Сёлета пачнуць забудоўваць участак на рагу праспекта Незалежнасці і Валгаградскай
Тэрыторыю, якую зараз займае электрамеханічны завод «Агат», абяцаюць пачаць забудоўваць шматпавярховікамі ўжо сёлета. Участак плошчай 11 гектараў, размешчаны каля станцыі метро «Маскоўская», горадабудаўнікі адзначылі яшчэ восем гадоў таму. Тады гэтую пляцоўку з капітальнымі будынкамі спрабавалі прадаць праз аўкцыён, просячы за яе больш за 5 мільёнаў даляраў. Але з інвестарамі не склалася, піша Onliner.by

Пра «залатыя» землі (афіцыйны адрас вытворчасці — Незалежнасці, 115, а да ўваходу ў метро менш за 300 метраў) узгадалі ў красавіку 2023 года, прадставіўшы цэлы план развіцця тэрыторыі.
Паводле задумкі праектантаў, уздоўж праспекта Незалежнасці з'явяцца дзесяціпавярховыя дамы па індывідуальных праектах.

У квартале, які абмежаваны вуліцай Кедышкі, грамадскай забудовай на Валгаградскай, жылымі дамамі на праспекце Незалежнасці і вытворчай зонай, плануецца ўзвесці дзевяць шматпавярховікаў на 1180 кватэр.
«Дамы павінны быць не тыпавых серый, а па індывідуальных праектах. Таксама спатрэбяцца дзіцячы сад, грамадскія аб'екты і шматузроўневыя паркінгі. У канцэпцыі прадугледжаныя закрытыя і паўзакрытыя групы шматкватэрных дамоў з дварамі без машын. Такі прынцып дазволіць абараніць двары ад шуму і шкодных выкідаў з магістраляў», — адзначалі распрацоўшчыкі праекта.
Яны таксама дадавалі, што ўздоўж вуліц Валгаградскай і Кедышкі пабудуюць дамы, першыя паверхі якіх будуць аддадзеныя пад крамы, майстэрні і іншыя неабходныя аб’екты.

Акрамя таго, праз квартал пройдзе пешаходная дарожка да метро.
Да рэалізацыі праекта застаецца зусім мала часу (па горадабудаўнічых мерках, вядома).
Як паведаміў у эфіры праграмы «Гаворыць і паказвае Мінск» кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Вадзім Перадня, за тэрыторыю возьмуцца ўжо сёлета.
«Сёлета пачынаем будаўніцтва жылога комплексу на тэрыторыі завода «Агат». Вуліца Валгаградская будзе пераўтворана. Гэта ўсё для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дзяржаўныя забудоўшчыкі рэалізуюць канцэпцыю», — адзначыў кіраўнік раёна, маючы на ўвазе не толькі канкрэтную забудову на месцы завода, але і іншыя гарадскія праекты УКСаў па вуліцы Валгаградскай.
Каментары