Гэтая аптычная ілюзія не мае аналагаў у Літве і Польшчы, але яе можна адшукаць у творах Брамантэ, Бараміні, Берніні і Паладыа, якім Італія абавязаная сваёй архітэктурнай раскошай. Распавядаем пра гэты незвычайны алтар і таго, хто прыдумаў гэтую падманку.

На мінулых выхадных у будслаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі спецыялістамі праводзіліся абмеры і разборка ўнікальнага алтара ў найстарэйшай частцы храма.
Шэдэўр архітэктуры XVII стагоддзя плануюць адрэстаўрыраваць пакуль капліца Святой Барбары, у якой ён знаходзіцца, зачынена на доўгую рэканструкцыю. Рэстаўратары маюць намер пашырыць драўляны алтар, каб вярнуць яму першапачатковы выгляд.
І сам алтар, і месца, дзе ён сёння размяшчаецца, досыць незвычайныя. Капліца Святой Барбары — гэта стары мураваны касцёл першай паловы XVII стагоддзя, які пасля разбудовы храма быў уключаны ў ягоны аб'ём.

Стары храм у новым
Першы мураваны храм бернардзінцаў у Будславе быў закладзены 28 жніўня 1633 года віленскім прыёрам Фларыянам Калецкім. Фундатарам касцёла быў гетман вялікі літоўскі Ян Кішка, а будаўніком Андрэй Кромер з Полацка. 9 ліпеня 1643 касцёл быў асвечаны пад тым жа тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што і папярэдні драўляны храм.

Мураваны касцёл быў невялікім, памерам 20х10 м. Для размяшчэння цудатворнага абраза Маці Божай, які быў падораны папам Кліментам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу, з нагоды яго пераходу ў каталіцтва і візіту ў Рым, а потым перададзены бернардзінам каля 1613 года, быў збудаваны ўнікальны драўляны разны перспектыўны алтар.

Пра тое, як выглядаў першы мураваны касцёл, дакладна невядома, але захавалася некалькі яго супярэчлівых выяў. Праз вялікі наплыў паломнікаў і багатыя ахвяраванні ў 1767-1783 гадах быў пабудаваны новы вялікі касцёл у тым выглядзе, які знаёмы нам сёння. Пры будаўніцтве новага касцёла была зменена яго арыентацыя: калі стары храм быў зарыентаваны алтаром на ўсход, то новы — на захад.


Стары касцёл стаў часткай новага храма і сёння вядомы як капліца Святой Барбары, злева ад алтара новага храма. Сёння ў капліцу можна патрапіць як з алтарнай часткі касцёла, так і праз гістарычны ўваход, які сёння апынуўся на заднім фасадзе. Захаваліся нават старыя хоры над уваходам, на якія вядзе вінтавая лесвіца.

Застаўся стаяць на сваім месцы і перспектыўны алтар, але цудатворны абраз, перанесены ў новы алтар касцёла, замяніла Укрыжаванне, прынесенае сюды ў 1773 годзе з сядзібы Шымковічаў-Радовічаў у Ілаве.
Сакрэт алтара

Як сцвярджаюць даследчыкі, кампазіцыя алтара старога касцёла ў Будславе не мае аналагаў у сакральнай архітэктуры Літвы і Польшчы.
Мяркуюць, што алтар быў выкананы ў 1643—1651 гадах майстрам Пятром Грамелем, а пазалацілі яго манахі Геранім Плонскі і Бенедыкт Росман.
Але гэты помнік позняга барока настолькі ўнікальны і наватарскі, што даследчыкі справядліва прыйшлі да высновы, што ён не мог быць справай мясцовых цэхавых майстроў.

Алтар складаецца з трох частак. На пярэднім плане просты алтар у выглядзе скрыні, за якім двух’ярусная архітэктурная канструкцыя, так званы рэтабль, але самая цікавая трэцяя частка — два крылы па баках алтара. Яны ўстаноўлены пад вуглом 135° адносна рэтабля.

Вышыня крылаў паступова змяншаецца бліжэй да рэтабля з алтарным абразом. У той жа бок змяншаюцца калоны, нішы са скульптурамі святых, звужаецца карнізны фрыз.
Разгорнутасць крылаў алтара і паступовае памяншэнне яго архітэктурных элементаў былі спраектаваны так, каб стварыць зрокавую ілюзію — вымушаную перспектыву. Гэты эфект дазваляў візуальна пашырыць невялікі па памерах храм у глыбіню і зрабіць цудатворны абраз, на якім сыходзілася перспектыва, яшчэ больш значным.
Італьянская падманка
Тэорыя перспектывы стала адным з галоўных дасягненняў мастацтва Адраджэння. Італьянскія мастакі таго часу літаральна спаборнічалі ў майстэрстве перспектывы, малюючы ўяўныя архітэктурныя дэкарацыі ў сваіх творах. Але сваёй вяршыні выкарыстанне перспектыўных эфектаў дасягнула ў часы барока.
Найвялікшыя дойліды свайго часу выкарыстоўвалі іх у сваіх пабудовах для стварэння розных візуальных ілюзій і падманак.


Адным з першых такую падманку (або трамплёй) у архітэктуры прымяніў малады Доната Брамантэ, які ў 1482—1486 гадах браў удзел у перабудове царквы Санта-Марыя-прэса-Сан-Саціра ў Мілане. Храм мусіў мець форму крыжа ў плане, але глыбіні пляца бракавала. Брамантэ прыдумаў як візуальна прадоўжыць скарочаны цэнтральны неф з дапамогай рэзкага звужэння архітэктурных элементаў. У выніку алтарная ніша, глыбіня якой складае ўсяго 97 см, стала выглядаць быццам цягнецца ўдалячынь на цэлых дзесяць метраў.
У XVII ст. у барочным мастацтве аптычная ілюзія прасторы шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры свецкіх і сакральных інтэр’ераў, і нават ва ўрбаністыцы.


Перспектыўную ілюзію Брамантэ, якую шырока апісвалі ў мастацкіх трактатах таго часу, пераняў іншы выдатны дойлід — Франчэска Бараміні. У 1652—1653 гадах ён узяўся за перабудову палаца кардынала Спада ў Рыме. У невялікім дворыку палаца ён стварыў унікальную галерэю: яе падлога прыўздымаецца, скляпенне паступава апускаецца, усе архітэктурныя элементы паступова звужаюцца, а ў прасвеце бачны яшчэ адзін дворык са статуяй Меркурыя.
Дзякуючы дакладна разлічанаму перспектыўнаму эфекту, галерэя даўжынёй каля 9 метраў выглядае ў чатыры разы даўжэйшай, а статуя Меркурыя, якая насамрэч усяго 60 см вышынёй, здаецца не меншай за рост чалавека.


Да таго ж прыёму звяртаўся і Джавані Ларэнца Берніні, аўтар знакамітай каланады, якая ахоплівае плошчу Святога Пятра ў Рыме. У 1663—1666 гадах ён спраектаваў для папскага Апостальскага палаца незвычайную Царскую лесвіцу. Маршы лесвіцы па меры ўзыходжання звужаюцца, скарачаюцца адлегласці паміж калонамі, а вышыня столі паступова становіцца ніжэйшай. Дзякуючы гэтаму эфекту лесвіца выглядае нашмат большай, чым яна ёсць, а фігура пантыфіка, які спускаецца па ёй, куды больш значнай.

Але рымскія праекты былі рэалізаваныя пазней, чым створаны алтар у Будславе, а таму не маглі быць крыніцай натхнення. Верагодна, такой паслужылі дэкарацыі тагачасных тэатраў, дзе ў абмежаваных габарытах сцэны, дзякуючы ілюзорнай перспектыве, узводзіліся цэлыя палацы і гарады з вуліцамі.
Цудоўным прыкладам з'яўляецца тэатр Алімпіка ў Вічэнцы, спраектаваны ў 1580 годзе архітэктарам Андрэа Паладыа. Тым самым Паладыа, чыя творчасць праз стагоддзі падштурхне беларускага шляхціца Івана Жалтоўскага стварыць «сталінскі ампір».


