Пазняк вітае магчымую здзелку «вызваленне палітвязняў» у абмен на санкцыі
Зянон Пазняк выказаўся з нагоды вызвалення беларускіх палітвязняў з дапамогай амерыканцаў і магчымай здзелкі паміж Лукашэнкам і ЗША, па якой у абмен па выпуск палітвязняў могуць аслабіць ці зняць частку санкцый з калію і банкаў.

«Такім чынам, гуманітарная справа, раней пачатая «Асацыяцыяй сваякоў і колішніх палітвязняў» (С. Мацкевіч, Т. Хоміч і інш.) і мной, Дэпутатам Незалежнасці Пазняком Зянонам Станіслававічам, і іншымі («Вольная Беларусь») на Новы 2024 год, аб вызваленні беларускіх палітвязняў шляхам перамоваў з рэжымам у абмен на спыненне шкодных для Беларусі і для народа эканамічных санкцыяў, дала вынікі ўжо летам 2024 года», — піша ў фэйсбуку Пазняк, згадваючы, што па памілаванні да канца года выйшлі больш за 200 чалавек.
Ён дадаў, што адміністрацыя Трампа ацаніла «палітычную правільнасць перамоўнага падыходу».
«Неўзабаве аплочаныя палітычныя гамункулусы, якія крычалі «душыць Беларусь эканамічнымі санкцыямі», пачнуць на хаду пераабувацца. Тое, да чаго няздольны Брусэль, імгненна вырашае Вашынгтон», — піша Пазняк.
І прагназуе, што на волю адпусцяць і вядомых палітвязняў — Дзяніса Івашына, Паўла Севярынца, Кацярыну Андрэеву і іншых.
Каментары