Хто складаў беларускі бамонд 1990-2000-х і што сталася з гэтымі людзьмі
Успамінаем некаторых селебрыці, якія ўзрывалі медыяпрастору на мяжы стагоддзяў.
Ягор Хрусталёў
Яшчэ ў студэнцкія гады Ягор стаў вядоўцам першага беларускага ток-шоу — кажуць, праграму «Карамболь» распрацавалі спецыяльна пад яго. У 1997-м Хрусталёва называлі сэкс-сімвалам.

Пазней вядоўца перайшоў на АНТ, дзе быў тварам праграмы «Выбар».

Паралельна з працай на тэлебачанні мужчына пісаў песні. Будучы ў шлюбе, Хрусталёў закруціў раман са спявачкай Галінай Шышковай. Неўзабаве ў пары з'явіўся сын Ваня. Вядучы прызнаў дзіця, але з афіцыйнай сям'і не сышоў. Рамантычныя стасункі з Галінай на гэтым скончыліся.

У 2009 годзе Хрусталёў на некаторы час з'ехаў у Расію — па яго словах, ён збег туды ад бурнага асабістага жыцця. У Маскве Ягор працаваў прадзюсарам на канале СТС, але праз 5 гадоў вярнуўся ў Беларусь. Цяпер ён кіруе прэс-службай у ТАА «Еўраторг» (сетка крам «Еўраопт»).
Паліна Смолава
Спявачка з ідэальнай фігурай і сэксуальным касцюмам прадстаўляла Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне 2006» — тады дзяўчына заняла 22-е месца. Зрэшты, запомнілася Паліна не пеўчай кар'ерай, а адразу некалькімі скандаламі.

У 2008 годзе агент Смолавай сцвярджала, што спявачка рыхтуецца запісаць трэк з самім сэрам Полам Макартні. У доказ прыводзілася фота, на якім Паліна і фронтмен «Бітлз» стаяць прыабняўшыся. Але неўзабаве высветлілася, што здымак не сапраўдны — Смолаву на яго проста прыфаташопілі.

Наступны непрыемны інцыдэнт адбыўся з расійскім алігархам Віктарам Батурыным, які непрацяглы час прасоўваў спявачку ў Маскве. У той момант, калі ў інтэрв'ю беларускім СМІ Смолава расказвала, як выдатна складаецца яе кар'ера ў расійскай сталіцы, агенты Батурына ўсяляк адхрышчваліся ад іх супрацоўніцтва. Пазней прадстаўнікі медыйнага агенцтва Батурына заявілі, што Віктар не толькі спыніў дзелавыя адносіны са Смолавай, але і «расчараваўся ў ёй як у чалавеку».

Цяпер былая зорка кіруе вакальнай школай і невялікім прадзюсарскім цэнтрам. У студзені 2010 года спявачка выйшла замуж за расійскага бізнэсмена, які старэйшы за яе на 12 гадоў. Пара абвянчалася ў Саборы Казанскай Іконы Божай Маці на маскоўскай Краснай плошчы. Разам яны выхоўваюць траіх дзяцей.
Venera (Наталля Кудрына)
Эфектная бландынка ўварвалася ў беларускую медыяпрастору ў пачатку нулявых. Наталля выконвала песні на ламанай англійскай мове з моцным акцэнтам, але гэтыя недахопы заставаліся незаўважанымі — увагу гледачоў адцягвалі сэксуальныя касцюмы спявачкі і яе стройны стан. Зрэшты, пеўчая кар'ера Венеры неўзабаве згасла.

Сёння Кудрына працуе стылістам, развівае свой брэнд адзення і актыўна займаецца фітнэсам.

Святлана Бароўская
Ураджэнка Маладзечна з дзяцінства марыла стаць актрысай. Пасля школы яна паступіла ў Тэатральна-мастацкі інстытут, дзе ў хуткім часе пазнаёмілася з будучым мужам. Акцёр Анатоль Коценеў быў старэйшым за Святлану на адзінаццаць гадоў і старанна дабіваўся блакітнавокую прыгажуню. Шлюб творчых асоб пратрымаўся 25 год, але ў 2014-м пара развялася — аказалася, што Анатоль шмат гадоў жыў на дзве сям'і.

Разлад у асабістым жыцці з лішкам кампенсавала кар'ера. Шмат гадоў Бароўская вядзе перадачы «Добрай раніцы, Беларусь» і «Добры дзень, Беларусь», а таксама выступае ў ролі канферансье на «Славянскім базары» і іншых буйных канцэртах. Да статусу вядоўды дадаўся яшчэ адзін — Бароўская пачала выкладаць на факультэце журналістыкі БДУ: навучае студэнтаў акцёрскаму майстэрству і спецыфіцы жывых эфіраў.

У 2020 годзе Святлана выйшла замуж другі раз. Яе абраннікам стаў бізнэсмен з Санкт-Пецярбурга.

Аляксандр Саладуха
Па адукацыі Аляксандр Саладуха доктар — у 1982 годзе ён скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. У медыцыну будучага спевака прывяла трагедыя: бацька Аляксандра патрапіў у сур'ёзнае ДТЗ і з цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў бальніцу.

