Аднапакаёўку ў Мінску плошчай 26 квадратаў прадаюць ажно за 103 тысячы даляраў
Здаецца, зафіксаваны чарговы рэкорд на нерухомасць у жыллёвым комплексе «Мінск Свет». Уласніца кватэры — дызайнерка — спачатку рабіла яе для арэнды, але ў выніку вырашыла прадаць па кошце каля 4000 даляраў за квадрат.

Знаходзіцца «залатая» аднапакаёўка ў 25-павярховым доме на 22 другім паверсе. Сам дом быў пабудаваны ў 2023 годзе ў «Мінск Свеце».
Агульная плошча кватэры — 26 «квадратаў», жылая — 22. Раней пісалася, што ўласніца — дызайнерка Юлія Плавінская, якая першапачаткова афармляла сваю кватэру, каб потым здаваць яе ў арэнду.

Падкрэслівалася, што дызайнерка даўно марыла зрабіць цёмны інтэр'ер, але досыць адважнага замоўцы для такой ідэі не знайшлося. У выніку эксперыментаваць яна вырашыла ва ўласнай кватэры.

— Кватэра здавалася са свабоднай планіроўкай: былі абазначаны толькі межы санвузла. Каб лагічна арганізаваць прастору, Юлія Плавінская дадала перагародку паміж кухняй і ложкам: цяпер проста праз кухню-калідор арандатар зможа прайсці ў гасціную. Бо студыя зусім невялікая, дызайнерка вырашыла «растварыць» сцены ў люстэрках і цёмных танах. Афармленне, натхнёнае касмічнай тэматыкай, хацелася зрабіць незвычайным, — пісалася ў інстаграм-акаўнце desigh_mate.

Невядома, колькі раней дызайнерка хацела атрымліваць штомесяц за арэнду і чаму ў выніку адмовілася ад той ідэі. Але цяпер яна плануе прадаць маленечкую нават для аднаго чалавека студыю за 103 тысячы даляраў.
Каментары