Праз праёмы ў тэатральнай перагародцы, перанятай са старажытнарымскіх тэатраў, у розныя бакі ад гледачоў разыходзяцца тры вуліцы. Нягледзячы на тое, што ў глыбіню яны маюць усяго некалькі метраў, яны выглядаюць вельмі доўгімі. Адчуванне глыбіні ўзмацняюць і ракурсы архітэктурных дэталяў.
Магчымы аўтар
Праз распаўсюджанасць такога візуальнага падману ў тэатральных дэкарацыях таго часу, даследчыкі выказалі здагадку, што алтар у Будславе быў задумай прафесійнага архітэктара, які раней меў дачыненне да тэатральнай або калятэатральнай сцэнаграфіі. Гэта мусіў быць нехта з кола каралеўскага двара Уладзіслава IV, які кіраваў у той час.

Сярод каралеўскіх архітэктараў, якія працавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, актыўнасцю вызначаўся італьянец Джавані Батыста Джызлені. Ён паспеў таксама папрацаваць пры двары каралёў Жыгімонта III Вазы і Яна II Казіміра. Джызлені праектаваў эпітафіі, надмагільныя помнікі і магнацкія палацы магнатаў у Вільні, па ягоным праекце ўзведзены знакаміты кляштар картэзіянцаў у Бярозе.
На Джызлені як аўтара праекта алтара ў Будславе, на думку даследчыкаў, указвае таксама яго незвычайны праект касцёла з планам у выглядзе паўкола. Фасад храма з закругленымі крыламі мае прасторавае рашэнне, падобнае да будслаўскага.

Але ці варта так ускладняць, шукаць каралеўскіх архітэктараў і сцэнографаў, калі літаральна любы італьянскі дойлід, знаёмы з архітэктурнымі трактатамі свайго часу, мог паўтарыць перспектыўную ілюзію Брамантэ, якой на той момант было ўжо больш за 100 гадоў?
Выглядае, што пошук аўтара алтара ў Будславе яшчэ далёкі ад канчатковага вырашэння пытання. Магчыма, нейкія новыя адказы дасць цяперашняя рэстаўрацыя алтара.
Будучыня шэдэўра

Капліца застаецца зачыненай з 2021 года, калі пажар знішчыў большую частку даху святыні. Тады ў час абследавання выявілі, што частка кроквеннай сістэмы над капліцай, якая не пацярпела ад агню, падгніла. Паколькі бэлькі знаходзяцца на вышыні больш як 6 метраў ад скляпення капліцы, існуе небяспека, што калі яны абваляцца, то могуць праламаць скляпенні. Знаходзіцца ў такім памяшканні небяспечна.
Пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік у сацсетках паведаміў, што зноў стары касцёл адкрыецца не скора: працы па замене даху і ўмацаванні сцен зоймуць 3-4 гады, але могуць расцягнуцца і на 6 гадоў.

Нягледзячы на тое, што стары алтар пасля перабудовы касцёла застаўся на сваім ранейшым месцы, як цяпер выявілася, ён зведаў змены. У час перабудовы памеры старога касцёла трохі змяніліся і алтар, які на час работ быў з яго вынесены, ужо не змясціўся на сваім старым месцы і быў крыху звужаны.
Цяпер спецыялістам неабходна будзе вырашыць як можна вярнуць шэдэўру беларускага дойлідства яго першапачатковы выгляд.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУ Жыровіцкім манастыры разабралі іканастас, з якога раней выкінулі беларускія абразы
У Беларусі прадаюць будынкі сядзібы роду ВКЛ, дзе ў свой час працаваў настаўнікам Янка Купала. Колькі просяць?
Вакол царквы-крэпасці ў Мураванцы спілавалі ўсе старыя дрэвы — сумныя ФОТЫ
Райаддзел культуры абвясціў збор грошай, каб закансерваваць касцёл Святога Духа
Каментары