Літаратура22

«А гаўнюкі будуць заўсёды». Працяг сагі Сапкоўскага выйшаў у бліскучым беларускім перакладзе

Тое, за што любяць Анджэя Сапкоўскага — гумар і дыялогі. Гумар, трэба адзначыць, даволі брутальны. Усё гэта бліскуча адаптавана па-беларуску. Папярэдняя частка сагі выходзіла ў Мінску ў 2021 годзе. Цяпер, амаль праз тры гады, выйшла чацвёртая кніга, расказвае Зося Лугавая.

Беларускі чытач дачакаў працягу сагі Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта з Рывіі. Папярэдняя частка выходзіла ў Мінску ў 2021 годзе. Цяпер, амаль праз тры гады, чацвёртая кніга выйшла ў Польшы. І няхай вас не здзіўляе «З» на карэньчыку новага тому: гэты не лічба, гэта — літара. Чацвёртая літара ў слове «вядзьмар».

Я з тых, хто чытае сагу Сапкоўскага ўпершыню і цярпліва чакае кожную наступную кнігу па-беларуску, не звяртаючыся да іншых перакладаў. Невядомасць і клопат пра лёс Геральта мучаць усё больш, але я пакуль трымаюся, бо мне надзвычай падабаецца беларускі пераклад. 

Калі вы не чыталі сагі, то раскажу, што вядзьмар Геральт займаецца даволі архаічнай справай нават для свайго сусвету — знішчае пачвар.

Іх у тым свеце застаецца не шмат, але часам яны моцна псуюць людзям жыццё: руйнуюць жытло, губяць ураджай, перашкаджаюць падарожжам, забіваюць дзяцей і дарослых. Геральт умее па-майстэрску знішчаць небяспечных істот дзякуючы вядзьмарскім звышздольнасцям: у яго абвостраны слых, зрок, надзвычайная сіла і хуткасць рухаў. Тым ён і зарабляе сабе на жыццё. Але жыццё ў дадатак да пачвар увесь час падкідвае ведзьмару і больш складаныя задачы. Напрыклад, ублытвае ў дзяржаўныя і чарадзейскія інтрыгі. 

Чацвёртая частка цыкла называецца «Час ганьбы», і пра ганьбу тут кажуць многія героі, бо свет знаходзіцца напярэдадні вайны. Вялікай вайны, у якую будуць уцягнуты ўсе жыхары сусвету — чарадзейкі і чарадзеі, эльфы і дрыяды, людзі і красналюды ды іншыя істоты.

Падзеі разгортваюцца вакол вялікага чарадзейскага сходу на востраве Танэд, падчас якога выходзіць на паверхню змова адных чарадзеяў супраць другіх. Але тое датычыць не толькі чарадзейскага свету: большасць чарадзеяў — дарадцы і шпегі ўладароў дзяржаў. Частка чарадзеяў, як і каралі, якім яны слугуюць, намагаюцца заставацца нейтральнымі, таму папросту кідаюць сваіх сяброў ды сябровак параненымі і бягуць з вострава. Пазней Геральт адзначыць, што «нейтральнасць звычайна роўная подласці», і будзе мець рацыю.

Вядзьмар напачатку таксама намагаецца быць нейтральным, аднак — не выпадае. Бо, па-першае, ён мае заблытаныя рамантычныя адносіны з чарадзейкай Енэфер. Па-другое — апекуецца Цыры, апошняй галінкай на дрэве магутнага каралеўскага роду, якую шукаюць уладары іншых дзяржаў, каб выкарыстаць у сваіх мэтах. Па-трэцяе і самае галоўнае: Геральт мае прынцыпы. 

«Але гісторыя свету пайшла так, як пайшла,і адзінай прычынай гэтага была наяўнасць у ведзьмара прынцыпаў. Прачнуўшыся на світанку па патрэбе, ён не зрабіў таго, што зрабіў бы кожны: не пайшоў на балкон і не памачыўся ў гаршчок з настурцыямі. Прынцыпы ў яго былі».

Што далей? Чарадзеі пасля ночы балявання пачынаюць выкрываць і знішчаць адно аднаго, а Геральт, намагаючыся ўратаваць Цыры і знайсці Енэфер, вымушаны біцца з наймагутнейшым чарадзеем Вільгефорцам. У выніку вядзьмар моцна паранены і хаваецца ў Бракілоне, межы якога дрыяды вельмі пільна сцерагуць, забіваючы прыхадняў без папярэджання. Тым часам абрысы дзяржаў імкліва змяняюцца і ўсё больш краін трапляюць пад уплыў паўднёвага Нільфгаарда. 

Шмат што ў свеце Геральта нагадала мне наш цяперашні: агрэсія з боку аўтарытарнага Нільфгаарда правакуе больш траваедныя дзяржавы парушаць папярэднія дамоўленасці і парадкі. У час ганьбы становіцца «не да законаў».

Вось, напрыклад, як абмяркоўваюць жаўнеры загад заняць частку тэрыторыі суседняга каралеўства: «Прывычнай вайной гэта, хлопцы, не будзе. Вяльможныя нейкую дурату навамодную выдумалі. Вызваленне нейкае ці нешта такое. Не ворага ідзём біць, а на гэтыя… ну, землі нашыя спрадвечныя, з гэтай, як яе, братняй помаччу»

Апошняя чвэрць кнігі прысвечана 14-гадовай Цыры, гісторыя якой пачынаецца ў папярэдніх кнігах цыклу.

Пэўны час Цыры была ў навучанні ў Геральта і паспела даведацца сёе-тое з вядзьмарскага майстэрства. Але паступова ў дзяўчынкі сталі праяўляцца і чарадзейскія здольнасці, таму клопат пра яе вядзьмар даручыў чарадзейцы Енэфер. 

Цяпер, трапіўшы ў самы эпіцэнтр чарадзейскага супрацьстаяння, Цыры ратуецца ў пячоры, якая ёсць старым тэлепортам. Праз яго дзяўчына трапляе ў пустыню, дзе ледзь не памірае, а потым далучаецца да банды маладзёнаў, што называюць сябе Пацукамі.

Гэта сапраўдныя дзеці вайны: адзін быў кінуты паранены, другая была далікатнай паненкай, якую згвалтавалі, трэці бачыў, як забілі яго сям’ю. Усе яны самотныя, злыя і поўныя пагарды. Вядзьмарская навука біцца нарэшце прыдасца Цыры, але акрамя таго, каб бараніць сябе ад ворагаў, ёй давядзецца бараніць сваю цнатлівасць ад новых прыяцеляў.

 

Тое, за што любяць Сапкоўскага (і я ўжо таксама паспела палюбіць) — гумар і дыялогі. Гумар, трэба адзначыць, даволі брутальны, аздоблены сакавітай лаянкай. Усё гэта бліскуча адаптавана па-беларуску: Кацярына Маціеўская ўвогуле выдатная перакладчыца, а за пераклад першай часткі «Ведзьмара» яна да таго ж атрымала прэмію Шэрмана ў 2020-м годзе. 

 — Ты вядзьмар састарэлы, а ясучасны, іду ў нагу з прагрэсам. Таму ты хутка застанешся без працы, а я буду квітнець. Стрыгі, віверны, эндрыягі і ваўкалакі неўзабаве знікнуць са свету. А гаўнюкі будуць заўсёды.

 — Але ж ты ў асноўным ратуеш ад клопату менавіта гаўнюкоў, Кодрынгер. Беднякі з праблемамі не могуць сабе дазволіць тваіх паслуг.

 — Тваіх таксама не могуць. Беднякі не могуць сабе дазволіць нічога, таму яны і беднякі.

Самы яркі фрагмент чацвёртай кнігі — чарадзейскі баль напярэдадні руйнавання свету. Гэты раздзел — проста россып з’едлівых і фрывольных дыялогаў, якія хочацца перачытваць па некалькі разоў. 

 — Баіцца, што мы яго ў яе сапром,захіхікала рудая,хай сабе і толькі на адну ноч. Што скажаш, Сабрына? Паспрабуем? Мужык прывабны, не тое што нашыя дрышчы самазадаволеныя з іх комплексамі і прэтэнзіямі. 

 — Цішэй ты,прашыпела Сабрына.…Енэфер сочыць за намі. Трымай стыль. Хочаш яго спакусіць? Гэта безгустоўна. 

 — Гм, твая праўда,згадзілася Марці, трохі падумаўшы.А калі б ён сам раптам падышоў і прапанаваў?

 — Калі б прапанаваў, я б дала не задумваючыся, хоць на гальцы.

 — А я, захіхікала Марці,нават на вожыку. 

* * *

Анджэй Сапкоўскі. Вядзьмар. Час ганьбы. — Янушкевіч, 2024. Пераклад з польскай мовы Кацярыны Маціеўскай

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Агееў
    13.05.2024
    Праспойлерылі ўсю кнігу
  • Пеця
    14.05.2024
    Тут шмат такіх

Цяпер чытаюць

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц14

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Вільні на сцяне будынка ЕГУ зноў з'явіўся правакацыйны надпіс ФОТА17

Звольнілі кіраўніцу РНПЦ «Кардыялогія», якую ў 2020-м прызначылі замест прафесара Мрочака4

Шарэнда-Панасюк: Я разумела, што можа быць сітуацыя, калі нават дзецьмі давядзецца ахвяраваць3

Польскі Сейм ухваліў больш строгія міграцыйныя правілы на мяжы. Ці трэба хвалявацца беларусам?

Егеры паказалі, якія хаткі будуюць зімой для качак ФОТЫ

Гэтую новую беларускую кнігу не назавеш нармальнай7

Польшча ўпершыню рэзка адрэагавала на інфармацыю з ЗША. Гаворка пра «Старлінкі» для Украіны9

Зяленскі пакуль не гатовы падпісаць пагадненне з ЗША аб карысных выкапнях3

Чысткі ў арміі ЗША: Трамп звольніў кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц14

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць