Спёка ў Еўропе забярэ мільёны жыццяў. Якія гарады самыя небяспечныя
Змена клімату можа прывесці да павелічэння колькасці смяротных выпадкаў ад спёкі ў Еўропе на 2,3 мільёна чалавек да 2099 года, падлічылі навукоўцы.

Змена клімату, хутчэй за ўсё, прывядзе да рэзкага павелічэння смяротнасці ад экстрэмальнай спёкі, зводзячы на нішто чаканае некаторымі навукоўцамі зніжэнне смяротнасці ад холаду, паведамляе Еўраньюс.
Такія высновы зрабілі ўдзельнікі даследавання з Лабараторыі мадэлявання навакольнага асяроддзя і здароўя (EHM) Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны (LSHTM), апублікаванага ў часопісе Nature Medicine.
«Даследаванне дае пераканаўчыя доказы таго, што рэзкі рост колькасці смяротных выпадкаў, звязаных са спёкай, значна перавысіць любое зніжэнне смяротнасці, звязанай з холадам, што прывядзе да чыстага росту смяротнасці па ўсёй Еўропе», — адзначае прафесар Антоніа Гаспарыні, старшы аўтар артыкула і кіраўнік лабараторыі EHM у LSHTM.
Паводле ацэнак яго каманды, змена клімату можа выклікаць больш за 2,3 мільёна дадатковых смяротных выпадкаў, звязаных з высокімі тэмпературамі, у 854 еўрапейскіх гарадах да 2099 года. Аднак, па меркаванні даследчыкаў, 70% гэтых трагедый можна пазбегнуць, калі прыняць своечасовыя меры для паляпшэння экалагічнай сітуацыі.
Паводле прагнозаў, да канца стагоддзя найбольшая колькасць смяротных выпадкаў, звязаных з тэмпературай, будзе зарэгістраваная ў Барселоне — 246 082. За ёй ідуць Рым (147 738 смерцяў) і Неапаль (147 248).
Чацвёртым у спісе з’яўляецца іспанскі горад Мадрыд (129 716), а пяты радок займае Мілан (110 131). Далей ідуць Афіны (87 523 смерці), Валенсія (67 519), Марсэль (51 306), Бухарэст (47 468) і Генуя (36 338).
Даследчыкі адзначаюць, што пік смяротнасці прагназуецца ў самых шчыльна населеных міжземнаморскіх гарадах. Але пацярпець могуць і невялікія гарады на Мальце, у Іспаніі і Італіі.
Каментары