«Рэжым павінен вызваліць усіх палітвязняў і спыніць іх пераслед». АПК зрабіў заяву па санкцыях і вызваленні палітвязняў
19 лютага адбылося пасяджэнне Аб'яднанага пераходнага кабінета, падчас якога была ўзгодненая пазіцыя па пытаннях санкцый і патэнцыйнага вызвалення палітвязняў.

Кабінет лічыць, што ўвядзенне санкцый з боку міжнародных партнёраў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі з’яўляецца адным з важных інструментаў для прымушэння рэжыму змяніць унутраную палітыку і забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў.
У кантэксце кансультацый па вызваленні палітзняволеных, Кабінет заяўляе наступнае:
- — рэжым Лукашэнкі павінен поўнасцю спыніць палітычныя рэпрэсіі,
- — рэжым павінен вызваліць усіх палітычных вязняў і спыніць іх крымінальны і адміністратыўны пераслед, адмяніць незаконныя прысуды. Вызваленым палітвязням павінен быць дадзены выбар: застацца ў Беларусі ці выехаць за яе межы,
- — палітычная і грамадская дзейнасць, праца незалежных СМІ павінны быць цалкам дэкрыміналізаваныя. У Рэспубліцы Беларусь павінна быць адноўленае дзеянне прававой сістэмы, якая забяспечвае належную павагу да правоў чалавека,
- — пры выкананні вышэйзгаданых умоў частка санкцый ЗША можа быць паэтапна прыпынена, каб пераканацца ў тым, што рэжым належным чынам выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы.
«Адначасова Кабінет падтрымлівае дзеянні ЕС, накіраваныя на працяг санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі за парушэнне правоў чалавека і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве.
Таксама Кабінет лічыць стратэгічна важнай і цалкам падзяляе пазіцыю прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, агучаную падчас Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі, у якой падкрэслена, што «ўсходняя мяжа Украіны, усходняя мяжа Беларусі, усходнія межы краін Балтыі, усходняя мяжа Фінляндыі — гэта самая моцная лінія бяспекі для ўсіх нас у Еўропе таму, што гэта рыса міжнароднага права».
Кабінет адзначае, што рэгіянальная бяспека можа быць рэальна гарантавана толькі пры ўмове існавання незалежнай дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі.
Каментары