё Свабода» Юры Дракахруст.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Андрэй Дзьмітрыеў апублікаваў праграмны артыкул «Чаго хочуць беларусы ў Беларусі» ў часопісе «IPG — Міжнародная палітыка і грамадзтва», які выдае нямецкі Фонд Эбэрта.

Крытыкі падыходаў, агучаных Дзьмітрыевым, адразу ж заявілі, што яго наратывы супадаюць з наратывамі ўлады і яе памагатых зь ліку перабежчыкаў з дэмакратычнага лягера — Рамана Пратасевіча і Юрыя Васкрасенскага. Маўляў, калі ўлада супраць санкцыяў і за вяртаньне амбасадараў, дык значыць і Дзьмітрыеў проста падпявае ёй, абслугоўваючы яе інтарэсы і зьяўляючыся гэткім «Пратасевічам-light».

Ці так гэта? Тут варта прывесьці гістарычную аналёгію. У канцы XIX — на пачатку XX стагодзьдзя ўлады Расейскай імпэрыі змагаліся найперш з той частка палітычнай апазыцыі, якая практыкавала індывідуальны тэрор. У той жа час ціск на сацыял-дэмакратаў, марксістаў, якія з палітычных меркаваньняў былі супраць тэрору, быў значна меншым. Дарэчы, расейскі пераклад «Капітала» Маркса быў легальна апублікаваны ў Расеі яшчэ ў 1872 годзе. На пачатку XX стагодзьдзя ўлады, іх спэцслужбы стваралі ляяльныя прафсаюзы, спрабуючы перахапіць парадак дня ў сацыял-дэмакратаў («зубатаўшчына»).

Ці лічыла царская ўлада бамбістаў большай пагрозай для сябе? Так, лічыла. Ці падпявалі сацыял-дэмакраты ўладзе, адмаўляючы тэрор? Не, яны гэта рабілі з уласных палітычных перакананьняў. Урэшце перамогу ў расейскай рэвалюцыі атрымала ленінская фракцыя сацыял-дэмакратаў, якія ўладзе здаваліся менш небясьпечнымі.

Гістарычныя аналёгіі, зразумела, ня доказ. Але гэтая аналёгія — прыклад таго, што плыні апазыцыі, якія здаюцца ўладзе менш небясьпечнымі, часам аказваюцца больш пасьпяховымі за іншыя ў змаганьні зь ёй.

Вяртаючыся ў сучаснасьць, да маніфэсту Дзьмітрыева, варта зьвярнуць увагу на шэраг яго асаблівасьцяў. Аналіз сытуацыі і прапановы экс-кандыдата ў прэзыдэнты шмат у чым ледзь не літаральна супадаюць з тэзамі Андрэя Ягорава, агучанымі на апошняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні сёлета. Пра мэтазгоднасьць вяртаньня амбасадараў і пра вычарпанасьць ранейшай стратэгіі дэмакратычных сілаў Ягораў тады дакладна і казаў. Таксама за перагляд стратэгіі дэмакратычных сілаў выступаюць і некаторыя іншыя грамадзкія дзеячы і палітыкі (Тацяна Хоміч, Сьвятлана Мацкевіч, Іван Краўцоў, Вольга Гарбунова). У ліку журналістаў і экспэртаў, якія адстойваюць гэты падыход, можна назваць Вольгу Лойку і Рыгора Астапеню.

Усе яны, у адрозьненьне ад Дзьмітрыева, эмігранты. Над імі не вісіць пагроза візыту ГУБАЗІКу. Аднак яны гавораць прыблізна тое ж, што і Дзьмітрыеў. З чаго некаторыя могуць рабіць выснову, што яны ўсе — запалоханыя ці падкупленыя ўладамі. Праўда, не зусім ясна, як. Але можна зрабіць і адваротную выснову: што Дзьмітрыеў проста сам па сабе так думае і спрабуе ў вельмі няпростых умовах займацца палітыкай.

За апошнюю трактоўку — палітычны бэкграўнд былога старшыні руху «Гавары праўду». Чаго з таго, што ён напісаў цяпер у артыкуле ў нямецкім выданьні, ён не казаў, пачынаючы з 2010 году, — у якасьці кіраўніка штабу кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева (2010) і Тацяны Караткевіч (2015) і ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты ў 2020 годзе? Дык прыкладна тое ж казаў і тады. Ён і тады ня быў за санкцыі, і тады быў супраць ізаляцыі Беларусі, ён і тады быў за пашырэньне ўплыву Эўропы ў Беларусі і за мірныя перамены. Зьмяніліся іншыя (у тым ліку Пратасевіч і Васкрасенскі), зьмянілся абставіны, але ня ён.

Яшчэ важныя чыньнікі сытуацыі — гэта асабістыя абставіны Дзьмітрыева. Ён быў асуджаны паводле палітычнага артыкулу пасьля 2020 году, але, у адрозьненьне ад тых жа Пратасевіча і Васкрасенскага, ня быў памілаваны і адбыў тэрмін зьняволеньня ад званка да званка. І застаецца ў краіне, відавочна, маючы магчымасьць яе пакінуць.

Важнасьць апошняга чыньніка ён ускосна падкрэсьліў у загалоўку сваёй публікацыі, гаворачы пра «беларусаў у Беларусі». Ён не супрацьпастаўляе іх беларусам у дыяспары, але адзначае, што многія рэчы знутры краіны бачацца інакш, чым звонку.

Гэта доўгая (і бясплённая) спрэчка: ці могуць перамены ўнутры краіны быць ініцыяваныя дыяспарай. Гістарычны досьвед Беларусі падказвае адмоўны адказ. Але калі ў цяперашняй сытуацыі адказ і станоўчы, то зразумела, што бязь нейкіх палітыкаў унутры краіны перамены наўрад ці магчымыя. Ну вось Дзьмітрыеў сваім артыкулам і робіць заяўку на тое, што ён адзін зь іх.

Пры гэтым можна дапусьціць, што на ягоную актыўнасьць ён атрымаў маўклівы (ці немаўклівы) дазвол ад улады ці ад нейкіх асобаў з асяродзьдзя ўлады. Іншых саджаюць за бела-чырвона-белы сьцяжок і «крамольную» фотку ў сацсетцы, ён жа публічна ў замежным выданьні піша пра «рэвалюцыю 2020 году». Ня выключана, што адміністрацыйны арышт ягонай колішняй паплечніцы, таксама экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч — напамін яму, што поле ягонай палітычнай актыўнасьці досыць абмежаванае.

Але з другога боку, а як нават тэарэтычна можна ўявіць сябе «прачынаньне» палітычнай актыўнасьці ўнутры краіны? Дык і нават тэарэтычна яно мусіць адбывацца ў досыць ляяльных формах. Дарэчы, варта прыгадаць, што поўная назва БНФ у пэрыяд яго стварэньня ўключала ў сябе дадатак «за перабудову». У падтрымку лініі партыі, так бы мовіць. Сёньня гэта ўспрымаецца з усьмешкай, але менавіта так і было. Дарэчы, у куды больш спрыяльных і вэгетарыянскіх умовах.

Зразумела, ёсьць альтэрнатыва, пра якую нагадвае досьвед той жа Расейскай імпэрыі — глыбокае падпольле, кансьпірацыя. Тэарэтычна — так, альтэрнатыва. Практычна… Варты жалю лёс пляну «Перамога» нават і прыгадваць ня хочацца. Але ў любым выпадку нічога пра плён дзейнасьці такога падпольля зараз мы ня ведаем. І таму можна дапусьціць, што яго і няма.

Сучасныя тэхналёгіі, больш высокая адукацыя насельніцтва адкрываюць больш магчымасьцяў для выказваньня сваіх думак і камунікацыі. Але яны пашыраюць і магчымасьці кантролю з боку дзяржавы. Які тут балянс, сказаць складана; якім ён будзе праз колькі гадоў — яшчэ складаней. Але факт, што ніякіх вонкавых праяваў нейкай падпольнай палітычнай дзейнасьці ў сучаснай Беларусі мы ня бачым.

І таму выглядае, што праявы палітычнай актыўнасьці ўнутры краіны магчымыя адно прыкладна ў такой форме, у якой гэта робіць Дзьмітрыеў.

Але сугучча тэзаў маніфэсту Дзьмітрыева і словаў названых вышэй палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў дыяспары сьведчаць пра тое, што гэта — плынь палітычнай думкі і ў краіне, і ў эміграцыі, пераасэнсаваньне вынікаў 2020 году.

Ці маюць прыхільнікі гэтай плыні рацыю? А ці меў рацыю рэспэктабэльны банкір Віктар Бабарыка, ідучы на выбары ў 2020 годзе? Ці мелі рацыю тыя, хто тады падпісваўся за яго, хто выходзіў на вуліцу? Можна сказаць, што і ня мелі. Бабарыка ў турме, пратэсты былі задушаныя, у краіне шмат гадоў пануе рэакцыя.

Дык тое тычыцца і любой палітычнай стратэгіі, у тым ліку і цяперашніх прапановаў Дзьмітрыева і Ягорава. Але яны маюць шанец дасягнуць калі ня посьпеху, дык папулярнасьці. І асабліва ўнутры Беларусі. Усё ж 2020-ы, яго настроі і спадзяваньні ўсё далей адыходзяць у мінулае. І можна меркаваць, што, калі не адбудзецца нейкай нечаканасьці, калі не прыляціць «чорны лебедзь», то сацыяльная база, на якую арыентаваныя падыходы Дзьмітрыева і Ягорава, будзе прынамсі не памяншацца.

Вяртаючыся да артыкулу Дзьмітрыева, варта зьвярнуць увагу на месца яго зьяўленьня. Ён зьявіўся не ў ягонай сацыяльнай сетцы, а ў выданьні фонду, які апякуецца кіроўнай у Нямеччыне Сацыял-дэмакратычнай партыяй.

Гэта не азначае, што Бэрлін ужо зараз гатовы зьмяніць сваю палітыку адносна афіцыйнага Менску і наагул перагледзець падыходы да Беларусі. Але публікацыя менавіта ў гэтым выданьні можа сьведчыць пра тое, што думкі на гэты конт у палітычных элітах і Нямеччыны, і іншых краінаў ЭЗ узьнікаюць розныя.

У 2020-2021 гадах сумневаў у рацыі заходняга падыходу да Беларусі не ўзьнікала. Цяпер яны ўзьнікаюць, прынамсі сярод беларусаў. А магчыма, і ня толькі сярод іх.

Каментары11

  • бабруйчанін
    15.10.2024
    Параўноваць царскую Расею і рБ так сабе..кульгая на ўсе ногі
    Суды прысяжных " бамбістку- тэрарыстку" апраўдалі у царскай Расеі
    У сссылце Ульянаў на " пасобіе" ад царскага рэжыма трымал кухарку і тэшчу да сябе выклікал.
    Дамаўляцца ?? Адзін бок вядомы з прозвішчамі. Іньшы??
    Зноў пастка 20 ці 10 ці гадовай даўніны Латыпаў Макей " галубы" Швэд Карпянкоў " арлы" ..
    Прыклад з навейшай гісторыі
    Каб ні абралі Гарбачова ні " пачалось ускореніе ..да калапса сесесера у Польшы Ярузельскі ні пачаў бы ніякага " стала" і Сікорскі атрымаўшы у 82 годзе стасус беженца ў Брытаніі рабіў бы там карьеру
    А 24 гадовы Наўседа " вступіў " у кпсс у 88 зараз быў якім 1 сакратаром кпсс Друскінінкай....)))
    Пэрспектыва за межой і у рБ.Калі ні адбудзецца калапс кіравання на рф.
    Пук Прыгожага " кровная помста Кадырава чысткі зачысткі..
    Захад ?? Перамоўшчык?? З уладай Мінска дамовіцца ?? Па Вашаму жаданню за " Ваш кошт" )))) Легка))) Орбан Фітца Дуда -Туск...Шольц Макрон...
    А Мы Вы я прычым? Дзе???
  • Pcič
    15.10.2024
    Уся лукавая кампашка ратавальнікаў вымалявалася. Плюс і Юра Дракахруст... Гэта ім так прыспічыла да лютаўскага "электаральнага дзейства" пасьпець?
  • бабруйчані
    15.10.2024
    бабруйчанін, А дзе мы вы я..ва ўсіх гэтых " разкладах " геапалітыкаў- шахматістаў Бжэзінскіх Кісенджэраў...Пампеа Джуліані...??
    Як заўседы.....так так у вялікай

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Усе навіны →
Усе навіны

У Смалявіцкім раёне прадаюць асабняк-комплекс амаль за чатыры мільёны даляраў1

Зяць Віктара Орбана можа купіць Raiffeisenbank у Расіі4

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна22

Тэхніка зламалася на наступны дзень пасля гарантыі. Ці можна вярнуць грошы?

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала самы трагічны момант у зняволенні1

Мінская блогерка панюхала дзверы суседа і гэтым выратавала яго ад магчымай гібелі6

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыку, змяніўся начальнік1

ХАМАС вызваліў двух закладнікаў, а на працягу дня групоўка абяцае адправіць яшчэ чатырох1

EPAM назваў чысты прыбытак за год. Лічба ўражвае8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць