Сукенкі за 135 рублёў, футболкі — за 120. У Мінску адкрылася новая крама беларускіх дызайнераў
20 снежня ў гандлёвым цэнтры «Чэрвенскі» запрацавала новая fashion-прастора The Brand, дзе маладыя беларускія дызайнеры змогуць прадставіць свае калекцыі. У гэтым праекце аб'яднаны працы як мадэльераў-пачаткоўцаў, так і тых, хто ўжо вядомы, піша «Анлайнер».

У новай прасторы прадстаўлены 20 брэндаў, сярод якіх — Davidova, Aya, SoulStyle, JuNi Brand і іншыя. Асаблівая ўвага нададзена дызайнерам з рэгіёнаў, чые калекцыі рэдка даходзяць да сталічных пакупнікоў.

Афармленне крамы нагадвае галерэю: мінімалістычны інтэр'ер з асобнымі зонамі для кожнага брэнда. Крама вылучаецца прасторнымі прымерачнымі, адаптаванымі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, размаляванымі ўручную манекенамі, якія самі па сабе прыцягваюць увагу, і арыгінальнымі вешалкамі-дэкорам каля прымерачных, куды можна павесіць рэчы, што не пасуюць.

Да канца снежня ў The Brand абяцаюць адкрыць лаунж-зону з канапамі і столікамі. У планах — правядзенне лекцый і майстар-класаў для ўсіх, хто цікавіцца модай і дызайнам.

У краме можна знайсці як дзіцячае адзенне (напрыклад, камбінезоны за 116 рублёў), так і жаночыя калекцыі: вадалазка — 240 рублёў, сукенкі — 135 рублёў, футболкі — 120 рублёў.

Каментары