BAFTA-2025: «Канклаў» — найлепшы фільм, прыз за рэжысуру атрымаў Брэдзі Корбэт за «Бруталіста», Майкі Медысан — за «Анору»
У Лондане ў нядзелю адбылося ўручэнне ўзнагарод Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў (BAFTA). Цырымонія прайшла ў Каралеўскім фестывальным холе, піша Бі-бі-сі.

Галоўную ўзнагароду Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў (BAFTA) — прыз за найлепшы фільм — атрымаў «Канклаў» — трылер пра выбары Папы Рымскага.
На перамогу ў катэгорыі «Найлепшы фільм» прэтэндавалі, акрамя «Канклава», «Анора», «Бруталіст», «Невядомы незнаёмец» і «Эмілія Перэс».
Прыз за рэжысуру дастаўся Брэдзі Корбэту за «Бруталіста» — трохгадзінную эпічную драму пра архітэктара, які перажыў Халакост. Сярод іншых намінантаў у гэтай катэгорыі былі Шон Бэйкер («Анора»), Эдвард Бергер («Канклаў»), Дэні Вільнёў («Дзюна: Частка другая»), Жак Адыяр («Эмілія Перэс») і Каралі Фаржа («Субстанцыя»).
Найлепшай актрысай была прызнана амерыканская актрыса Майкі Мэдысан за ролю ў фільме «Анора», які расказвае гісторыю рускамоўнай стрыптызеркі.
Найлепшым акцёрам стаў Эдрыян Броўдзі, які выканаў галоўную ролю ў фільме «Бруталіст» пра выдуманага венгерскага архітэктара Ласла Тота, які збег ад Халакосту ў ЗША.
Прэмію BAFTA часта называюць рэпетыцыяй «Оскара» — імёны пераможцаў BAFTA у многім прадказваюць вынікі галасавання кінаакадэмікаў. Уручэнне «Оскараў» сёлета адбудзецца 2 сакавіка.
Расійскі акцёр Юра Барысаў, які быў намінаваны за ролю другога плана ў фільме «Анора», застаўся без узнагароды — яе атрымаў Кіран Калкін («Сапраўдны боль»). Ён жа абышоў Барысава і на ўручэнні «Залатых глобусаў».
Найлепшым неангламоўным фільмам прызнаны крымінальна-камедыйны мюзікл рэжысёра Жака Адыяра «Эмілія Перэс».
Кароткаметражны фільм брытанскага рэжысёра Франца Бэма «Камень, нажніцы, папера» пра пачатак поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны з украінскім акцёрам Аляксандрам Рудзінскім у галоўнай ролі атрымаў узнагароду ў намінацыі «Найлепшы брытанскі кароткаметражны фільм».
Найлепшым дзіцячым і сямейным фільмам стаў «Уолес і Громіт».
Каментары
другі раз запар Эдвард Бергер выдаў шэдэўр