Аўтограф застаўся, але імя завесілі іншым здымкам.
Чытачы dev.by заўважылі прапажу з імправізаванай дошкі (дакладней сцяны) гонару ў ПВТ, на якой сабраны фота і аўтографы ІТ-зорак. Знік партрэт венчурнага інвестара Юрыя Мельнічка пад яго пажаданнем «гадаваць бізнэс разам з ПВТ». Мельнічак падпісаў яго як заснавальнік Maps.me. Ні імя, ні назвы кампаніі цяпер не відаць — на гэтае месца перавесілі партрэт Юрыя Гурскага і Наталлі Вадзянавай.
Магчыма, прычына ў выказваннях Юрыя ў фэйсбуку ў 2020-м (але гэта не дакладна).
Было


Стала

Dev.by спытаў Юрыя Мельнічка, чаму прыбралі менавіта яго здымак і што ён у сувязі з гэтым адчувае.
— Я, праўда, не ведаю, за што, — сказаў Мельнічак. — Ну, прыбралі і прыбралі. Можа, і да лепшага, што прыбралі. Я ўдзячны ПВТ за тое, што ў іх я пабудаваў выдатную кампанію AImatter. А фота здымаюць або вешаюць, мне ўсё роўна.
Юрый Мельнічак — сузаснавальнік інвестыцыйнай кампаніі Bulba Ventures для развіцця беларускіх стартапаў. Заснавальнік картаграфічнага сэрвісу Maps.Me (прададзены Mail.ru Group у 2014) і стартапа AIMatter (прададзены Google ў 2017).
Жыве ў Цюрыху.
На думку Мельнічка, пасля падзей 2020 года ўкладваць грошы ў кампанію ў Беларусі, у якой «часам не да законаў», стала занадта рызыкоўна, а «справа PandaDoc» пагоршыла бізнэс-клімат у краіне. Гэта не перашкодзіла Bulba Ventures прыцягнуць інвестараў і пакупнікоў для сваіх партфельных кампаній — OneSoil, Wannaby, Vochi. Усе тры кампаніі пазней сышлі з Беларусі.
У лютым 2022 года сузаснавальнікі Bulba Ventures Юрый Мельнічак і Андрэй Аўсіевіч вырашылі, што будуць інвеставаць у стартапы паасобку.
Каментары