Але творчасць заўсёды вабіла Аляксандра. Яшчэ ў студэнцтве Саладуха спрабаваў знайсці шлях на сцэну і ўдзельнічаў у шматлікіх кастынгах. У васьмідзясятыя ён спрабаваў прабіцца ў вядомыя беларускія калектывы — «Песняры», «Верасы» і «Сябры», але атрымліваў адмовы. Няўдачы не адвярнулі маладога чалавека ад мары, і праз годы намаганняў яго ўзялі салістам у аркестр Міхаіла Фінберга. Праўда, праз год Саладуху звольнілі за прафнепрыдатнасць.

Сапраўдная слава прыйшла да спевака ў сярэдзіне 90-х з хітом «Здравствуй, чужая милая», які прагрымеў па расійскім тэлебачанні. Артыст зноў паспрабаваў скарыць Маскву, але, пацярпеўшы чарговую няўдачу, вярнуўся ў Мінск.
Акрамя пеўчай кар'еры, небясхмарным аказалася і яго асабістае жыццё. Саладуха быў жанаты тройчы і развод з другой жонкай выліўся ў скандал.
Жанчына звярнулася ў СМІ і расказала, што «на развітанне» спявак збіў яе зэдлікам, а рукапрыкладства з боку Аляксандра было звыклай справай на працягу ўсіх 16 гадоў іх сумеснага жыцця. Той канфлікт удалося замяць.

Сярод іншага Саладуха ўдзельнічаў у запісе прапагандысцкага гімна «Любімую не аддаюць». Трэк выйшаў у верасні 2020 года і актыўна прасоўваўся на дзяржаўных радыёстанцыях.
Сяргей Дарафееў
Сяргей Дарафееў быў зоркай тэлеканала АНТ — ён вёў ток-шоу «Выбар», якое, дзякуючы прафесіяналізму журналіста, набыло асаблівую вастрыню. Але ў снежні 2010 года папулярная перадача выйшла ў эфір апошні раз. Прычынай спынення праекта стала гарачае абмеркаванне прэзідэнцкіх выбараў і масавых акцый пратэстаў у эфіры. Тады Лідзія Ярмошына пакінула студыю.

На наступны дзень пасля выхаду праграмы Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на вядучага — Дарафеева адхілілі ад працы і фактычна выціснулі з беларускага тэлебачання.
Неўзабаве журналіст з'ехаў ва Украіну, дзе таксама пачаў будаваць кар'еру на ТБ. Потым Дарафееў 3,5 года пражыў у Празе, дзе працаваў на «Радыё Свабода», аднак у 2018 годзе вярнуўся ў Кіеў. Тут Дарафееў уступіў у штаб кандыдата ў прэзідэнты Украіны Рамана Бяссмертнага і пачаў займацца інфармацыйным суправаджэннем яго кампаніі.

Пад час 2020 года Дарафееў падтрымліваў пратэст, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне неаднаразова асуджаў дзеянні расійскіх ваенных. Мяркуючы па фэйсбуку вядучага, цяпер ён зноў жыве ў Празе і працуе медыя-менеджарам і прадзюсарам.
Ілля Міцько
Хіт «Халі-галі, паратрупер» гурта «Лепрыконсы» добра ведаюць за межамі нашай краіны. У 1997 годзе за раскрутку калектыву ўзяўся вядомы расійскі лэйбл «Саюз», які перавёз музыкаў у Маскву. Франтмен гурта Ілля Міцько правёў у мегаполісе некалькі гадоў, але потым пакінуў шумны горад.

Некалькі гадоў ён прапрацаваў у Кіеве вядучым на радыё, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь. На радзіме Міцько адкрыў студыю гуказапісу, а таксама выступаў разам з калегамі па калектыве на канцэртах і карпаратывах.
Сёння пра жыццё музыканта можна даведацца з яго ютуб-канала: ён часта запісвае ўлогі і дзеліцца з падпісчыкамі рэцэптамі любімых страў.
Без малога 15 гадоў Міцько жанаты. З жонкай Веранікай яны пазнаёміліся ў клубе. Па ўспамінах Іллі, гэта было каханне з першага погляду.
Ларыса Грыбалёва
Творчая кар'ера Ларысы пачалася з перамогі ў конкурсе маладых выканаўцаў «Маладзечна-94». Пасля яго маладая артыстка была запрошана ў Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, дзе ў якасці салісткі адпрацавала з 1994 па 2009 год.

У дзевяностых Грыбалёва заззяла на ТБ: тады Ягор Хрусталёў запрасіў дзяўчыну стаць вядучай забаўляльнай праграмы «Усё нармальна, мама!». Перадача зрабіла фурор і доўгі час заставалася ў топе ранішніх айчынных шоу. Паралельна Грыбалёва займалася развіццём свайго святочнага агенцтва.
Артыстка замужам, у шлюбе выхоўвае траіх дзяцей.
У лютым 2023 года стала вядома, што артыстка трапіла ў чорны спіс і цяпер не можа выступаць на тэрыторыі Беларусі. У лістападзе таго ж года з'явілася інфармацыя пра яе затрыманне.

Аляксандр Ждановіч
На «Калыханцы» з Маляванычам вырасла не адно пакаленне беларусаў. Без малога 20 год Аляксандр Ждановіч звяртаўся з пажаданнямі добрай ночы да дзетак усёй краіны. Аднак у 2015-м тэлевізійная кар'ера Ждановіча завяршылася — новае кіраўніцтва вырашыла абнавіць склад вядучых.

Ждановіч працягнуў працаваць у тэатры. Доўгі час спектакль «Бег», пастаўлены па п'есе Міхаіла Булгакава «Дні Турбіных», паспяхова ішоў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. У гэтай пастаноўцы Ждановіч граў адну з галоўных роляў і ўражваў публіку глыбінёй свайго драматычнага таленту.

Восенню 2020 года, убачыўшы прыпаркаваныя мікрааўтобусы з амапаўцамі, Ждановіч дастаў з сумкі драўляны крыж, пачаў асяняць сілавікоў хросным знакам і чытаць малітву. За гэтую акцыю Аляксандр атрымаў 9 сутак арышту. Праз некалькі месяцаў ён быў звольнены з тэатра па артыкуле. Цяпер акцёр жыве ў эміграцыі і радуе гледачоў пазнавальнымі ролікамі у тыктоку.
Асабістае жыццё Маляваныча склалася трагічна. Жонка Аляксандра, з якой яны былі разам са студэнцкай лавы, памерла ў 2015 годзе. У пары засталося двое сыноў.
Аляксандр Аверкаў
Аверкаў — калега Ждановіча па «Калыханцы», у свой час ён агучваў лялечнага ваўка Вову.

Прапагандыст быў вядучым «Контураў» і «Нашых навінаў». Доўгі час ён лічыўся адным з любімых журналістаў Лукашэнкі. У 2004 годзе Аляксандр атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, у 2006-м быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 2010-м атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры. У тым жа годзе Лукашэнка асабіста павіншаваў Аверкава з 50-гадовым юбілеем — вядучы прызнаваўся, што ад шоку «доўга не мог прыйсці ў сябе».

Сёння ён працуе вядучым у дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання АНТ. Журналіст двойчы быў жанаты. Першая жонка — Алена Акулёнак, яго аднакурсніца. Разам яны выхоўвалі дваіх дзяцей. Другая жонка — Анжаліка Чарняева, працуе прадзюсарам і рэжысёрам.
Тамара Лісіцкая
Зорка беларускага тэлебачання 90-х запаміналася сваёй яркай знешнасцю. Энергічная рудавалосая прыгажуня хутка спадабалася гледачам. Яшчэ падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ Тамара пачала весці музычную тэлепраграму «Foxy Music» на «8 канале», а потым была аўтарам, вядучай і рэжысёрам штотыднёвага тэлечасопіса «12, або на Ноч гледзячы».

На тэлебачанні кар'ера жанчыны не спынілася. Лісіцкая стала папулярным дыджэем на радыё, а таксама аўтарам пяці кніг. Сёння Лісіцкая развівае новую сферу дзейнасці — яна працуе арт-тэрапеўтам.

Макс Лорэнс (Максім Сапацькоў)
Рэпер стаў вядомым пасля супрацоўніцтва з Сярогай. У тандэме яны запісалі тры песні: «Мой двор: спартовыя прыпеўкі», «Дыскамалярыя», «Хронікі хлапца з гомельскіх вуліц».
Выканаўца да гэтага часу займаецца творчасцю — у сваім акаўнце ў інстаграм ён з зайздроснай рэгулярнасцю посціць урыўкі новых песень.

Музыка жанаты, у шлюбе выхоўвае сына.

Элеанора Язерская
Тэлевядучая і адна з самых экстравагантных жанчын беларускага бамонду 90-х нарадзілася ў 1946 годзе і ўсё жыццё правяла ў Мінску. Яе голас беларусы ведалі па «Салоне Элеаноры Язерскай», які выходзіў на БТ, цыкле аўтарскіх перадач «Жанчыны XX стагоддзя» на СТБ і эфірах на радыё «Мір».

Язерская запомнілася яркімі аўтфітамі, смелымі выказваннямі і маладымі палюбоўнікамі. У 48 гадоў яна закруціла раман з 23-гадовым Віталём Жукавым. Мужчына спрабаваў раскруціць кар'еру ў якасці артыста размоўнага жанру Белдзяржфілармоніі, але потым пераключыўся на антыкварыят і нават адзін час жыў у Парыжы.
Пара рассталася па ініцыятыве Язерскай — яна казала, што занадта свабодалюбная, каб звязваць сябе сумесным жыццём з мужчынам.

Свецкая львіца памерла 16 мая 2014 года на 68-м годзе жыцця. Меркаваная прычына смерці — вострая сардэчная недастатковасць. Яна пахаваная на Маскоўскіх могілках у Мінску. Праз год пасля смерці кватэра Язерскай была выстаўлена на продаж. Мяркуючы па ўсім, тады пакупнікоў элітнай нерухомасці не знайшлося і аб'ява ізноў усплыла ў СМІ некалькі месяцаў таму.
Каментары