Ірына Абельская — па-ранейшаму адна з самых уплывовых беларускіх жанчын. Некалі яна была асабістай доктаркай Аляксандра Лукашэнкі, цяпер кіруе Рэспубліканскім клінічным медцэнтрам (лечкамісіяй). Але перадусім пазнавальная як маці Колі Лукашэнкі. «Наша Ніва» звярнула ўвагу на тое, у чым Ірына Абельская з'яўляецца на публіцы.
Chanel, Louis Vuitton, Zara
У гардэробе мамы Колі мы знайшлі адразу некалькі рэчаў ад вядомага французскага дома Chanel. Так, на адным з мерапрыемстваў жанчына ўпрыгожыла сваю сукенку срэбранай брошкай. На рэсэйле такую можна набыць за 465 еўра, але першапачатковы кошт такой рэчы у раз даражэйшы.

Мяркуючы па фірмовым ланцужку і спецыяльнай скураной падшэўцы, якая абараняе плячо, для сустрэчы з першай лэдзі Зімбабвэ Аксіліей Мнангагва Абельская прыхапіла сумку Chanel 19, коштам больш за 7 тысяч даляраў.

Аўтфіт дапаўняла сукенка з ціснутага шоўку ад японскага моднага дома Issey Miyake. Убор глыбокага адцення dark navy сёння можна купіць за 1382 даляры. Дарэчы, гэтая мадэль — амаль што навінка. Яна была прадстаўлена на зімовым тыдні моды ў 2023 годзе.

Яшчэ адну брэндавую сукенку ад брэнда Escada Ірына надзявала на прыём. Чорны убор з валанамі без уліку зніжкі каштуе 579 еўра.

Зрэшты, у гардэробе Ірыны сустракаюцца і рэчы з мас-маркету. Напрыклад, гэтая сукенка ад «Зары».

Адмысловай любоўю Абельскай карыстаюцца сумкі. Акрамя Chanel, пра якую мы казалі вышэй, у калекцыі жанчыны ёсць зялёны аксесуар ад Louis Vuitton. У брэндавым буціку такую мадэль ужо знайсці складана — яна даволі старая, але на сайтах-рэсэйлах такая каштуе больш за 2 тысячы даляраў.

На яе фоне сумка ад італьянскага брэнда Salvatore Ferragamo коштам 450 даляраў без уліку зніжкі проста губляецца.

Нядаўна мы зазіралі ў гардэробы і іншых жанчын, набліжаных да Лукашэнкі. Паглядзець, што носяць яго нявесткі, можна ў гэтым артыкуле.
***
Як Абельская дасягнула свайго палажэння?
Ірына Абельская (дзявочае прозвішча Пастаялка) нарадзілася ў 1965 годзе ў Брэсце. Скончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. У аўдыторыях альма-матэр Ірына сустрэла свайго будучага мужа — Яўгена Абельскага. Неўзабаве ў пары нарадзіўся сын Дзмітрый. Зрэшты, шлюб працягнуўся нядоўга.

Абельская і Аляксандр Лукашэнка пазнаёміліся, калі жанчыне было 29 гадоў — у 1994 годзе. Тады Адміністрацыя Лукашэнкі аб'явіла негалосны «кастынг» на ролю асабістага ўрача першай асобы дзяржавы. Крытэрыі пошуку былі дзіўнымі: медыка шукалі не па прафесійных навыках, а па палавой прыкмеце. Чакалася, што гэтую пасаду павінна заняць незамужняя жанчына ва ўзросце каля 30 гадоў, прыемнай знешнасці, якая мае дзіця — чамусьці менавіта хлопчыка.

У сталічных медустановах запыталі асабістыя справы жанчын-урачоў, якія падыходзяць пад гэтыя крытэры. У 9-й гарадской бальніцы, дзе на той момант працавала Ірына, падобных кандыдатак аказалася тры. Пашанцавала Абельскай.
З цягам часу яна зблізілася з кіраўніком краіны, і кар'ера пайшла ўгару. У 2001 годзе, паводле пратэкцыі новага «зяця», маці Ірыны, Людміла Пастаялка, заняла пасаду першага намесніка міністра здароўя (а пасля і міністра), а сама Ірына стала галоўным доктарам рэспубліканскай бальніцы Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. У 2004 годзе становішча жанчыны ўмацавала нараджэнне сына Колі.
Зрэшты, у біяграфіі Абельскай былі і чорныя палосы. На некалькі гадоў Ірыну саслалі працаваць звычайным доктарам УГД, але ў 2009-м вярнулі ў кіраўніцтва лечкамісіі.

Нядаўна Абельскую зноў сталі адпраўляць у далёкія камандзіроўкі. Так, у складзе беларускай дэлегацыі жанчына ўжо двойчы наведала Зімбабвэ.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
куды ёй заданациць?