Кіраўнік фонду «Байсол» Андрэй Стрыжак на нядаўні беларускі кірмаш RADA Market у Вільні прыйшоў у яркім касцюме. На тканіне — персанажы з вядомай гульні Super Mario. Андрэй расказаў, як гэты касцюм у яго з'явіўся і колькі каштаваў. А таксама патлумачыў, чаму змяніў блакітную кашулю на такі лук.

Стрыжак расказвае, што шмат часу праводзіць у фэйсбуку і там часта выскоквае дзіўная рэклама. Аднойчы яму трапілася рэклама гэтага касцюма.
«Ясна, што, як дзеці, што выраслі ў 1990-я, мы гулялі ў розныя гульні на «Нінтэнда». Жартам я скінуў спасылку на касцюм сябрам. А яны падарылі мне яго на дзень народзінаў», — дзеліцца кіраўнік «Байсола».
Праўда, з памерам спачатку не ўгадалі, давялося мяняць.
Касцюм каштаваў каля 90 еўра.

Стрыжак тлумачыць, што абраў такі вобраз на мерапрыемства, бо спрабуе змяняць падыход да грамадска-палітычных тэм, каб прыцягваць увагу да іх.
«Трэшу менш не стала. Але жыццё працягваецца, увесь час немагчыма быць у негатыве. Негатыў людзі часта прапускаюць міма вушэй. Мы не спрабуем блюзнерыць ці перакруціць, што няма катаванняў у турмах, але да людзей трэба шукаць розныя падыходы», — разважае ён пра свой яркі касцюм.
Напрыклад, на RADA Market каманда фонду прынесла таксама раставую качку і басейн з шарыкамі. Стрыжак дадае, што такі падыход праз пазітыў добра ўплывае і на данаты.

Каментары