Беларус з польскай візай спрабаваў даць невялікі хабар літоўскім памежнікам. Цяпер яму пагражае да пяці гадоў
Мужчына арыштаваны на два месяцы.

Літоўскія памежнікі затрымалі беларуса за спробу дачы хабару.
44 — гадовы мужчына спрабаваў уехаць у Літву на грузавым фургоне, зарэгістраваным у Казахстане. У пашпарце ў беларуса была польская нацыянальная віза, сапраўдная да 24 лістапада. Аднак пацверджанне наяўнасці афіцыйнага месца працы ў Польшчы мужчына падаць не змог, паведамляе Памежная служба Літвы.
Ён прызнаўся, што па гэтай прычыне яго не прапусцілі ў Польшчу. Літоўскія памежнікі яшчэ раз папрасілі яго падаць неабходныя дакументы. Беларус раптам «успомніў», што ў яго ёсць працоўная дамова, прынёс з машыны нейкія паперы і перадаў іх памежнікам. У паперах ляжалі дзве купюры наміналам 50 і 10 еўра.
Нягледзячы на тое, што памежнікі некалькі разоў папярэдзілі мужчыну аб крымінальнай адказнасці за спробу дачы хабару, грошы ён забіраць не стаў. У выніку беларуса затрымалі. Яму пагражае пакаранне ад штрафу да пяці гадоў турмы.
Каментары