Грамадства

Да 6 з паловай гадоў зняволення. Вынеслі прысуд 14 фігурантам «пінскай справы»

Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Брэста вынеслі прысуд 14 фігурантам пінскай справы (падзеі 9-10 жніўня). Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), паведамляе Радыё Свабода.

Суддзя Яўген Брэган прысудзіў:

  • Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку — 6 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гунько, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Шматдзетнай маці Алене Маўшук — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
  • Давіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шэлямету — 5 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней такія ж самыя тэрміны для абвінавачаных запатрабаваў пракурор.

Суды над 14 пінскімі палітвязнямі працягваліся з 23 сакавіка. У ходзе судовых паседжанняў віну прызналі Артур Халімончык і Сяргей Ляжэнка. Цалкам не прызналі — Ігар Салавей, Станіслаў Міхайлаў, Данііл Богнат, Аляксандр Цярэшка. Астатнія абвінавачаныя прызналі віну часткова.

Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі, закліках дэмантаваць тратуарную плітку, закліках «біць сілавікоў», пашкоджанні маёмасці, кіданні камянёў, фрагментаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек, ударах па сілавіках рукамі і нагамі.

Паводле абвінавачання, падсудныя далучыліся да дзеянняў іншых асоб і адзін да аднаго «ў мэтах дасягнення адзінага выніку, што выразілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаннях і знішчэнні маёмасці».

Пацярпелымі па справе прызнаныя 109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў.

На першым пасяджэнні пракурор распавядаў, хто з пінчукоў у чым абвінавачваецца. Такім чынам, па версіі следства:

Ляжэнка выламаў палку з лаўкі і нанёс ёю не менш за 10 удараў па супрацоўніках міліцыі, потым дастаў іншую палку і нанёс яшчэ не менш за тры ўдары.

Багнавец выламаў кол для падвязкі дрэў і кінуў у пастраенне сілавікоў.

Халімончык шпурнуў у міліцыянтаў пластыкавую бутэльку і палку, нанёс не менш за два ўдары палкай.

Гунько ўдарыў адзін раз рукой у шчыт, потым вырваў з клумбы кветкі з каранямі і зямлёй «вырабіўшы тым самым прыладу злачынства», і кінуў у сілавікоў. Туды ж кінуў і металічную скрыню.

Шэлемет кінуў у міліцыянтаў камень, пластыкавую бутэльку, падпалены пачак цыгарэт і дошку.

Рагашчук кінуў неўсталяваны прадмет, спрабаваў вырваць скрыню, не менш за пяць разоў ударыў палкай па супрацоўніках АУС.

Рубец кінуў у шарэнгу міліцыянтаў жменю зямлі з клумбы і камень.

Цярэшка кінуў палку і неўсталяваныя прадметы.

Богнат кінуў камень, фрагмент разбітай шкляной бутэлькі і неўсталяваны прадмет.

Міхайлаў біў нагой у шчыты, падняў бетонную паўсферу і шпурнуў яе ў бок міліцыянтаў.

Масціцкі ударыў чатыры разы палкай.

Салавей заклікаў дэмантаваць плітку, кінуў неўсталяваны прадмет.

Алена Маўшук падышла да шарэнгі сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі, драўляным калом і палкай. Яе муж Сяргей кінуў у міліцыянтаў палку.

Каментары

Цяпер чытаюць

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Усе навіны →
Усе навіны

У Смалявіцкім раёне прадаюць асабняк-комплекс амаль за чатыры мільёны даляраў1

Зяць Віктара Орбана можа купіць Raiffeisenbank у Расіі4

Больш ніякіх ружовых касцюмаў. Стыль Наталлі Пяткевіч змяніўся кардынальна22

Тэхніка зламалася на наступны дзень пасля гарантыі. Ці можна вярнуць грошы?

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала самы трагічны момант у зняволенні1

Мінская блогерка панюхала дзверы суседа і гэтым выратавала яго ад магчымай гібелі6

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыку, змяніўся начальнік1

ХАМАС вызваліў двух закладнікаў, а на працягу дня групоўка абяцае адправіць яшчэ чатырох1

EPAM назваў чысты прыбытак за год. Лічба ўражвае8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц13

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць