Грамадства11

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага: Я аптыміст. Мы вернемся ў сям'ю еўрапейскіх народаў са сваімі сімваламі, са сваёй мовай

На канале «Фейгин LIVE» выйшла гутарка з камандзірам палка Кастуся Каліноўскага Дзянісам Прохаравым і яго намеснікам Вадзімам Кабанчуком. Прыводзім вытрымкі з яе.

Пра баяздольнасць байцоў беларускага палка

Вадзім Кабанчук кажа, што рэкруты беларускага палка — найбольш матываваныя ва УСУ. «У Беларусі было 28 гадоў дыктатуры — гэта сціснутая спружына, якая цяпер расціскаецца. І цяпер поле бою — на тэрыторыі Украіны, але нашы хлопцы разумеюць, што гэта часовы момант.

Полк — гэта патэнцыйна будучыя войскі, якія дазволяць вызваліць Беларусь ад унутранай акупацыі».

Дзяніс Прохараў лічыць, што прафесіяналізм байцоў палка — вышэйшы за той, што маюць беларускія рэгулярныя войскі.

«Досвед падраздзяленняў Украіны паказаў, што больш эфектыўна, калі ваяры гатовыя на перадавой са зброяй у руках вучыцца ў баях, паралельна павышаючы сваю кваліфікацыю на курсах, якія таксама ёсць, чым некаторыя рэгулярныя арміі, што раз на месяц ездзіць на палігон, — кажа ён. — У ціры такі досвед немагчыма атрымаць».

Як павядуць сябе беларускія вайскоўцы, калі іх прымусяць удзельнічаць у вайне з Украінай?

Вадзім Кабанчук распавядае, што байцы палка, якія маюць сяброў, таварышаў па службе, стасуюцца з людзьмі ў Беларусі. «Яны нам даслоўна казалі: калі нас адправяць, вы толькі нам тэхнічна пазначце калідор, каб нас не забілі свае. І ўсё — мы з вамі».

Кабанчук таксама згадвае словы механіка-вадзіцеля, які сказаў: «Толькі я сам вырашу, куды паедзе мая тэхніка і ці паедзе яна наогул». Намеснік камандзіра палка кажа, што 8 з 10 ваеннаслужачых Беларусі не хочуць удзельнічаць у гэтай вайне і «наогул ні ў якой».

«Як яны сябе павядуць, калі іх сюды пагоняць? Я думаю, яны далёка не зойдуць, іх чакае развал, дэзарганізацыя, пераход на наш бок — з усімі спадарожнымі наступствамі для рэжыму Лукашэнкі. І ён сам гэта разумее. Паколькі яго ўлада трымаецца на штыках, у тым ліку на Узброеных сілах, ён баіцца згубіць адну са сваіх падпорак. У яго ж не так і шмат баяздольных войскаў. Туды можна запісаць сілы спецыяльных аперацый — ну тры тысячы — у рэальным баі іх будзе яшчэ менш. Таму для Украіны гэта не такая ўжо сур’ёзная праблема — яны ўжо ў разы больш перамалолі», — разважае ён.

Пра мэты байцоў палка

Дзяніс Прохараў распавядае, што ў палку вялікая колькасць людзей, матываваных біцца за Украіну, бо глабальная ідэя байцоў палка — гэта свабода Беларусі. «Калі атрымае паражэнне войска Пуціна ва Украіне, калі ўсе тэрыторыі будуць вызваленыя, трэба будзе перамагаць рэжым Пуціна ў галовах народа. Бо ў Пуціна атрымалася перамагчы ў галовах народа. Разам з тым — рыхтавацца заходзіць у Беларусь. Наша ідэя — прыйсці ў Беларусь і пабудаваць вольную новую Беларусь».

Фота: тг-канал палка Каліноўскага

Паводле яго, калі падзе рэжым Пуціна (менавіта рэжым, падкрэслівае ён, а не персанальна Пуцін, таму што людзей памяняюць — рэжым будзе жыць), далей захістаецца рэжым Лукашэнкі, «бо ён без рэжыму Пуціна не можа існаваць, ён корміцца рэжымам Пуціна». «Полк будзе выкарыстоўваць любую магчымасць, калі з’явіцца такое акно ў наша светлую будучыню», — дадае ён.

Вадзім Кабанчук кажа, што ў палка моцная падтрымка грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і з Беларусі. «Гэты феномен палка з’явіўся ў тым ліку дзякуючы таму, што мы маем бяспрыкладную падтрымку беларускага народа, беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта праяўляецца і ў рэкрутах, і ў валанцёрцы, і ў дапамозе інфармацыйнай», — кажа ён.

Пра апазіцыю

Паводле Прохарава, у палку сабраліся людзі з рознымі палітычнымі поглядамі, але іх яднае тое, што яны намагаюцца наблізіць вайсковае вызваленне Беларусі.

Таму яны вітаюць розныя палітычныя ініцыятывы, накіраваныя на найхутчэйшае вызваленне Беларусі. «Цяпер тысячы палітзняволеных у беларускіх турмах знаходзяцца, і мы разумеем, што час канферэнцый і шарыкаў незваротна прайшоў. Выбары 1994 года, напэўна, былі апошнімі вольнымі выбарамі ў найноўшай гісторыі Беларусі. А потым іх не было. У 2020 годзе дзеці тых бацькоў, якія зрабілі выбар больш за чвэрць стагоддзя таму, яны выйшлі і паспрабавалі зрабіць так, як павінна быць у нармальнай краіне. Але, на жаль, у нас даўно не нармальная краіна. І мірныя, легальныя спосабы адхілення дыктатарскіх рэжымаў — яны не дзейнічаюць.

Бачым прагрэс нават сярод так званай тытульнай апазіцыі — яны таксама рухаюцца ў гэтым накірунку, да іх ужо прыйшло гэта разуменне. Таму мы пакуль не бачым уцямнай стратэгіі па вызваленні Беларусі. Таму гэту стратэгію, хутчэй за ўсё, нам прыйдзецца ствараць самім.

І паколькі мы — мілітарная сіла, а час цяпер ваенны, то і вызваленне Беларусі будзе звязанае, хутчэй за ўсё, з акном магчымасцей, якія даюць ваенныя абставіны. Каму, як не нам, быць адным з ключавых элементаў у вызваленні Беларусі?» — гаворыць ён.

У палку мяркуюць, што ім трэба актывізавацца ў кірунку публічнай палітыкі, верагодна, будзе высунуты шэраг палітычных прадстаўнікоў палка. У палку ёсць шмат таленавітых людзей не толькі ў вайсковай справе, ёсць тыя, хто выйшаў з палітычных ініцыятываў і арганізацый. «Яны могуць годна прадстаўляць полк».

Пра нацыянальную самасвядомасць

Вадзім Кабанчук гаворыць, што рэжым Лукашэнкі 28 гадоў разлічваўся дэнацыяналізацыяй Беларусі за танныя крэдыты, газ і нафту. Паводле яго меркавання, ва Украіне людзі не могуць зразумець, чаму ў Беларусі няма ніводнай установы вышэйшай адукацыі на беларускай мове. Як гэта будзе вяртацца? Вайсковец мяркуе, што калі будзе выбудаваны лагічны ланцужок ад дзіцячага садка да дзяржаўнага чыноўніка — чалавек будзе вучыць беларускую мову. Гэты працэс будзе расцягнуты на гады. Тут нельга інтэнсіфікаваць, каб не спужаць асноўную масу рускамоўных рэзкімі хуткімі моўнымі рэформамі.

«У гэтым плане я аптыміст. Нас чакае цудоўная еўрапейская будучыня — мы вернемся да еўрапейскіх народаў са сваімі сімваламі, са сваёй мовай», — кажа ён.

Фота: тг-канал палка Каліноўскага

Пра супраціў у Беларусі

На абвінавачванні ў тым, што беларусы не супраціўляюцца расійскай акупацыі і не пратэстуюць супраць гэтага, Кабанчук адказвае, што гаварыць цяпер беларусам — вы павінны выйсці і супраціўляцца рэжыму, каб на нас не ляцелі ракеты і не стралялі з самалётаў, — гэта тое самае, што абвінаваціць Херсонскую вобласць, што ракеты і снарады ляцяць па Мікалаеўскай вобласці. «Але нікому гэта ў галаву не прыходзіць, бо людзі разумеюць, што там акупацыя. Тое самае і ў Беларусі».

Пра атрыманне ўкраінскага грамадзянства

Дзяніс Прохараў кажа, што з гэтым пакуль ёсць праблемы. Нібыта і заканадаўства ёсць на гэты конт, але сама працэдура не рэалізуецца. Нават ВНЖ цяжка атрымаць, не кажучы ўжо пра грамадзянства. Ёсць шэраг добраахвотнікаў, якія ваююць з 2014 года (а тым больш валанцёраў), якія цяпер знаходзяцца ў статусе нелегалаў.

Вадзім Кабанчук дадае, што праблема дакументаў больш тычыцца не байцоў палка, а грамадзянскага сектару. Бо ў байцоў ёсць ваенны білет Украіны. І дадае, чаму для яго не стаіць пытанне грамадзянства. «Мы цяпер грамадзяне Беларусі. І я, і большасць нашых байцоў хочуць вярнуцца ў Беларусь. І атрымоўваць грамадзянства Украіны — фактычна даваць козыр у рукі прапаганды: паглядзіце, нейкія ўсэушнікі, грамадзяне Украіны лезуць да нас.

«А так я — грамадзянін Беларусі, я маю права спыняць любымі шляхамі злачынствы па захопе і незаконнамым ўтрыманні ўлады. Для мяне гэта так», — тлумачыць ён.

Каментары1

  • ром
    29.08.2022
    Поддерживаю.. но мне не нравится связь с Украиной!! Это худшее что может быть! Зайдя на территорию, объявят что Украина начала войну против Беларуси!! А это цже другой расклад

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Усе навіны →
Усе навіны

У Смалявіцкім раёне прадаюць асабняк-комплекс амаль за чатыры мільёны даляраў1

Зяць Віктара Орбана можа купіць Raiffeisenbank у Расіі4

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна22

Тэхніка зламалася на наступны дзень пасля гарантыі. Ці можна вярнуць грошы?

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала самы трагічны момант у зняволенні1

Мінская блогерка панюхала дзверы суседа і гэтым выратавала яго ад магчымай гібелі6

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыку, змяніўся начальнік1

ХАМАС вызваліў двух закладнікаў, а на працягу дня групоўка абяцае адправіць яшчэ чатырох1

EPAM назваў чысты прыбытак за год. Лічба ўражвае8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць