Эканоміка1313

Мультымільянер Анатоль Тарнаўскі расказаў, як разбагацеў

Адзін з самых непублічных бізнесменаў Беларусі Анатоль Тарнаўскі даў інтэрв'ю беларускаму часопісу TimeCity Magazine.

Бізнесмен распавёў журналістам выдання пра першыя крокі ў бізнесе, нафтавае мінулае і будаўнічую будучыню, пра кадравыя праблемы, а таксама пра свой любімы аўтамабіль і чаму ў яго спыняюцца швейцарскія гадзіннікі.

— Анатоль Андрэевіч, рыхтуючыся да інтэрв'ю з вамі, мы нечакана для сябе выявілі, што ў інтэрнэце інфармацыі пра вас зусім няшмат. І гэта пры тым, што пра бізнес-персон менш значных паведамленняў больш у разы. Скажыце, калі ласка, не расказваць пра сябе — ваша пазіцыя ці збег абставінаў?

— У свой час мне даводзілася даваць шмат інтэрв'ю. Асабліва ў тыя далёкія гады, калі мы працавалі над засваеннем Заходняй Сібіры. Зносіны з прэсай тады былі неабходнасцю: трэба было пераканаць людзей, што на прасторах тундры вырастуць гарады, паселяцца людзі, народзяцца дзеці… Мала хто верыў у гэта, даводзілася зноў і зноў даказваць слушнасць сваіх задум, расказваць аб праектах, пераконваць.

Потым надышлі «ліхія» 90-я, калі чым менш інфармацыі «прасочвалася» ў СМІ, тым спакайней гэта было для цябе, для бізнесу, для тваёй сям'і. Тады само жыццё прымушала зводзіць любыя кантакты з журналістамі да мінімуму.

А сёння ні я, ні мая справа ў пратэкцыі і піяры не маюць патрэбы. Усе ведаюць назву кампаніі «Юнівест», ведаюць, хто за ёй стаіць і чым займаецца. Паверце, ніхто ніколі не засумняваўся ў тым, што нам можна давяраць. Рэпутацыя кажа сама за сябе.

— Вашы бізнес-інтарэсы распасціраюцца шырока: нафтатрэйдарства, нерухомасць, банкаўскі бізнес, сельская гаспадарка, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, рэстаранны бізнес… Да якога са шматлікіх дзелавых напрамкаў вы адчуваеце найбольшую прыхільнасць?

— Да любога напрамку, у якім бачыш канчатковы вынік. Да паспяховага, зразумела… Так склалася, што ніхто ніколі не прыносіў мне нічога «на сподачку». Ніхто не казаў: «Вось табе бізнес, займайся, а мы будзем табе дапамагаць». Да ўсяго даводзілася ісці самому.

Напэўна, таму мне да гэтага часу так важны вынік любой справы — чым бы я ні займаўся.

У Сібіры гэта быў нафтавы бізнес. Потым прыйшло разуменне, што любому паспяховаму бізнесу патрэбная дыверсіфікацыя — заняліся сельскай гаспадаркай у Расіі, пачалі развіваць будаўнічы бізнес у Беларусі. Заняліся будаўніцтвам — узвялі памяшканні для рэстаранаў, падумалі: «Навошта аддаваць іншым?», узялі добрага спецыяліста і пачалі раскручваць рэстаранную сетку… Кожны наступны бізнес выцякаў з папярэдняга, кожны мае сваю спецыфіку, залежыць ад патрэбаў рынку і эканамічнай сітуацыі ў краіне. У гэтым плане будаўнічы бізнес — самы надзейны. Трейдарскі бізнес мімалётны, залежыць выключна ад рынку, і ты тут, па вялікім рахунку, мала на што ўплываеш. У сельскай гаспадарцы вялікую ролю адыгрываюць тэхналогіі і ўмовы надвор'я, ды і ад дзяржавы (калі казаць пра Расію) не заўсёды проста атрымаць дапамогу ў пытаннях развіцця земляробства. У будаўніцтве ж вынік практычна на 100% залежыць ад цябе. І калі бачыш, як за пяць-шэсць гадоў на голым месцы вырастае новы мікрараён — сэрца да гэтага часу радуецца!

— Анатоль Андрэевіч, не будзем хаваць: адной з падставаў, што падштурхнула наша выданне на размову з вамі, стала рэканструкцыя і рэстаўрацыя сядзібы беларускага мастака XIX стагоддзя Валенція Ваньковіча, размешчанай у Мінску на вуліцы Філімонава, 24. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.

— Рэстаўрацыя помнікаў культуры, шчыра кажучы, — справа няпростая. І сёння вялікая праблема ў тым, што людзі, якія маглі б тут рэальна дапамагчы, бягуць ад гэтага як чорт ад ладану. Яны разумеюць, што ў рэстаўрацыю трэба не толькі ўкласці немалыя сродкі, але і тону паперы спісаць, узгадняючы кожны свой крок з рознымі дзяржаўнымі структурамі — ад Белрэстаўрацыі да Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, іншымі інстанцыямі. Потым трэба працягваць укладваць сродкі, перш чым, скажам, музей зможа сам зарабляць на сваё ўтрыманне і (у ідэале) прыносіць якія-небудзь грошы. Увогуле, прасцей «адхрысціцца» ад гэтай ідэі. Але гэта няправільна, бо самой дзяржаве без удзелу бізнесу справіцца са струхлелай культурнай спадчынай будзе складана. Выкупляючы для рэстаўрацыі сядзібу Ваньковічаў у Мінску, мы якраз стараліся паказаць прыклад таго, як, клапоцячыся пра аб'ект культурна-гістарычнай спадчыны, можна ўцягнуць яго ў кола сваіх бізнэс-інтарэсаў. Так, нам давялося ўкласці сродкі, нямала сіл і карпатлівай працы запатрабавала рэканструкцыя напаўразбуранага помніка палацава-сядзібнай архітэктуры. Так, у працэсе рэканструкцыі мы не раз падумалі пра тое, што лягчэй было ўзвесці два-тры такія аб'екта з нуля, чым давесці да розуму наяўны.

Але мы атрымалі вынік: помнік адноўлены, будзе працаваць, з'яўляючыся камерцыйна выгадным аб'ектам, і акупляць выдаткі на сваё ўтрыманне.

Спадзяюся, за намі пойдуць і іншыя.

— Вы — заснавальнік і ўладальнік групы паспяховых кампаній. Мы добра разумеем, што ні грошы, ні поспех з неба не падаюць. За ўсім стаіць напружаная праца. А з чаго пачынаўся ваш самы першы бізнес?

— Калі бізнес — гэта тое, што прыносіць прыбытак, то сваю першую справу я пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Я нарадзіўся ў Керчы, у рабочай сям'і. Тата — кіроўца, мама — хатняя гаспадыня. Для мяне заўсёды сям'я, бацькі былі прыкладам, узорам для пераймання. Разам з бацькам (а ён у дзевяць гадоў навучыў мяне кіраваць машынай) мы ездзілі ў калгас на ўборку збожжавых. Працаваў грузчыкам, зарабляў працадні, за працадні атрымліваў пшаніцу, потым везлі яе на млын — частку мукі пакідалі сабе, частку прадавалі. Вось гэта і быў мой першы бізнес. Менавіта тады я навучыўся не толькі зарабляць грошы, але і рупліва ставіцца да заробленага.

Мой першы сур'ёзны бізнес пачаўся ў Заходняй Сібіры. Калі разваліўся СССР, пачалі арганізоўвацца таварна-сыравінныя біржы. На заробленыя на Поўначы грошы я тады купіў акцыі Цюменскай біржы, пачаў купляць і тут жа прадаваць сыравіну, матэрыялы, якія карысталіся попытам. Потым мы ўвайшлі ў нафтавы бізнес — так і пайшло…

У 1998 годзе я прыйшоў у «Слаўнафта», працаваў віцэ-прэзідэнтам, потым першым віцэ-прэзідэнтам. Курыраваў бізнес кампаніі ў Беларусі. Мазырскі завод і яго рэканструкцыя, перапрацоўка нафты, арганізацыя АЗС — усё гэта было маімі абавязкамі. Потым «Слаўнафту» выставілі на таргі, і яе купілі нафтавыя кампаніі «СібНафта» і «ТНК». Тады я сышоў з кампаніі, пачаў займацца прыватным бізнесам, была створаная кампанія «Юнівест». Прыкладна ў гэты ж час мы выйшлі на беларускі рынак. Пастаўлялі нафту, перапрацоўвалі, частку прадавалі заводам.

Мы добра разумелі гэты рынак дзякуючы нашым пастаўкам перапрацоўка нафты ў Беларусі значна павялічылася.

Але, як я ўжо казаў, каб атрымаць найбольшую эфектыўнасць, бізнес павінен быць рознабаковым. Так з'явіліся будаўнічы і рэстаранны напрамкі. І ўсе гэтыя бізнесы «выцеклі» з першага — нафтавага.

— Анатоль Андрэевіч, вы спонсар многіх відаў спорту ў Беларусі. Да якога з іх вы адчуваеце асаблівую цікавасць?

— Са спортам я знаёмы з дзяцінства. У школьныя гады я, як, напэўна, большасць маіх аднагодкаў, займаўся лёгкай атлетыкай, боксам. У студэнцтве, калі паступіў вучыцца ў Данецк, хадзіў у плавальную секцыю. Потым — лыжы. На Поўначы гэта было нават не захапленне, а жыццёвая неабходнасць… А вось з відовішчных відаў спорту я люблю хакей. І магу сказаць, што ў беларускім хакеі мне падабаецца не толькі працэс гульні і прафесіяналізм каманд, але і само стаўленне да гэтага віду спорту. Асабліва люблю штогадовы Калядны турнір. Прыгожыя жыццярадасныя людзі (усё роўна, заўзятары або не), з усмешкамі, дзецьмі, добрым настроем — вось сапраўднае свята хакея. І хай сёння ў Беларусі існуе шмат спрэчак з нагоды будаўніцтва палацаў спорту, плавальных басейнаў і іншых такіх аб'ектаў, я не стамляюся паўтараць на ўсіх узроўнях, што спорт — гэта сучаснасць і будучыня Беларусі. Не так даўно мы па просьбе адміністрацыі Гомельскай вобласці будавалі гасцініцу ў Жлобіне. Там запускалі каток, плавальны басейн, і патрэбная была гасцініца, дзе б можна было размясціць прыезджых спартсменаў, адкрыць кавярню для наведнікаў спартыўнага комплексу. Ведаеце, мяне ўразіла колькасць моладзі, якая прыйшла займацца спортам у гэтым спартыўным комплексе. Тут яны знаходзяць сабе занятак па душы, зносіны.

Спорт адрывае іх ад вуліцы, наркотыкаў, п'янства. Прычым тую ж карціну я назіраў у многіх іншых абласных і раённых гарадах Беларусі. І нават калі палова з гэтых хлопцаў выбера здаровы лад жыцця, краіна атрымае здаровае пакаленне.

І гэты вынік даражэйшы за любыя грошы.

— Ваш прадпрымальніцкі вопыт велізарны. Калі б да вас звярнуліся па параду аб тым, што варта пачаць, каб зрабіць развіццё эканомікі Беларусі больш паспяховым і эфектыўным, то што б вы параілі зрабіць у першую чаргу?

— Галоўнае багацце Беларусі — гэта людзі. Тут ёсць спецыялісты высокага ўзроўню, якія ўмеюць працаваць. Ёсць добрыя працоўныя рукі, ёсць выдатны інжынерны склад. Цяпер усё гэта «выцякае» за межы краіны (у тую ж Расію) у пошуках больш высокіх зарплат. Дзеля дзвюх тысяч даляраў штомесячнага заробку беларусы пазбаўляюцца зносін з сям'ёй, церпяць бытавыя нязручнасці. Знайсці сапраўды добрага спецыяліста сёння ўсё больш складана. І тут узнікае парадаксальная сітуацыя: ёсць заказ, ёсць грошы, а выканаць гэты заказ мы не можам, таму што няма каму… Патрэбная інтэграцыя. Прычым не па прынцыпе «я табе дэталь паставіў — ты мне». Трэба арганізаваць вытворчасць, браць максімальную колькасць замежных заказаў. А калі няма такой вытворчасці ў краіне — значыць, збіраць пад выкананне спецыялістаў і аказваць паслугу за мяжой.

І тады яна будзе каштаваць не дзве тысячы для спецыяліста, а прынясе рэспубліцы ўсе дзесяць тысяч даляраў. Гэта рэальнае рашэнне, якое ляжыць на паверхні і патрабуе мінімуму выдаткаў і часу.

Пакуль гэта зрабіць не так складана, але калі яшчэ некалькі гадоў не весці актыўнай працы ў гэтым кірунку — магчымасць можа быць упушчаная.

— Якія з вашых цяперашніх бізнес-праектаў у Беларусі патрабуюць найбольшай увагі?

— Мы разумеем, што нафтавы бізнес, з якога мы пачыналі, зноў становіцца ў Расіі дзяржаўным. Сёння дасягнуты вялікі прагрэс у міжурадавых пагадненнях па пастаўках нафты ў Беларусі і яе перапрацоўцы, і дзяржава зноў возьме ўсе гэтыя пытанні пад свой кантроль. І гэта правільна. Таму ў Беларусі мы засяродзіліся на сваіх будаўнічых праектах. Цяпер мы будуем гіпермаркет у Брэсце. У Мінску на фінальнай стадыі ўзгаднення знаходзіцца дзяржаўна-прыватны праект па будаўніцтве новага жылога раёна, які будзе насіць назву «Нотынгем». Гэтая назва невыпадковая: раён будзе будавацца па прынцыпе аднайменнага горада ў Англіі — радзімы Робін Гуда. Гэта будаўніцтва 1,5 млн квадратных метраў жылля класа «эканом +» адразу за мінскай кальцавой. Навошта нам дзяржаўнае партнёрства? Прыватнаму бізнесу самому асвоіць такі аб'ём у кароткія тэрміны досыць складана, а ў партнёрстве з горадам мы паскорым тэрміны забудовы ў інтарэсах гараджан. Цяпер сумеснымі сіламі рыхтуем рашэнне, якое павінная зацвердзіць Адміністрацыя Прэзідэнта (рашэнне зацверджанае ў студзені 2014 г.). Атрымаем станоўчы адказ — і будаўніцтва пачнецца. Думаю, новы раён комплекснай забудовы будзе запатрабаваны.

— І мінчукі, і прыезджыя даўно ацанілі рэстаран Bella Rossa і сетку піцэрый «Ліманчэла». Ці плануеце яшчэ чым-небудзь здзівіць і парадаваць мінчукоў?

— Так, плануем. У гэтым годзе (інтэрв'ю было ўзятае ў сярэдзіне 2013 года) мае адбыцца адкрыццё рэстараннага комплексу «Сядзіба». Там будуць прадстаўленыя высокая беларуская, нямецка-еўрапейская, паназіяцкая кухні. А ў падвальчыку можна будзе і піва вялікай кампаніяй выпіць. Увогуле, цэлы комплекс рэстаранаў, разлічаных на розны ўзровень дастатку. У рамках развіцця сеткі «Ліманчэла» плануецца і адкрыццё дзвюх новых піцэрый на вуліцы Кальварыйскай. На чале ўсіх гэтых пачынанняў стаіць таленавіты энтузіяст з Беларусі. І поспех нашых «рэстаранных» пачынанняў — шмат у чым яго ініцыятыва. І калі няма людзей, якія разумеюць і жывуць усім гэтым, то за рэстаранны бізнес і брацца не варта — ён не пойдзе!

— Ці ёсць у Вас хобі, не звязаныя з працай?

— Для мяне любімае і галоўнае хобі — гэта свабодныя зносіны з сябрамі. У нас ёсць «святы» дзень — нядзеля. У восем раніцы мы сустракаемся ў лазні і аддаем максімум часу зносінам і лазневым рытуалам па ўсіх правілах. Ну і рыбалку люблю. Не летнюю — зімовую, падлёдную. Паляванне не люблю: «птушачку шкада» (усміхаецца).

— Вы не карэнны мінчук, але ўжо многія гады звязаны жыццём і працай з нашым горадам. Ці з'явіліся ў вас тут любімыя месцы — парк, вуліца, кавярня, тэатр?

— Я люблю не толькі Мінск, а ўсю Беларусь. Вось да чаго ў чалавеку практыцызм развіты! Едзеш па добрай дарозе — сэрца радуецца. Думаеш: «Калі ж і ў Расіі такія з'явяцца?» Глядзіш на палі — ацэньваеш працу селяніна, дзесьці радуешся, дзесьці перажываеш за яго… У Мінску падабаецца тое, што можна свабодна, без боязі гуляць нават позна ўвечары. Паркаў шмат у горадзе, чысціня…

— Як вы ставіцеся да раскошы? Якімі крытэрамі кіруецеся пры выбары гадзіннікаў, адзення, аўтамабіля?

— Да раскошы сябе прывучаў доўга. Бо якая раскоша на той жа Поўначы? Добрыя сабачыя унты, сабачая (андатравая так не грэла) шапка і дублёны нагольны кажух — вось і ўся раскоша. Зручнасць і цяпло — галоўныя крытэры былі ва ўсім. Потым, у 90-я, сталі бізнесоўцамі. Вучыліся разбірацца ў дарагіх рэчах, бо нават у банку нас ацэньвалі па туфлях і гадзінніках! Трэба было прытрымлівацца таемных правілаў, каб паднесці сябе, каб цябе прынялі. Па-іншаму было нельга. Адзінае, да чаго не прывык да гэтага часу, — дык гэта да паходаў па крамах. Для мяне гэта сапраўднае пакаранне. Ідэальны для мяне варыянт — тэлефанаваць у вядомую мне краму і дамаўляцца, каб да вызначанага часу падрыхтавалі ўсё, што ёсць майго памеру. Гэта можа быць Canali, Brioni — тое, што падыходзіць. Любімая марка аўтамабіля — Mеrcеdеs, С-клас. Лічу, што гэта самая надзейная машына і па якасці, і па зручнасці. Ёсць і Bеntlеy, але гэта для ўнукаў. Для «форсу», не для работы. У маім разуменні нават раскоша павінная быць функцыянальнай. Я на гэтым настойваю. Заўсёды.

Што да гадзіннікаў, пачынаў я з Patеk Philiрре. Потым былі іншыя маркі, але з усімі адна гісторыя: спыняюцца. Швейцарскія майстры разводзяць рукамі і кажуць, што ў мяне занадта моцная энергетыка. Даводзіцца верыць…

* * *

У «Юнівесце-М» Тарнаўскага працуе Ганна Лукашэнка

Каментары13

Цяпер чытаюць

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц14

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Вільні на сцяне будынка ЕГУ зноў з'явіўся правакацыйны надпіс ФОТА17

Звольнілі кіраўніцу РНПЦ «Кардыялогія», якую ў 2020-м прызначылі замест прафесара Мрочака4

Шарэнда-Панасюк: Я разумела, што можа быць сітуацыя, калі нават дзецьмі давядзецца ахвяраваць3

Польскі Сейм ухваліў больш строгія міграцыйныя правілы на мяжы. Ці трэба хвалявацца беларусам?

Егеры паказалі, якія хаткі будуюць зімой для качак ФОТЫ

Гэтую новую беларускую кнігу не назавеш нармальнай7

Польшча ўпершыню рэзка адрэагавала на інфармацыю з ЗША. Гаворка пра «Старлінкі» для Украіны9

Зяленскі пакуль не гатовы падпісаць пагадненне з ЗША аб карысных выкапнях3

Чысткі ў арміі ЗША: Трамп звольніў кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц14

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць